Вайна Віктара Арцем’ева

Зігуля, Н. Вайна Віктара Арцем’ева / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024.— 27 жніўня. — С. 11.

Віктар Іванавіч вядомы ў Магілёве і за яго межамі публіцыст, паэт, краязнаўца. Ён аўтар некалькіх дзясяткаў кніг, член Саю-за пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Якуба Усікава Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліёграф паэта Аляксея Пысіна. Вайна для тады яшчэ 14-гадовага хлопчыка стала выпрабаваннем на трываласць характеру, сілу волі і мужнасць. Самыя яркія эпізоды ваеннага дзяцінства ляглі ў аснову некалькіх яго зборнікаў пра вайну. Мы сустрэліся з Віктарам Іванавічам, каб разам яшчэ раз пагартаць гэтыя кніжкі, праглядзець яго сямейны альбом з даваеннымі фота і ўспомніць найбольш яскравыя эпізоды яго жыцця.

ЧОРНЫЯ КРЫЖЫ НАД ВЁСКАЙ

Віктар Арцём’еў нарадзіўся ў 1927 годзе на хутары Чарэйцаў Круг Шклоўскага раёна. У сям’і Маўры Мітрафанаўны і Івана Лукіча было шасцёра дзяцей, апошні Анатоль нарадзіўся ўжо пасля вайны. Разам з сям’ёй жыла і бабуля Хадора — бацькава цешча ад першага шлюбу. Усе яе дзеці паўміралі, і яна засталася адна. Іван Лукіч пашкадаваў старую і забраў да сябе. Яна выгадавала яго дзяцей як родных.

Вёска Радзішына, дзе нарадзіўся будучы публіцыст, мела ўсяго 55 двароў. Але дзяцей было многа, сумаваць не прыходзілася. З маленства кожны ўжо ўмеў працаваць. Віктар Іванавіч успамінае, што з 4-5 класа пасвіў у калгасе авечак, свіней. Калі падрос, займаўся коньмі. Даглядаў і вельмі любіў на іх катацца. З 12-13 гадоў умеў запрагаць каня і перавозіў снапы з калгаснага поля. Летам у калгасе працавалі ўсе. А па вечарах моладзь збіралася ў кагосьці ў хаце і танцавала пад гармонік або пад скрыпку музыканта па прозвішчы Клычок з суседняй вёскі.

Чытаць Віктар навучыўся рана. Бацька выпісваў яму газету «Піянер Беларусі», а сабе — «Камунар Магілёўшчыны» і «Звязду». Іх малы таксама чытаў. Дзіцячая памяць зафіксавала, што перад вайной часта на вочы траплялі паведамленні пра палітычнае напружанне з Германіяй. Але ўсе былі перакананы, што калі вайна і будзе, то не на нашай тэрыторыі. Як пелася ў песні: «сваёй і кавалачка не аддадзім».

У дзень, калі пачалася вайна, Віктару і яго аднагодкам па Ардацкай сямігодцы павінны былі ўручыць пасведчанні аб заканчэнні школы.

— Дзень быў прыгожы: ясны, сонечны, ціхі. І настрой — такі ж, — успамінае Віктар Іванавіч. — На выпускны вечар усе дзяўчаты і хлопцы прыйшлі загадзя, святочна апранутыя. Нас было не больш за дваццаць чалавек. Калі ў прызначаны час не запрасілі на ўручэнне, ніхто асабліва не хваляваўся. Да райцэнтра, адкуль павінны былі прывезці атэстаты, 27 кіламетраў, затрымка ў дарозе — рэч звычайная. Аднак хутка стала вядома прычына — вайна. Пасведчанні выпускнікам усё ж такі ўручылі, але толькі ўвечары. Настаўнікі былі сумныя, сціпла павіншавалі нас і запрасілі за стол. Побач з ежай і цукеркамі стаялі бутэлькі з гарэлкай і віном. Настаўнікі налілі сабе і нам: юнакам — крыху гарэлкі, дзяўчатам — на донцы віна. Гэта была наша апошняя з імі сустрэча. З настаўнікаў-мужчын у вёску Ардаць ніхто з вайны не вярнуўся. Чуў толькі, што дырэктар школы Якаў Крупень застаўся жывы, пасля вайны працаваў у Чарнаруччы.

ЖЫЦЦЁ Ў ТЫЛЕ

Калі ў Радзішыне праводзілі мужчын на вайну, пелі «Последний нонешний денечек гуляю с вами я, друзья…» Бабы галасілі, дзеці спалохана назіралі за тым, што адбывалася. Гаспадар сямейства Арцём’евых Іван Лукіч быў мужчына ўжо непрызыўнога ўзросту, яму споўнілася 50 гадоў, аднак ён добраахвотнікам уступіў у 810-ы працоўна-будаўнічы дарожны батальён, які браў удзел у абароне Смаленска і Масквы. Але ўжо ў пачатку 1942 года Дзмітраўскі райваенкамат Масквы дэмабілізаваў яго па інваліднасці. Вярнуцца бацька змог толькі пасля вайны.

— На пяты ці шосты дзень вайны мы з маці пайшлі ў сяло Гарадзішча за сем кіламетраў ад нас, каб у краме купіць солі, мыла і запалак, — расказвае Віктар Іванавіч. — Маці казала, што хутка нічога нельга будзе набыць, нават за грошы. Яна гэта ведала яшчэ па Грамадзянскай вайне. Калі мы вярталіся дадому, з боку Шклова ледзь ці не над нашымі галовамі праляцеў самалёт з чырвонымі зоркамі на фюзеляжы, з кабіны нават было відаць галаву лётчыка ў шлеме. Следам за ім пранёсся нямецкі самалёт з чорнымі крыжамі. А хутка пачулася кулямётная стральба. Самалёты былі ўжо далёка ад нас, і я не адразу зразумеў, які з іх палыхнуў. Убачыў, як з яго выскачылі два лётчыкі. Па іх таксама ўдарыла кулямётная чарга. Спадзяваўся, што гэта нашы немцаў падбілі, але хутка высветлілася, што наадварот.

ПАД АКУПАЦЫЯЙ

— Вораг наступаў, і паступіла каманда пераганяць жывёлу на ўсход, каб ворагу не дасталася, — успамінае суразмоўнік надыход немцаў. — Мне з таварышамі даручылі пераганяць статак з Радзішына ў Чэрнеўку. Там мы перадалі яго супрацоўнікам сельсавета і вярнуліся дамоў. Але, як потым стала вядома, жывёлы загінулі, бо вораг ужо перарэзаў шляхі адступлення.

Фронт праз вёску Радзішына не праходзіў. Толькі разрозненыя трупы чырвонаармейцаў з воінскіх часцей, якія былі разбіты на Бярэзінскім і Дняпроўскім рубяжах, рухаліся на ўсход. Стомленыя, галодныя, у запыленым адзенні, яны прасілі піць і што-небудзь з яды. Жанчыны выносілі ім малако і хлеб.

Аднойчы з боку вёскі Старыя Чамаданы, што за сем кіламетраў ад Радзішына, пачулася страляніна, успыхнула вялікае зарыва. Потым вясковыя жанчыны расказвалі, што сустрэлі каля ракі стомленага чырвонаармейца, які расказаў, што адбыўся няроўны бой за вёску. Параненых і кантужаных чырвонаармейцаў немцы загналі ў вялікую адрыну і падпалілі. Толькі адзінкам удалося выратавацца.

— Праз дзень ці два пасля трагічных падзей у Старых Чамаданах з’явіліся першыя акупанты і ў Радзішыне, — расказвае Віктар Іванавіч. — У мяне былі невялікія партрэты Леніна і Сталіна, трымаць якія навідавоку было небяспечна, і я вырашыў іх схаваць. Сцены ў хаце былі абклеены газетамі, а пад столлю мелася невялічкая пустэча, куды я і паклаў тыя партрэты. А каб схованка выпадкова не адкрылася, наляпіў зверху яшчэ і газету. Ні паліцаі, ні немцы, якія заходзілі ў хату, нічога не западозрылі. Пра схованку не казаў нават маці. Як толькі сяло вызвалілі, дастаў партрэты і размясціў іх на бачным месцы. Хтосьці можа падумаць: а ў чым тут подзвіг? А я лічу, што ў 14 гадоў на такі ўчынак патрэбны і сумленне, і кемлівасць, і нават мужнасць.

Калі ў Ордаці, а гэта чатыры кіламетры ад Радзішына, адкрылі нямецка-паліцэйскі гарнізон, рэпрэсій стала больш. У склад гарнізона ўвайшлі акружэнцы, якія перайшлі на бок ворага. Гэтыя пярэваратні не пераставалі марадзёрстваваць.

У лютым 1944 года немцы выгналі радзішанцаў з дамоў — збіраліся зрабіць у гэтым месцы «мёртвую зону» для партызан. Хто паспеў, схаваўся, астатніх пагналі спачатку ў Аршанскі канцлагер, а пасля ў Круглянскі раён у вёску Ражкі. Сям’я Арцём’евых жыла там каля пяці месяцаў да самага вызвалення іх вёскі. Гэтай тэме Віктар Арцём’еў прысвяціў кнігу «Выгнаннікі».

ВЫЗВАЛЕННЕ ПРЫЙШЛО ЗУСХОДУ

У адной з кніг Віктар Арцём’еў гэты доўгачаканы момант апісаў так: «Вызваленне ад акупантаў адбылося ў ноч з 27 на 28 чэрвеня 1944 года. Спачатку пачалася страляніна ў Круглым, потым над пасёлкам успыхнула зарыва. Крыху пазней загарэліся хаты ў вёсцы Александроў, дзе размяшчаўся нямецка-паліцэйскі гарнізон. Выразна пачуліся аўтаматныя і кулямётныя чэргі, выбухі гранат. Людзі, якія падышлі з таго боку, перадалі, што на гарнізон пайшлі штурмам партызаны, а Круглае ўжо ўзята. Гарэлі хаты ў вёсцы Радча, што за рэчкай Друць. Іх запалілі немцы, якія адступалі на захад. Да Ражкоў ні немцы, ні паліцаі не дабраліся. Вёска ўцалела. Радасць перапаўняла ўсіх цераз край: нашы прыйшлі! Праз тры дні мы вярнуліся дамоў».

— У 1944 годзе, пасля вызвалення, мяне прызвалі ў армію, — расказвае суразмоўнік. — Праходзіў падрыхтоўку ў Фашчаўцы — там быў арганізаваны збор. Вучылі страляць. Рыхтавалі ў пяхоту. Але паваяваць не атрымалася. Ваенкам у Шклове паглядзеў на мяне — а я быў ростам 156 сантыметраў і важыў 40 кілаграмаў — і параіў паменшыць сабе гадоў. Я адмовіўся, але ў Магілёве ўсё ж такі мяне і некалькіх маіх таварышаў камісавалі і адправілі дадому, каб падраслі.

Радзішына пакрысе вярталася да мірнага жыцця. У калгасе працягвалі сеяць хлеб, касіць сена. Віктар працаваў на ворыве, дапамагаў сеяць лён. Трэба было падтрымаць вялікую дзяржаву, паклапаціцца, каб яна была з хлебам. Працавалі шмат, але было галаднавата. У дварах сялян пасля вайны не засталося ні кароў, ні свіней, ні цялят. Нават сабак і тых перастралялі. Немцам не падабалася, што яны сустракалі іх брэхам, а партызанам — тое, што яны выдавалі іх ворагу.

З ПЫСІНЫМ СЯБРАВАЛІ СЕМ’ЯМІ

Яшчэ ў 1 класе настаўніца звярнула ўвагу на літаратурны талент юнага Віктара Арцём’ева. Яна прапанавала хлопчыку напісаць заметку ў газету, крыху паправіла, і тэкст надрукавалі. У другім і трэцім класах Віктар ужо быў членам рэдкалегіі, а ў чацвёртым стаў рэдактарам школьнай газеты. У сямігодцы, а потым і культасвет-вучылішчы працягваў развіваць свае пісьменніцкія здольнасці. У артыкулах крытыкаваў дрэнных вучняў, гультаёў, курцоў, а сумленных хваліў і ставіў у прыклад.

Пасля вайны Віктар Арцём’еў скончыў у Мінску вячэрні ўніверсітэт марксізму-ленінізму, атрымаў вышэйшую палітычную адукацыю. Успамінае, што лекцыі ім чыталі вядомыя прафесары, а за вучэбнымі сталамі сядзелі дырэктары буйных прадпрыемстваў. У 1964 годзе суразмоўнік паступіў у Мінскі педінстытут імя Горкага на бібліятэчны факультэт, дзе загадчыкам кафедры быў Васіль Лявончыкаў, з якім Арцём’еў пазнаёміўся яшчэ ў Чэрыкаве.

Там жа, у Чэрыкаве, Віктар Арцём’еў пасябраваў і з Аляксеем Пысіным, які з 1955 года ўзначальваў раёнку. Віктар Іванавіч на той час быў загадчыкам аддзела культуры і сакратаром пярвічнай партыйнай арганізацыі райвыканкама. Аднойчы Пысін зайшоў да яго ў аддзел і папрасіў напісаць артыкул. Так пачалося іх супра-цоўніцтва, якое потым перарасло ў сяброўства. Пысін быў вельмі ўдзячны Арцём’еву за тое, што той дапамог яму ў адной вельмі складанай жыццёвай сітуацыі.

— Аднойчы я зайшоў да Пысіна ў рэдакцыю і сустрэў там свайго земляка Георгія Лаўрынавіча Напрэева, які працаваў інструктарам ЦК КПБ, — расказвае пісьменнік. — Мы былі добра знаёмыя, нашы сем’і сябравалі. Пысіна збіраліся за адзін матэрыял звольніць і выключыць з партыі. Я папрасіў Напрэева, каб той дапамог Пысіну. У хуткім часе пасля гэтага я пераехаў у Магілёў. Чуў, што Пысіну далі вымову. Падумаў, што зямляк не дапамог. Але Пысін пры сустрэчы расказаў, што дапамог яшчэ як: яму пагражала горшае. Георгій Напрэеў таксама паклапаціўся, каб Пысіна адправілі вучыцца ў Маскву на вышэйшыя літаратурныя курсы.

— Пасля іх Пысін вярнуўся ў Магілёў, і мы сябравалі ўжо сем’ямі, — дзеліцца ўспамінамі Віктар Іванавіч. — Гэта ён фактычна прымусіў мяне стаць карэспандэнтам-арганізатарам бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Магілёве. Я спачатку супраціўляўся, а потым быў яму вельмі ўдзячны. Пабачыў шмат славутых пісьменнікаў, многія з іх сталі маімі сябрамі. Былі сустрэчы з Іванам Шамякіным, Рымай Казаковай, Фёдарам Янкоўскім, Уладзімірам Гніламёдавым, Яўгенам Далматоўскім, Віктарам Карамазавым, Алесем Махначом, Рыгорам Няхаем, Авяр’янам Дзеружынскім. За 10 гадоў работы ў якасці карэспандэнта-арганізатара зладзіў у Магілёве каля дзвюх тысяч літаратурных сустрэч. Шмат каму з іх прысвяціў свае нарысы, апісаў уражанні ад сустрэчы з імі. У друку выйшлі мае даследаванні пра беларускую мову, краязнаўчыя нататкі, успаміны пра вайну, склаў зборнік «Пісьменнікі і кнігі», тры зборнікі «Вянок», якія прысвяціў Аляксею Пысіну, Анатолю Сербантовічу і песняру зямлі Магілёўскай — Івану Пехцераву.

Дзейнасць Віктара Арцём’ева адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі і падзякамі, ён уладальнік нагрудных знакаў «За выдатную працу» Міністэрства культуры СССР, «За вялікі ўклад у літаратуру» Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сваю дзейнасць пачынаў у калгасе, быў загадчыкам Парыцкай раённай бібліятэкі, літсупрацоўнікам Парыцкай раёнкі, інспектарам упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, загадчыкам аддзела культуры ў Чэрыкаве. З 1962 да 1969 года працаваў у Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. Леніна, а з 1969 года — выкладчыкам бібліятэчнага тэхнікума імя Пушкіна.

За жыццё сабраў вялікую бібліятэку, у якой шмат кніг з дароўнымі подпісамі Ігара Шклярэўскага, Івана Чыгрынава, Івана Шамякіна і іншых. Асабліва дарагі для яго зборнік з вершамі пра Брэсцкую крэпасць з аўтографамі Васіля Віткі, Ніла Гіле-віча, Петруся Броўкі, Петруся Макаля, Аляксея Пысіна, які яму па-дарылі ў рэдакцыі газеты «ЛіМ» у перыяд цеснага супрацоўніцтва з гэтым выданнем.

ФАШЫЗМ ЗНОЎ ПАДЫМАЕ ГАЛАВУ

Нягледзячы на свае 97 паважаных гадоў, Віктар Іванавіч застаецца ў страі. Па меры магчымасці наведвае абласную бібліятэку імя У. Леніна, сустракаецца з творчай моладдзю, шмат яго ўспамінаў да-тычыцца ваеннага перыяду. Для сям’і Арцём’евых вайна стала вялікім выпрабаваннем.

— На вайне загінулі мае дзядз-кі Макар Арцёмаў, Адам Трафімаў, наш зяць Павел Яфіменка, стрыечныя браты Васіль Арцёмаў, Мікалай Глушанкоў, — пералічвае імёны родных Віктар Іванавіч. — Акупанты знішчылі ўсю сям’ю майго дзядзькі Фёдара Глушанкова, расстралялі стрыечнага брата Ісака Пруднікава. З сям’і нашага зяця Дзмітрыя Нікіфаравіча Асіповіча на вайну пайшлі бацька і пяць сыноў, а вярнуліся толькі два сыны. У пабраціма Міхаіла Аляксеевіча Ласоўскага на франтах загінулі тры браты. Наогул, з вайны не вярнуліся 27 маіх землякоў з Радзішына, шмат хто памёр у вёсцы ад тыфу, бо не было ні ўрача, ні лекаў.

На сустрэчах з моладдзю, магі-ляўчанамі Віктар Арцём’еў заўсё-ды звяртае ўвагу на неабходнасць берагчы мір. Сёння гэта асабліва важна.

— Фашызм зноў падымае сваё джала, — кажа ён. — Толькі ў яго верхаводаў іншыя імёны. Іх дзеянні прыкрыты «правамі чалавека» і «дэмакратыяй», а почырк той жа, гітлераўскі. Дастаткова ўспомніць падзеі ў Югаславіі, разгром Сербіі і анексію Косава, цынічную вайну ў Іраку, каляровыя рэвалюцыі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза і ва ўсім свеце, памкненні развязаць вайну ў Паўночнай Карэі, Іране… З маўклівай згоды дзяржаў Заходняй Еўропы густымі ўсходамі прабіваюцца парасткі фашызму ў суседніх з намі краінах. Апаганьваюцца і разбураюцца помнікі пераможцам над фашысцкай Германіяй, а былыя памагатыя эсэсаўцаў узводзяцца на п’едэстал. Нельга дапусціць, каб гэта чума распаўсюдзілася на ўвесь свет і запаланіла яго. Трэба берагчы сваю краі ну і цвёрда супрацьстаяць карычневай навале.

Нэлі ЗІГУЛЯ