Сінькевіч, Г. Праваднікі па жыцці / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 27 жніўня. — С. 7.
З пачаткам новага навучальнага года ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны стартуе праект “Місія дабра”, які прадугледжвае стварэнне сучаснай інфармацыйнай платформы суправаджэння валанцёрскіх аб’яднанняў вучняў.
Плануецца таксама больш шырока выкарыстоўваць патэнцыял дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, пашырыць дыяпазон дзейнасці ваеннапатрыятычных клубаў. Стратэгічныя арыенціры развіцця сістэмы адукацыі Магілёўшчыны абмеркавалі на абласной жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў.
Падчас пасяджэння неаднаразова адзначалася: галоўная задача галіны — прадастаўленне якаснай адукацыі. У навучальных установах рэгіёна гэты пасыл выконваецца. Установы ўсіх профіляў функцыянуюць стабільна і эфектыўна. Напрыклад, ахоп дзяцей 3—6 гадоў дашкольнай адукацыяй складае 85%. Установы прафесійнай адукацыі ў поўным аб’ёме выконваюць запыты мясцовай эканомікі. У спецыяльнай адукацыі назіраюцца паступальныя крокі да інклюзіі, а дадатковай адукацыяй ахоплена фактычна палова ад агульнай колькасці школьнікаў.
Наладжана работа па самарэалізацыі дзяцей. Упор робіцца на раскрыццё здольнасцей вучняў. Такі падыход прыносіць адпаведны плён. На рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах у рэйтынгу сярод абласцей каманда Магілёўшчыны заняла 3-ю пазіцыю: навучэнцы ўзялі 95 прызавых дыпломаў. За апошнія два гады прадстаўнікамі вобласці заваявана дзевяць медалёў рознай вартасці на міжнародных алімпіядах па хіміі, матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. Літаральна надоечы, у ліпені, выпускніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аліна Палонская выйграла залатыя медалі на дзвюх міжнародных алімпіядах па фізіцы.
— Даеягнуты шэраг пазітыўных паказчыкаў у якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Зараз 69% школьнікаў дэманструюць высокі і дастатковы ўзровень ведаў. Сярэдні бал атэстата 8,5 і больш маюць 33% выпускнікоў школ. Атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём выдадзены 493 выпускнікам 11 класа, пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай — 564 выпускнікам 9 класа. На цэнтралізаваных экзамене і тэсціраванні нашы вучні атрымалі 175 стабальных сертыфікатаў. Абсалютнай рэкардсменкай уступнай кампаніі стала прадстаўніца сярэдняй школы № 27 Бабруйска Дар’я Галамака — у сукупнасці за іспыты і атэстат навучэнка набрала 400 балаў. Яшчэ трое прадэманстравалі максімум па ўсіх вучэбных прадметах ЦЭ і ЦТ, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.
Андрэй Барысавіч зрабіў акцэнт на выхаванні падрастаючага пакалення. У ліку прыярытэтаў работы паранейшаму фарміраванне ў навучэнцаў правільных духоўна-маральных ідэалаў, грамадзянскасці і патрыятызму.
— За мінулы год шмат чаго дасягнута, забяспечана рэалізацыя ўсіх дзяржаўных праграм. Аднак шлях да поспеху любой справы — пастаяннае ўдасканаленне. Сфера адукацыі вобласці ідзе ў гэтым кірунку. Упэўнены, сумеснымі намаганнямі мы зможам ажыццявіць усе маштабныя планы па перспектыўным руху наперад, — канстатаваў Андрэй Заблоцкі.
Як адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, ад якасці адукацыі залежыць якасць жыцця чалавека, дабрабыт дзяржавы. У сістэму адукацыі рэгіёна накіроўваюцца істотныя сродкі, каб рэалізаваць правы кожнага дзіцяці, кожнай сям’і. Сёлета на капітальны і бягучы рамонты навучальных устаноў выдзелена 87,5 млн рублёў. Акрамя гэтага, у Магілёве і Асіповічах вядзецца будаўніцтва дзвюх сучасных школ.
Падчас пасяджэння прэзентаваўся канкрэтны вопыт па пэўных напрамках. Так, начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алена Паштовая падзялілася напрацоўкамі па функцыянаванні навучальных устаноў у інтарэсах устойлівага развіцця. Дырэктар гімназіі № 3 Бабруйска імя мітрапаліта Філарэта Варвара Архіпенка прадставіла алгарытмы стварэння эфектыўнай адукацыйнай прасторы, а дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Сяргей Казлоў — мадэль супрацоўніцтва з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.
Дарэчы, кадравым пытанням была ўдзелена асаблівая ўвага. Неаднойчы гаварылася аб патрэбе актыўнай далучанасці органаў улады да фарміравання заказу на падрыхтоўку, а таксама працаўладкавання і замацавання маладых спецыялістаў.
Днямі ў навучальныя ўстановы вобласці прыбылі 439 маладых педагогаў. Усюды павінны быць прыняты вычарпальныя меры для таго, каб яны засталіся на сваі’х першых працоўных месцах.
Неабходны і дакладны аналіз кадравых запатрабаванняў для раёнаў, больш цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі і прадпрыемстваў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.