«Разумная» школа ў падарунак

Зігуля, Н. «Разумная» школа ў падарунак / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 27 жніўня. — С. 4—5.

Жыхары мікрараёна вуліц Грышына, Стасава, Бярозаўская ў Магілёве, чые дзеці сёлета пойдуць у школу, сустракаюць навучальны год з узнёслым настроем. У іх двайное свята. Па-першае, Дзень ведаў, па-другое — адкрыццё новай навучальнай установы. Па начынні і высокатэхналагічнасці школа № 24 перасягнула ўсе іх чаканні. Гэта суперсучасны комплекс, дзе ўсё камп’ютарызавана, аўтаматызавана, адным словам, зроблена па апошнім слове тэхнікі. Гэта адзначаюць усе, хто прыносіць сюды заяву на навучанне.

Будаўнічыя работы планавалася завяршыць да 1 верасня 2025 года, але будаўнікі справіліся раней. Праз тыдзень тут ужо будзе шматлюдна і шумна ад дзіцячых галасоў. Сёння ідуць апошнія прыгатаванні да прыёму школьнікаў, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя.

Дырэктарам школы № 24, якой прысвоена імя К. Сіманава, стала Людміла ЗДОРЫКАВА, у мінулым дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

— Гэта вельмі адказная пасада, — прызнаецца яна. — Установа разлічана на 1020 дзяцей, кожны з іх — асоба, да кожнага патрэбен асаблівы падыход, каб было камфортна вучыцца. Мікрараён хутка расце, тут багата шматдзетных сем’яў. Школу даўно чакалі, яе адкрыццё — вельмі хвалюючы момант.

Праект школы распрацаваны інстытутам «Магілёўграмадзянпраект», кошт аб’екта — больш за 46 мільёнаў рублёў. У будаўніцтве выкарыстоўваліся высокаякасныя матэрыялы самых апошніх тэхнічных характарыстык.

Чатырохпавярховы будынак складаецца з трох функцыянальных блокаў — малодшая і старшая школы, адміністрацыйная частка. На першым паверсе — прасторны вестыбюль, сталовая на 340 пасадачных месцаў, чытальная зала, кнігасховішча, дапаможныя памяшканні. На другім — актавая, спартыўная і трэнажорная залы. На трэцім і чацвёртым — рэсурсныя цэнтры, лабараторыі. У падземнай частцы — гардэроб, цір, гаспадарчыя памяшканні.

Пакуль у дзеянне ўводзіцца асноўны будынак, другая чарга — двухпавярховы будынак з басейнамі, які будзе злучаны галерэяй са школай. Работы на ім яшчэ працягваюцца. Гэта будзе выключная спартыўная база. На першым паверсе — два басейны: адзін — памерам 25 на 13,5 метра з глыбінёй 1,2—1,45 метра, другі — з чашай 10 на 3,6 метра глыбінёй 0,65—0,9 метра для навучання плаванню дзяцей да 10 гадоў. На другім паверсе размешчаны трэнажорная і гімнастычная залы, дапаможныя памяшканні.

— Гэта будзе «разумная» школа, або школа будучыні, як яе называюць тыя, хто хоць аднойчы тут пабываў, — адзначыла Людміла Здорыкава. — З такой тэхнічнай базай яна стане адной з найлепшых у горадзе. Тут два камп’ютарныя кабінеты, чатыры лінгафонныя, існуе перасовачны камп’ютарны мабільны клас. Усе кабінеты абсталяваны камп’ютарнай тэхнікай, створана лакальная сетка, ёсць выхад у інтэрнэт. Бібліятэка абсталявана ўсёй неабходнай лічбавай тэхнікай. Тое, што гэта высокатэхналагічная школа, сведчыць нават адзін факт: тут устаноўлены 62 мультыборды! Шмат што створана для развіцця дзяцей. Ёсць нават зала для заняткаў харэаграфіяй.

У школе найлепшыя ўмовы для заняткаў спортам: вялікая зала мае ўнікальнае пакрыццё міжнароднага класа з высокай ступенню амартызацыі, што да мінімуму зводзіць верагоднасць траўм. Для фізкультуры на вуліцы прадугледжана буйное спартыўнае поле са штучным пакрыццём, ёсць валейбольныя, баскетбольныя, тэнісныя пляцоўкі, сучасная дзіцячая гульнявая лакацыя, вулічныя сталы для настольнага тэніса, пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху і вельмі шмат зон для адпачынку і гульняў.

— Для дзяцей першых класаў мы набылі спецыяльную мэблю, якая створана з улікам іх фізіялагічных асаблівасцяў, — расказвае дырэктар. — Камфортныя ўмовы для заняткаў — важны складнік адукацыйнага працэсу. Вялікую ўвагу ўдзялілі афармленню школы. Кожны паверх — з асаблівай тэматыкай. Адзін прысвечаны любімаму гораду пад назвай «Мой горад на скрыжаванні стагоддзяў», другі — беларускай гісторыі і традыцыям, асобна выдзелілі тэматыку «Беларусь — краі на герояў» — паверх аформлены з ухілам — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. На 10-й паралелі ў школе будзе функцыянаваць патрыятычны клас. У афармленні памяшканняў нам дапамаглі педагогі дадатковай адукацыі, размалёўвалі сцены. Кожная работа аўтарская, болей нідзе не паўтараецца.

Пытанню бяспекі ў новай школе ўдзяляецца асаблівая ўвага. У кожнага дзіцяці будзе шматфункцыянальная карта навучэнца, якая прызначана служыць як прапускным дакументам, так і ў якасці плацежнага сродку, праязнога, чытальнага білета. І, як адзначыла дырэктар, функцыі карты будуць паступова пашырацца.

Мікрараён, у які ўваходзіць большасць дамоў па вуліцах Бярозаўская, Стасава, Грышына і Калужская, густанаселены і дастаткова малады.

— Мы ў захапленні ад новай школы, — кажа шматдзетная маці Наталля Севасцьянава. У новую школу пойдуць усе трое яе дзяцей — у другі, трэці і дзявяты класы. — Мы жывём у доме па вуліцы Бярозаўскай, раней наведвалі школу № 25. Але яна перапоўненая, сярэдняя дачка хадзіла ў першы клас пры дзіцячым садку. Калі мы яе прывялі туды на заняткі, вельмі здзіўлялася, маўляў, чаму яна зноў павінна хадзіць у садок. Хаця і форма ў дзяцей была школьная, але асацыяцый са школай не існавала. Мы неаднаразова звярталіся да мясцовых улад з просьбай пабудаваць нам яшчэ адну школу. І нас пачулі.

Наталля расказвае, што, як толькі пачаўся прыём дакументаў у новую школу, яна была сярод першых. Прыйшла да адкрыцця — у 8.00, а падала толькі бліжэй да абеду: вельмі шмат аказалася ахвотных. Наталля Севасцьянава паклапацілася нават арганізаваць каманду для правядзення ў новай установе суботніка.

— Спачатку нам казалі, што не трэба, бо яшчэ працуюць будаўнікі, але мы настаялі, — усміхаецца суразмоўніца. — Напісала ва ўсіх нашых чатах, што ёсць магчымасць папрацаваць на карысць школы, і адразу ж пайшлі водгукі. У гэту суботу прыйшло чалавек 20, каб паўдзельнічаць у сумеснай працы. Прычым з усім неабходным інвентаром і нават музычнай калонкай. Наводзілі марафет у сталовай. Вы не ўяўляеце, якая яна прасторная і сучасная. А вучэбныя кабінеты — гэта наогул фантастыка. Там усё з прыстаўкай «супер», створаны выдатныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей. Будынак даступны і для маламабільных дзяцей. Прадугледжаны ліфт, парковачныя месцы. Тут усё прадумана да дробязяў.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

У тэму

Сучасныя шматфункцыянальныя школы-комплексы — гэта сённяшняя палітыка дзяржавы. На Магілёўшчыне сёлета адкрываецца яшчэ адна новая школа ў Асіповічах на 955 месцаў. Тут створаны ўсе магчымасці для атрымання якаснай адукацыі, раскрыцця ў навучэнцаў творчых і спартыўных талентаў. Улічаны таксама інклюзіўныя моманты. Па інфармацыі абласнога упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, падпісаны 1 зацверджаны ўсе 312 пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. На капітальны і бягучы рамонты іх сёлета было выкарыстана 87,5 мільёна рублёў. Ва ўсіх установах драўляныя аконныя блокі заменены на блокі ПВХ, адрамантавана спартыўнае абсталяванне. Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы школ да новага навучальнага сезона ўдзялялася пытанням забеспячэння пажарнай і грамадскай бяспекі. Усе школы абсталяваны сістэмамі відэаназірання, у 69 арганізаваны пасты міліцыі.