Сінькевіч, Г. Пляцоўка для добрых спраў : Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 5 чэрвеня. — С. 11.
Інфармацыйна-адукацыйная прастора “Энергія дабра” з’явілася ў сярэдняй школе №39 Mariлёва. Пляцоўка будзе спрыяць развіццю валанцёрскага руху ва ўстанове адукацыі.
Адкрыццё прасторы прайшло ва ўрачыстай атмасферы. Знакавую падзею з педагогамі і навучэнцамі раздзялілі ганаровыя госці: начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў і іншыя.
Цэнтр «Энергія дабра» будзе базай для валанцёрскага атрада школы, у які ўваходзяць навучэнцы 8—11 класаў. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў вучні ажыццяўляюць сацыяльна значныя праекты: дапамагаюць ветэранам і адзінокім пажылым людзям, шэфствуюць над мемарыяламі Вялікай Айчыннай вайны, займаюцца добраўпарадкаваннем вуліц мікрараёна, а таксама праводзяць заняткі для аднагодкаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця па прынцыпе «роўны вучыць роўнага».
— Наша ўстанова мае статус Школы міру. Далучэнне вучняў да дабрачыннасці і валанцёрства — адзін з прыярытэтаў работы. У кастрычніку мінулага года заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з рэгіянальным аддзяленнем Беларускага Чырвонага Крыжа. У рамках пагаднення была выдзелена спонсарская дапамога, якая дазволіла цалкам прафінансаваць стварэнне новай адукацыйнай прасторы, — паведаміў дырэктар Аляксандр Салавей.
Галоўны акцэнт «Энергіі дабра» зроблены на музейнай экспазіцыі прысвечанай аб’яднанню «Беларускі Чырвоны Крыж» Для якаснага правядзення заняткаў цэнтр аснасцілі мультыбордам. Педагогі і навучэнцы плануюць падрабязна вывучыць біяграфіі людзей, якія ўнеслі істотны ўклад у гісторыю гэтай дабрачыннай арганізацыі.
— З’яўленне цэнтра «Энергія дабра»— важная веха ў гісторыі школы. Мы перакананы: выхоўваць у дзецях сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці, спагадлівасць і міласэрнасць трэба праз рэальныя справы — адзначыў Аляксандр Фёдаравіч. — Дзякуючы аказанай падтрымцы нашы вучні атрымалі не проста адрамантаваны кабінет, а сучасную інтэрактыўную прастору. Цяпер зможам шырэй далўчаць навучэнцаў да гуманітарнай дзейнасці, рэалізоўваць больш патрэбных ініцыятыў на карысць грамадства.