Макаранка, Т. Колас: вяртанне на Магілеўшчыну : у Магілеўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава працуе выстава, прымеркаваная да 90 – годдзя паэмы “Новая зямля” / Т. Макаранка // Культура. — 2013. — 23 лістапада. — С. 14.
У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава працуе выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Зямля — аснова ўсёй Айчыне”, прымеркаваная да 90-годдзя паэмы “Новая зямля”.
Тут змешчаны творы беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага. На карцінах — родны кут Якуба Коласа. Работы, аб’яднаныя серыяй, з’яўляюцца рэканструкцыямі коласаўскіх мясцін. Таксама прадстаўлены малюнкі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, якія дапамогуць наведвальнікам па-новаму зірнуць на паэму. Экспануюцца і друкаваныя выданні літаратурнай спадчыны Якуба Коласа на мовах свету.
У адным з раздзелаў дэманструюцца экспанаты, якія ілюструюць гістарычную і творчую сувязь Якуба Коласа з Магілёўшчынай. Памятным і плённым было наведанне Песняром гэтага краю летам 1925 года, калі ён разам з Максімам Гарэцкім знаходзіўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме і чытаў там лекцыі па граматыцы ды методыцы выкладання беларускай мовы для настаўнікаў-філолагаў — найперш як аўтар першага ў галіне навукова-метадычнага дапаможніка “Методыка беларускай мовы”.
Цягам 1926 — 1928 гадоў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч быў вельмі частым госцем у Горках, дзе на рабфаку Сельгасакадэміі працаваў яго сябра — пісьменнік Максім Гарэцкі. Паэта цягнула сюды не толькі вялікая цікавасць да дзейнасці сельскагаспадарчай навучальнай установы, але і жаданне пазнаёміцца з творчымі справамі літаратараў-пачаткоўцаў, якія жылі ды працавалі тут. Сведчаннем таму — групавы здымак 1927 года, на якім Якуб Колас адлюстраваны разам з членамі літаратурнага аб’яднання, удзельнікамі харавога і драматычнага гурткоў — “з жанчынамі-беларускамі”. У лісце да Леанілы Гарэцкай, які датаваны “1927.XI.09”, чытаем: “Я не знаходжу адпаведных слоў, каб выказаць Вам, мілыя жанчыны-беларускі, маю радасьць і маю падзяку за павіншаванне, а таксама не магу зьвярнуцца да Вас, як бы гэта трэба было. Назаву хіба Вас гэтак: “Цьвет і краса жанчын Беларускай зямлі!”
У 1928, 1930, 1936, 1938 гадах Канстанцін Міхайлавіч наведваў горад Магілёў. Мэтай візітаў былі літаратурныя сустрэчы з рабочымі. Разам з групай пісьменнікаў з літаб’яднання “Полымя” Якуб Колас выязджаў у Быхаў і Шклоў. У 1936-м разам з Янкам Купалам і Міхасём Зарэцкім ён наведвае Бабруйскі гарадскі тэатр, дзе адбылася прэм’ера купалаўскай “Паўлінкі” сіламі трупы БДТ-ІІ.
На пачатку 1938 года паэт спецыяльна прыязджаў у Магілёў на прагляд спектакля па сваёй п’есе “У пушчах Палесся”, пастаноўкай якой 5 красавіка адкрываліся гастролі БДТ-ІІ у горадзе на Дняпры.
У 1950-я гг. Колас як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР дапамагаў па розных жыццёвых нагодах і жыхарам Магілёўшчыны, пра што сведчыць яго перапіска. Аднак самым шматлікім ды кранальным па змесце было ліставанне з выхаванцамі Чавускага дзіцячага дома. Да юбілею гэтай установы члены гуртка юных разьбяроў зрабілі невялікі бюст паэта і падарылі яго Коласу. Сёння твор — адзін з галоўных экспанатаў выстаўкі, сведчанне плённай і цеснай дружбы пісьменніка з жыхарамі Магілёўшчыны.