Зігуля, Н. Праз ініцыятыву да людзей / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 6 лістапада. — С. 10. — (Дадатак: Мясцовае самакіраванне).
У Магілёве абмеркавалі дзейнасць органаў самакіравання
Удзел у выязным семінары на тэму «Арганізацыя дзейнасці органаў мясцовага самакіравання ў сучасных умовах» узялі дэпутаты, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльна-грамадскага самакіравання Магілёва і Бабруйска. У цэнтры іх увагі былі пытанні аб узаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры вырашэнні задач па жыццезабеспячэнні насельніцтва і супрацоўніцтве з органамі прафілактыкі правапарушэнняў для папярэджвання гібелі людзей у жылым фондзе. Удзельнікі семінара азнаёміліся з работай Саветаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікразон Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Магілёва, наведалі сярэднюю школу № 24 імя К. М. Сіманава.
Фота з сайта as-deputatov.by
На пленарным пасяджэнні дэпутаты абмеркавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Магілёўскай вобласці з улікам тых рэалій, якія існуюць на сёння, выпрацавалі сучасныя падыходы да арганізацыі інфармацыйна-тлумачальнай работы з насельніцтвам, акцэнтавалі ўвагу на такой эфектыўнай форме супрацоўніцтва з жыхарамі, як грамадзянскія ініцыятывы.
Дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова нагадала, што ў аблсавеце да 20 лістапада вядзецца прыём праектаў грамадзянскіх ініцыятыў для правядзення адкрытага конкурснага адбору. Найлепшыя з іх будуць падтрыманыя асацыяцыяй і прафінансаваныя. Але пры ўмове ўдзелу ў гэтым жыхароў — заяўнікоў ініцыятыў. Яны таксама павіны зрабіць свой унёсак.
— Актыўны ўдзел грамадзян у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння — гэта аснова эфектыўнай работы мясцовай улады, — удакладніла Паліна Церашкова. — Праз такі ўдзел найлепшым чынам рэалізуецца патэнцыял мясцовага самакіравання. Цяпер час ініцыятыўных людзей, якім неабыякавая будучыня нашых рэгіёнаў і краіны ў цэлым. А значыць, вельмі важна развіваць эфектыўныя механізмы ўдзелу грамадзян.
Самакіраванне Магілёўскай вобласці прадстаўлена дэпутацкім корпусам усіх узроўняў, а таксама органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, у якіх задзейнічана больш як 10 тысяч чалавек. Гэта той асноўны актыў, які сёння дапамагае мясцовым органам улады ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і развіцця тэрыторый.
Менавіта дзякуючы гэтай вялізарнай сіле, якая актыўна супрацоўнічае з насельніцтвам, у вобласці рэалізавана шмат грамадскіх ініцыятыў. Самым запатрабаваным кірункам на сёння з’яўляецца ўладкаванне дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак. Найбольш буйныя праекты па добраўпарадкаванні такіх лакацый рэалізаваны ў 2022 годзе, дзякуючы пілотнаму праекту з удзелам Банка развіцця. У кожнай з ініцыятыў першы крок быў зроблены жыхарамі, але поспех кожнага прыкладу быў заснаваны на аб’яднанні намаганняў з мясцовай уладай.
— Толькі згуртаваўшыся і аб’яднаўшы намаганні, мы зможам вырашаць праблемы і супрацьстаяць выклікам і пагрозам, якія існуюць, — падвёў вынік работы семінара старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін. — Разам мы зможам зрабіць наша жыццё лепшым, прыгажэйшым і камфортным.
Нэлі ЗІГУЛЯ