На карысць міждзяржаўных адукацыйных праектаў

Зігуля, Н. На карысць міждзяржаўных адукацыйных праектаў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 11 студзеня. — С. 10.

Магілёўскі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт пачынаюць рэалізацыю шэрагу цікавых праектаў. Пра гэта паведаміла прарэктар БРУ па вучэбнай рабоце Наталля Валогіна. Стартам стала адкрыццё ў канцы года на базе БРУ беларуска-расійскага Цэнтра сучасных адукацыйных тэхналогій і гуманітарных навук. Гэта вынік падпісанага паміж ВНУ пагаднення падчас Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у чэрвені 2023 года ў Башкартастане. Удзел у адкрыцці цэнтра браў прарэктар па міжнароднай дзейнасці СПДУ Сяргей Андрушын.


Фота: bru.by

Фота: bru.by

— Сяброўства з расійскай ВНУ пачалося ў нас крыху раней, а Форум прыдаў яму канкрэтыку, — удакладніла суразмоўніца. — Улічваючы, што Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт глыбока класічны, а мы ВНУ — тэхнічная і ў нас няма вузкіх спецыялістаў па гуманітарных дысцыплінах, збіраемся развіваць міждысцыплінарнае супрацоўніцтва: праводзіць гістарычныя, рэгіянальныя, сацыяльна-палітычныя і іншыя даследаванні. У планах арганізаваць цыкл сумесных мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама правесці канферэнцыю, прысвечаную 200-годдзю паўстання дзекабрыстаў. У Санкт-Пецярбургскім універсітэце вельмі моцная школа гісторыкаў, у нас таксама шмат цікавай краязнаўчай інфармацыі на гэту тэму. Пэўны час у Магілёве нават быў музей дзекабрыстаў.

Універсітэты, па словах Наталлі Валогінай, разглядаюць магчымасці стварэння сеткавай адукацыйнай праграмы, але гэта патрабуе дэталёвай прапрацоўкі вучэбных планаў, выбудоўвання стратэгіі і падпісання асобнага дагавора аб рэалізацыі такога праекта. У якасці перспектыўнага кірунку разглядаецца праграмная інжынерыя.

У далейшым цэнтр будзе ўдасканальвацца. Мяркуецца, што разнапланавая дзейнасць паміж ВНУ пасадзейнічае пашырэнню акадэмічнай мабільнасці паміж студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам.

Нэлі ЗІГУЛЯ