Залатой, Я. Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым: сын — самая галоўная ўзнагарода ў жыцці / Яўген Залатой ; гутарыла Валерыя Сцяцко // Звязда. — 2024. — 2 лістапада. — С. 9.
Самая галоўная ўзнагарода ў жыцці Яўгена Залатога
31 студзеня 2014 года ў Магілёўскае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву паступіў хлопец з пасёлка Краснаполле. Зборы, спаборніцтвы, першыя перамогі і паражэнні — звычайны шлях спартсмена. 3 жніўня 2024 года на п’едэстале Алімпійскіх гульняў у Парыжы стаяў член нацыянальнай зборнай па веславанні акадэмічным Яўген Залатой. Да гэтага ён ні разу не станавіўся прызёрам дарослых чэмпіянатаў свету ці Еўропы. Але Алімпійскія гульні прайшоў па-чэмпіёнску ўпэўнена. З каляіны яго не маглі выбіць ні праблемы з лодкай, ні зламаны аўтобус па дарозе на фінальны заезд, ні масцітыя сапернікі побач. Відаць, сапраўды, складаныя часы нараджаюць моцных людзей. Сам Яўген гаворыць аб тым, што да гонкі на Алімпіядзе ён ішоў 10 гадоў. 10 гадоў працы дзеля 6 хвілін 42.96 секунд — такое магчыма толькі ў спорце. У інтэрв’ю «Звяздзе» Яўген Залатой расказаў, якім быў гэты шлях і як змяніўся пасля алімпійскага медаля, першага мужчынскага медаля для айчыннага акадэмічнага веславання.
— Яўген, праз два месяцы пасля Алімпійскіх гульняў прыйшло ўсведамленне, што твой медаль — гэта сапраўды вялікае дасягненне?
— Не магу сказаць, што адчуваю, быццам зрабіў нешта грандыёзнае. Грэе душу думка, што я апынуўся ў тройцы наймацнейшых на спаборніцтвах, дзе збіраюцца найлепшыя спартсмены свету. У мяне заўсёды перад вачыма быў прыклад чалавека з сапраўды гучнымі спартыўнымі дасягненнямі — Кацярыны Анатольеўны Карстэн. Мне да яе яшчэ расці і расці. Так, у нас раней не было алімпійскіх мужчынскіх медалёў, мне, вядома, прыемна, што я заваяваў першы. Усведамленне, што мой медаль сапраўды важны для краіны, прыйшоў 17 верасня, калі Прэзідэнт узнагародзіў ордэнам Пашаны. Бо не проста так кіраўнік дзяржавы будзе ўручаць дзяржаўную ўзнагароду, значыць, зрабіў нешта важнае. Для мяне было вялікім гонарам сказаць адказнае слова ад імя ўсіх спартсменаў і трэнераў. Загадзя ўсё абдумаў, што сказаць, бо не ўяўляю, як без падрыхтоўкі выступаць на такую аўдыторыю. Мусіць, атрымалася не занадта красамоўна, але ад душы. Хваляванне было такое ж, як і на Алімпійскіх гульнях: не кожны дзень даводзіцца выступаць перад найлепшымі ў сваіх сферах людзьмі, перад Прэзідэнтам. Але, калі пачаў казаць, хваляванне як рукой зняло.
— Як ты ўспрымаеш павышаную ўвагу, якая літаральна абрынулася на цябе пасля Алімпіяды. Да інтэрв’ю і мерапрыемстваў прывык?
— Мне здаецца, я за ўсё жыццё не даваў столькі інтэрв’ю, колькі за апошнія два месяцы. Мне гэта даецца няцяжка. Ведаю, што, напрыклад, нашы батутысты не любяць даваць інтэрв’ю, хаця насамрэч яны вельмі пазітыўныя і цікавыя. Мне падабаецца расказваць не столькі пра сябе, колькі пра свайго трэнера і пра свой від спорту. Я разумею, што дзякуючы маім інтэрв’ю людзі больш даведваюцца пра акадэмічнае веславанне, пра шлях, які мы праходзім кожны дзень. Трэба глядзець праўдзе ў вочы, многія з акадэмічнага веславання ведаюць толькі Кацярыну Карстэн, але ж з’явіліся і новыя імёны. Таму мне важна, каб аб акадэмічным веславанні ведала як мага больш людзей, каб на нашы спаборніцтвы збіраліся балельшчыкі. Таму што падтрымка трыбун — гэта неверагодна. Жадаю кожнаму спартсмену адчуць гэта.
— У Парыжы быў натуральны канал, у Брэсце вы трэніруецеся на штучным. Для непрафесіяналаў растлумач, калі ласка, у чым розніца для весляра?
— Розніца ў тым, што на штучным канале глыбіня ўсюды аднолькавая, бо вада на адным узроўні. На натуральным на розных дарожках розная глыбіня. Напрыклад, на натуральным канале ў Сербіі другая дарожка больш хуткасная, бо там глыбіня большая, чым на шостай. З адным і тым жа тэмпам на адной і той жа адлегласці час на гэтых дарожках будзе розны. Вось гэта галоўная асаблівасць натуральнага вадаёма, да якой павінен быць гатовы кожны прафесіянал. На штучным канале ж усё плюс-мінус у аднолькавых умовах, калі вецер не перашкодзіць. Розныя каналы бываюць, але мне пашанцавала: мне не сустракаўся надта жудасны канал, на якім было б немагчыма ездзіць. Часам асаблівасці канала — не самае страшнае, з чым даводзіцца сутыкацца.
— Што аднясеш у разрад страшнага?
— Ды шмат чаго. Напрыклад, падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды я захварэў, з-за чаго страціў шмат часу. Вельмі гняце, калі перад Алімпійскімі гульнямі ляжыш дома з высокай тэмпературай, а не трэніруешся. Потым прыйшлося вельмі хутка ўсё наганяць, але з-за хваробы кіламетраў 600–700 з запланаванага аб’ёму не дабраў. Зламаны аўтобус па дарозе на алімпійскі фінал — зусім не тое, з чым хацелася б сутыкнуцца. Трэнер да апошняга не верыў, што зламаўся аўтобус і заезд пераносіцца. Такая сітуацыя можа лёгка выбіць з каляіны. Але я псіхалагічна ўстойлівы і таму асабліва з гэтай нагоды не нерваваўся. Адзіная праблема была з харчаваннем, таму што звычайна за тры гадзіны да старту я не ем, а гонка адклалася, і ўжо хацелася есці. Добра, што паклаў з сабой беларускі зефір, таму, пакуль усе нерваваліся з-за зламанага аўтобуса і адкладзенай гонкі, я спакойна размінаўся і еў зефір. Дарэчы, нядаўна з трэнерам успаміналі тую гонку і дайшлі да высновы, што рэальна магло б быць першае месца. Немец Цайдлер, які перамог, па хвалі хадзіць не любіць. А я ж да хваляў прывык, яны ў Брэсце пастаянна. І пакуль я сядзеў у аўтобусе, трэнер патэлефанаваў і сказаў, што паднімаецца хваля. Здавалася б, лёс. Я даехаў да канала — а там штыль. Таксама, напэўна, лёс.
— Ты расказваў, што перад Алімпіядай у цябе было па 13 трэніровак у тыдзень — гэта значыць, па дзве трэніроўкі за дзень шэсць дзён на тыдзень і адна ў нядзелю. Пры гэтым вельмі доўга было невядома — пусцяць цябе на Алімпійскія гульні ці не. Шмат хто можа задаць пытанне — навошта працаваць у такім рэжыме, не будучы ўпэўненым у сваім выступленні на Алімпіядзе?
— А навошта працаваць у якой-небудзь арганізацыі, калі цябе могуць звольніць? Мы ўсе імкнёмся выконваць сваю працу максімальна добра. І калі стаіць пытанне, ці будзе будзе Алімпіяда, ёсць варыянт, што яна будзе. А значыць, усё роўна трэба быць максімальна гатовым. Так, гэта пэўная рызыка здароўем, вельмі шмат часу і сіл. Але ў спорце інакш немагчыма. У кожнага спартсмена ёсць адна мэта, мара — медаль Алімпійскіх гульняў. Я не ўяўляю, як можна расслабіцца, калі на коне гэты медаль. Кожны, хто выступіў на Алімпійскіх гульнях, — герой, таму што прайшоў неверагодна складаны шлях. Так, на спаборніцтвах мы змагаемся з сапернікамі, але самае цяжкае спаборніцтва спартсмены праходзяць у жыцці — барацьбу з самім сабой. Кожны спартсмен ставіць перад сабой вельмі шмат «не», шмат у чым сабе адмаўляе толькі для таго, каб выступіць на Алімпійскіх гульнях. Таму мне нават страшна ўявіць, як бы я сябе адчуваў, калі б мяне не дапусцілі на Алімпіяду. Упэўнены: выступаць на іншых спаборніцтвах было б маральна цяжка, нягледзячы на добрую фізічную падрыхтоўку. А чуць «мог бы ўзяць медаль на Алімпіядзе» і зусім было б невыносна. Нават не ўпэўнены, ці застаўся б я ў спорце пасля такога. Таму я вельмі спачуваю тым, у каго забралі гэтую магчымасць, разумею, наколькі ім балюча.
Перад Алімпійскімі гульнямі ў Парыжы я меркаваў, што ў беларусаў будзе шэсць медалёў — амаль угадаў. Але затое якія гэта медалі! Жэня Ціханцоў зладзіў сапраўднае шоу. Я не спецыяліст у цяжкай атлетыцы, але, думаю, гэта не мяжа. Ваня Літвіновіч — герой: дзве Алімпіяды запар з залатымі медалямі. Віялета Бардзілоўская — разумніца: ад яе ж наогул ніхто медаля не чакаў. Мы, канешне, таксама меркавалі, што ў мяне будзе медаль, разлічвалі на другое-трэцяе месца, мае паказчыкі на гэта ўказвалі. Вядома, услых аб маім медалі ніхто не казаў. Але настройваліся толькі на найлепшы вынік.
— Дзеля ўдзелу ў Алімпіядзе табе прыйшлося з двойкі і чацвёркі пераключыцца на адзіночку. Складаны быў пераход?
— Больш цяжка маральна. У двойцы ці ў чацвёрцы ў цябе ёсць падтрымка. А ў адзіночцы ты можаш разлічваць выключна на сябе, трэба дакладна разумець, што ніхто, акрамя цябе самога, не дапаможа. На трэніроўках адзіночнікі працуюць больш. Напрыклад, у двойцы парнай 500 метраў мы праязджаем за 1 хвіліну 30 секунд, а ў адзіночцы — за 1 хвіліну 40 секунд. Здавалася б, 10 секунд. Але калі ўзяць 10 такіх адрэзкаў — то гэта праца на 100 секунд большая, а для весляра гэта істотна. На трэніроўках 30 кіламетраў на вадзе ў адзіночцы я еду за 2,5 гадзіны, у двойцы — за 1 гадзіну 45 хвілін. Розніца каласальная. Але калі прывыкаеш і бачыш вынік, аб складанасцях ужо не думаеш. Многія ж здаюцца, таму што не бачаць выніку.
— Алімпійскі медаль і нараджэнне сына — дзве найважнейшыя падзеі адбыліся з розніцай у тры дні. Як гэта, калі столькі шчасця?
— Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым: Марк — самая галоўная ўзнагарода ў жыцці. Быў варыянт пасля выступлення застацца ў Парыжы, пабалець за нашых хлопцаў, але я рваўся дадому, каб хутчэй сустрэцца з сынам. Медаль — гэта вельмі добра, гэта матывацыя працаваць яшчэ больш і лепш. А дзіця — гэта матывацыя наогул ніколі не спыняцца на дасягнутым, таму што хочацца даць яму ўсё самае лепшае, стварыць яму ўсе ўмовы для шчаслівага дзяцінства, для развіцця. Цяпер многія цікавяцца, куды я патрачу прызавыя. Канешне, яны пойдуць на сям’ю, на сваё жыллё. Я лічу, першая задача кожнага мужчыны — забяспечыць сям’ю сваім жыллём, забяспечыць тыл.
— Да ролі бацькі прывык?
— Быць бацькам няпроста. Многія казалі, што першыя тры месяцы дзіця толькі спіць і есць — нічога падобнага. Ну, ці наш такі, хлопец з характарам. Толькі адыдзеш ад яго, крык стаіць такі, што ўся акруга чуе. Ці гэта скокі росту, ці непакоіць нешта — хвалюемся кожны раз. Мусіць, мы нават больш ходзім па дактарах, чым трэба, таму што кожны раз яны нас супакойваюць, што дзіця ў норме. Але ж мы першы раз сталі бацькамі. Усе складанасці цьмянеюць у параўнанні з гэтым шчасцем.
— Яўген, вядома, што пачынаў ты з гандбола і лёгкай атлетыкі, але ў выніку апынуўся ў акадэмічным веславанні. Цікавы шлях…
— Я заўсёды ведаў, што буду спартсменам: вельмі не хацелася руціннай працы. У школе не гарэў вялікім жаданнем вучыцца. А на спаборніцтвах выступаў з задавальненнем. Мне вельмі падабалася бегаць на доўгія дыстанцыі. Мяне нават узялі на збор у вучылішча алімпійскага рэзерву. Але для бегу я аказаўся занадта вялікім, затое мяне заўважыў трэнер па кіданні молата, я быў не супраць, пачалі працаваць. А веславанне мяне нібы само шукала. Спачатку ў школу прыехалі трэнеры з Гомеля, але я захварэў. У наступны іх прыезд я вырашыў школу прагуляць, мусіць, першы раз у жыцці аб гэтым шкадаваў. Калі прыехалі Алег Юр’евіч Дудко і Андрэй Уладзіміравіч Шчамялёў і мяне паклікалі ў кабінет дырэктара, я ўспомніў усе свае грахі, але ніяк не чакаў, што гэта будуць трэнеры па веславанні. Вядома, я пагадзіўся папрацаваць з імі. Але тата сказаў, што няма чаго кідацца сюды-туды. Я патэлефанаваў Андрэю Уладзіміравічу і сказаў, што ў Гомель мяне бацькі не адпускаюць. Пачуў у адказ: «Ты што, баклан, мы з Магілёва». У Магілёў мяне бацькі спакойна адпусцілі. Шчасцю не было мяжы. Вельмі хацелася ў вучылішча алімпійскага рэзерву, хацелася вырвацца з Краснаполля, свабоды хацелася. Дзеля гэтага я быў гатовы на ўсё. Трэнер сказаў, што для паступлення ў вучылішча патрэбен сярэдні баль, не ніжэйшы за сем. А ў мяне быў 6,9 — ох як я стараўся, як вучыў. Потым, праўда, аказалася, што нічога такога не трэба, проста трэнеры вырашылі патрымаць мяне ў тонусе.
— Вельмі незвычайна, што хлопца, які займаўся кіданнем молата — заўважылі трэнеры па веславанні…
— На самай справе акадэмічнае веславанне і кіданне молата, блізкія віды спорту. Спартсмены і там, і там высокія, шыракаплечыя, моцныя. Тыя, у каго ёсць выбухная сіла, але няма цягавітасці (а гэта самае галоўнае ў веславанні), ідуць у кіданне. А калі ёсць цягавітасць, але няма выбухной сілы, то лепш звярнуць увагу на акадэмічнае веславанне. У мяне, як нескладана здагадацца, добрая цягавітасць, але няма выбухной сілы.
— Вяртаючыся да Алімпіяды. Яўген, вось сапраўды, няўжо ў глыбіні душы не было ні кроплі шкадавання, што ўсё-ткі не залаты медаль?
— Шчыра, не было. Прайграваць заўсёды балюча і крыўдна. Але гонар за тое, што я змог заваяваць медаль, за тое, што ў такіх складаных умовах парадаваў краіну, мацнейшы. Калісьці і сярэбраны медаль Алімпіяды здаваўся нечым немагчымым, але ён стаў рэальнасцю. Значыць, і золата цалкам рэальна. Складана знаходзіць матывацыю, калі выйграў Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету, устанавіў рэкорды, напрыклад Цайдлеру. А мне яшчэ ёсць куды імкнуцца.
— Спорт — вельмі асаблівая сфера, якая патрабуе поўнай самааддачы, але і ўзамен дае нямала. Што спорт даў табе, акрамя імя, медалёў, заробку?
— Характар. Спорт развіў ува мне мэтанакіраванасць. Ён навучыў: што б ні здарылася, уставаць і ісці далей. Мне падаецца, гэта пацвердзіць любы спартсмен. Бо, спартсмены не ведаюць, што такое лянота. Кожны дзень мы пераносім шалёныя нагрузкі, таму што хочацца быць лепшым, чым учора. Мне гэта часам замінае, таму што залішне сябе нагружаю. Але спорт таксама вучыць знаходзіць баланс, чуць і разумець сябе.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота НАК Беларусі і БелТА