…Гэта не фіранку падпаліць

Рагін, Я. …Гэта не фіранку падпаліць : [фестываль аматарскіх тэатральных калектываў “Святло рампы”] / Я. Рагін // Культура. — 2013. — 23 лістапада. — С. 13.

Ці патрэбны рэспубліканскі фэст аматарскага тэатральнага мастацтва?

Магілёў — сёлетняя Культурная сталіца СНД і Рэспублікі Беларусь — працягвае здзіўляць. У шэрагу бясконцых падзей разнажанравага мастацтва яркай дзеяй застаўся ў глядацкай памяці і Адкрыты гарадскі фестываль аматарскіх тэатральных калектываў “Святло рампы”, што праходзіў у абласным цэнтры з 14 да 17 лістапада…

Абсалютна не збіраюся ўзнімаць рытарычнае пытанне “Ці патрэбны нам аматарскі тэатр?”. І без мяне гледачы адказалі на яго красамоўнымі аншлагамі цягам усіх фестывальных дзён. Іншая справа, што слова “самадзейнасць” адышло на Беларусі ў нябыт, саступіўшы па законах дыялектыкі ўсе творчыя правы больш дакладнаму найменню “аматарства”. Розніца паміж тэрмінамі гэткая ж, як і паміж словазлучэннямі “сам раблю” і “люблю гэтую справу”. А без любові пра якую творчую самарэалізацыю можа ісці гаворка? Словам, на магілёўскіх падмостках панавала тымі днямі любоў — да тэатра, гледача, Слова…

У фестывальных кулуарах аршанскі артыст-аматар Валодзя распавёў мне пра сваё чарговае паступленне ў ГИТИС: “Мікіта Міхалкоў загадаў неадкладна здзівіць. Як? Занадта шмат думаў. Таму і не паступіў. А вось дзяўчына, што ўслед за мной зайшла, здзівіла: фіранкі падпаліла. Паступіла…” Дык вось, удзельнікі “Святла рампы” на фіранкі не квапіліся — яны “запальвалі” глядацкія залы.

Будзень Культурнай сталіцы

Магілёўскі будзень для звычайнага горада — кшталту свята. Але ж не можа свята доўжыцца цэлы год. У Магілёве мяне запэўнілі: можа! З той прычыны, што сталічны статус вымагае. І старшыня Гарадскога савета народных дэпутатаў Фёдар Міхеенка, і начальнік гарадскога аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ала Галушка гаварылі ў адзін голас пра тое, што сёлета ў абласным цэнтры прайшлі літаральна ўсе фестывалі, якімі славіцца Магілёўшчына, бадай, кожная ўстанова культуры радуе нестандартнымі мерапрыемствамі, кожная канцэртная пляцоўка ледзь не штодня працуе з максімальнай нагрузкай (толькі ў адным ГЦК пройдзе за год, як і заўжды, каля 600 мерапрыемстваў).

Напярэдадні “Святла рампы” ўвагу Магілёва вершамі Ясеніна трымаў Сяргей Бязрукаў. Лагічным жа завяршэннем фестывалю сталі выступленні Канстанціна Райкіна.

Яны здзіўляюць сябе і…

Гэта сёмае па ліку мерапрыемства. Старшынёй журы сёлета стаў прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў Рыгор Баравік. На “Святло рампы” сабралася 11 калектываў. Асобныя з іх — прыезджыя: з Хоцімска (РЦК), Мінска (Палац культуры прафсаюзаў, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), Жодзіна (Палац культуры БелАЗа), Оршы (ГЦК) і Мазыра (ПК нафтаперапрацоўчага завода).

Па словах Рыгора Баравіка, менавіта з аматарскага тэатральнага руху “выраслі” прафесійныя калектывы Мазыра, Маладзечна, Слоніма…

Ці ёсць у аматарскіх тэатраў праблемы? Цікавая справа! Іхнія праблемы — гэта адначасова і іхнія перавагі. Яны самі робяць дэкарацыі, касцюмы, грым… Значыць, адрозніваюцца ад калег-прафесіяналаў большымі фантазіяй, кемлівасцю, знаходлівасцю. Бракуе сучасных драматургічных твораў — зноў-такі, пішуць самі. Не пад прымусам кантрактаў, а з прычыны шчырай любові да сцэны….

Так, народным беларускаму тэатру “Валянцін” і тэатру сатыры і гумару “Серпанцін” Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу пашанцавала больш, чым, да прыкладу, нейкаму калектыву з аддаленага райцэнтра: у ГЦК ёсць сцэнічная апаратура коштам (па словах кіраўніка ўстановы Вікторыі Максімавай) у 450 мільёнаў рублёў.

І яшчэ: прафесіянал добра ведае, як сябе паводзіць у святле рампы, але канчатковы вынік відачынства залежыць у яго ад настрою, заробку і Бог ведае ад чаго яшчэ. Аматар выходзіць на сцэну ў пошуках свята самарэалізацыі. Ці не таму іншым разам шчырасць мастака-інсітніка вабіць больш, чым рацыяналізм колеравай гамы жывапісца, стомленага прафесіяналізмам. Не дарэмна хтосьці з дасведчаных калісьці прамовіў: “Мастацтва выратуюць аматары!”. Вось яны і ратуюць. Здзіўляюць сябе ды гледача. І пазабюджэтныя грошы зарабляюць для сваіх устаноў культуры, і ці не штомесяц скараюць аматараў сцэны шчырасцю. Да прыкладу, чысты прыбытак з кожнага спектакля “Валянціна”, у складзе якога — не толькі інтэлігенцыя, але і рабочыя, — з тры мільёны. А за год спектакляў набярэцца з дзясятак..…

Між іншым, назва тэатра “Валянцін” узята не са столі: выбітны тэатральны творца Валянцін Ермаловіч калісьці зрабіў народнымі аматарскія тэатры ў Краснаполлі (адзін з найстарэйшых калектываў на Беларусі), Бялынічах, Магілёве.

Дык што будзе заўтра?

На фестывальнай прэс-канферэнцыі я задаў усім прысутным адзінае пытанне: “Ці патрэбны рэспубліканскі фестываль аматарскіх тэатраў?”. Адказ быў аднадушны: “Патрэбны!” Для ўзаемадзеяння, агульнакарыснай вучобы, для таго, каб не гасла “Святло рампы”, а прываблівала ўсё большую колькасць неабыякавых асоб. А гаспадарлівы старшыня Гарадскога савета народных дэпутатаў Фёдар Міхеенка адразу прапанаваў “атабарыць” будучую тэатральную дзею агульнадзяржаўнага маштабу менавіта ў Магілёве. Хто ведае, мо так неўзабаве і атрымаецца?

А Гран-пры і Прыз за лепшую мужчынскую ролю атрымалі няўрымслівы “Валянцін” і яго бліскучы мастацкі кіраўнік Алег Загароўскі. Таксама перамаглі: у намінацыі “Рэжысура” — народны маладзёжны тэатр “Легіён” з Мазыра, “Лепшая жаночая роля” — Алена Дзеравянка з народнага гарадскога аматарскага тэатра Оршы, “Прыязнасць да беларускіх традыцый” — народны калектыў з Жодзіна, а Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў тэатр “Шостае пачуццё” грамадскага аб’яднання “Беларускага таварыства глухіх”.

Мінскага студэнта Алега Высоцкага ў аматарскі тэатра “Рэха” прывяла яго маці, якая на аматарскай сцэне Палаца культуры прафсаюзаў — больш за сорак гадоў. Не выключана, што Алег праз час перадасць любімы занятак у спадчыну і сваім дзецям. Не дзеля грошай, а дзеля далейшага ўзбагачэння ўласнай душы.