«Між мінулым і будучым» : [у Магілёве адкрылася выстава магілёўскага фотакарэспандэнта Алега Файніцкага] / Н. Зігуля // Звязда. — 2014. — 12 ліпеня. — С. 2.
Пад такой назвай у Магілёве адкрылася выстава вядомага магілёўскага фотакарэспандэнта Алега Файніцкага.
На здымках — задуменныя, шчаслівыя, кранальныя твары ветэранаў. А побач — маладыя. Усхваляваныя, натхнёныя, уважлівыя. Маленькія імгненні, падгледжаныя мастаком, невялічкія замалёўкі з нашага жыцця. А па сутнасці, наша сучаснасць, якая злучае тое самае мінулае з будучым, усё лепшае з таго, што было знята на фотакамеру за апошнія 10 гадоў. На адкрыццё выставы ў этнаграфічны музей Магілёва прыйшлі ў тым ліку і героі яго фотарэпартажаў.
— У гэтага майстра вельмі добра атрымліваецца перадаць думкі, эмоцыі, сутнасць чалавека, — адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, палкоўнік унутранай службы Мікалай Падшываленка. — Калі гістарычныя факты можна сказіць, то фота заўсёды кажа толькі праўду.
У Алега Файніцкага гэта другая персанальная выстава, але ў якасці аднаго з таленавітых майстроў магілёўскага фотаклуба «Вясёлка» ён неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных выставах. Яго фота вядомы таксама па сайце БелТА, дзе ён працуе ў якасці вядучага фотакарэспандэнта па Магілёўскай вобласці апошнія 11 гадоў. Пра сваю выставу аўтар сціпла кажа, што вельмі хацеў такім чынам падзякаваць пераможцам.