Зігуля, Н. Усе прафесіяналы пачыналі з аматараў : [фестываль аматарскіх тэатральных калектываў ў Магілёве “Святло рампы”] / Н. Зігуля // Звязда. — 2013. — 22 лістапада. — С. 6.
Каб адзначыць усіх дастойных на фестывалі аматарскіх тэатральных калектываў у Магілёве, у журы нават не хапала дыпломаў.
Гарадскі фестываль аматарскіх тэатральных калектываў «Святло рампы» праводзіцца ў Магілёве з 2000 года, але толькі ў апошнія гады ён пачаў набіраць сваю моц. На тэатральнай мове рампа — сімвал святла і творчых пошукаў. Філосаф кінікаў Дыяген, які жыў у Афінах і Карынфе ў IV стагоддзі да нашай эры, блукаў па рынкавай плошчы з высока ўзнятай паходняй — сімвалам пошуку ісціны і дабрачыннасці. У фестывалю таксама ёсць свая сімволіка — эмблема з газавай лямпай, вакол якой танцуюць матылькі. На свет «магілёўскай» рампы на гэты раз «зляцеліся» 11 аматарскіх тэатральных калектываў з Мінска, Магілёва, Хоцімска, Жодзіна, Оршы. На працягу 4 дзён яны абсалютна бясплатна радавалі жыхароў і гасцей культурнай сталіцы Беларусі і краін СНД сваім мастацтвам.
Як адзначыў на прэс-канферэнцыі фестывалю старшыня журы, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рыгор Баравік, шмат хто з прафесіяналаў таксама пачынаў на аматарскіх падмостках. «Нацыянальнае мастацтва гэта толькі ўзбагачае, — падкрэсліў ён. — Фестываль адметны тым, што ў ім удзельнічаюць не толькі заслужаныя калектывы і студыі, а нават гурткі. А значыць, у тэатральным мастацтве таксама існуе іерархія. Што вельмі добра, бо павінны быць умовы для развіцця і росту».
Дарэчы, хоць фестываль і сабраў аматараў, ацэнку іх творчасці давалі выключна прафесіяналы, сярод якіх — вядучы майстар сцэны Магілёўскага драмтэатра Аляксандр П’янзін, старшыня цыклавой камісіі тэатральных дысцыплін Магілёўскага каледжа мастацтваў Анжэліка Мельнікава.
Тэатральныя эксперыменты, як сведчыць фестываль, адбываюцца не толькі на прафесійнай сцэне. Чаго толькі варта выступленне тэатра-студыі «Шостае пачуццё» Дома культуры прадпрыемства «Метыз» Беларускага таварыства глухіх! Весела, яскрава, незвычайна. Іх «Прагулка для недушэўна хворых» уразіла сваёй нестандартнасцю.
— Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі нашага тэатра глуханямыя, яны вельмі добра адчуваюць сэрцам, — кажа звукааператар і «голас» калектыву Вольга Мельнікава. — А размаўляем мы на мове пластыкі. І, каб не стаяць на месцы, кожны год прымаем удзел у фестывалях вулічных тэатраў у Санкт-Пецярбургу, Яраслаўлі, Туле.
Мінскі народны тэатр «Рэха» праз тры гады адзначыць свой 60 гадовы юбілей. Па словах яго кіраўніка Андрэя Жураўскага, у калектыве ёсць жанчына, якая прыйшла ў тэатр, калі ён толькі адкрыўся. Зараз ёй амаль 75 гадоў. Сам Андрэй Жураўскі пачынаў свой творчы шлях у якасці акцёра ў 1985 годзе, потым дарос да рэжысёра. І такіх адданых тэатру непрафесіяналаў хапае. А фестывалі надаюць іх справе сэнс. На жаль, магілёўскі — пакуль адзіны ў Беларусі.
Тое, што аматарскі тэатр цікавы не толькі для яго ўдзельнікаў, але і для гледачоў, было прыкметна па іх колькасці. У суботу і нядзелю некаторыя нават не пакідалі сцен пляцовак, дзе адбываліся тэатральныя падзеі, глядзелі запар па некалькі пастановак.
Гран-пры адкрытага фестывалю аматарскіх тэатральных калектываў «Святло рампы» атрымаў народны тэатр «Валянцін» Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Яго пастаноўка «Кабала святош» па п’есе Міхаіла Булгакава пра жыццё і творчасць вялікага французскага камедыёграфа Жана-Батыста дэ Мальера была прызнана лепшым спектаклем. А кіраўніку тэатра Алегу Загароўскаму, які сыграў Мальера, дастаўся яшчэ і дыплом за лепшую мужчынскую ролю.
Прызам за лепшую жаночую ролю адзначана актрыса народнага аматарскага тэатра Аршанскага гарадскога Цэнтра культуры Алена Дзеравянка (спектакль «Няпрошаны госць»). А лепшай рэжысёрскай працай прызнаны спектакль «Тры навелы пра каханне» народнага моладзевага тэатра «Легіён» Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Акрамя асноўных намінацый, удзельнікам форуму былі ўручаны спецыяльныя прызы. Дарэчы, прыз глядацкіх сімпатый ад аматарскага аб’яднання рамеснікаў «Магілёўскія майстры» дастаўся тэатру-студыі «Шостае пачуццё». Некалькім калектывам журы фестывалю ўручыла свае ганаровыя граматы.
— Сёлета было вельмі складана выбраць пераможцаў, таму што кожны калектыў незвычайны, у кожнага — уласны твар, — адзначыў старшыня журы конкурснай праграмы фестывалю Рыгор Баравік.
Спатрэбілася нават увесці 7 дататковых дыпломаў, каб адзначыць усіх дастойных, — дадала член журы фестывалю, галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама Алена Мяжэніна.
Дарэчы, гэты фестываль запомніцца яшчэ і тым, што ў яго рамках выступіў знакаміты расійскі акцёр, кіраўнік маскоўскага тэатра «Сатырыкон» Канстанцін Райкін. Гэта быў падарунак Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі Магілёву як культурнай сталіцы Беларусі і краін СНД. Мона-спектакль Райкіна «Сваім голасам», дзе ен распавёў пра пачатак творчага шляху, свайго легендарнага бацьку, тэатр увогуле, стаў яркім завяршэннем фестывалю.
Магілёў ужо з’яўляецца сталіцай міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «Март-кантакт», які нязменна збірае вялікую колькасць сваіх прыхільнікаў. На гэты раз ішла гаворка аб тым, каб гарадскі фестываль аматарскіх тэатраў атрымаў статус рэспубліканскага. Можа, так яно і будзе?