У Магілёве ўручылі ключы ад новых аўтакрам

Зігуля, Н. У Магілёве ўручылі ключы ад новых аўтакрам / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 9 снежня. — С. 6.

Вы павінны быць правадніком айчынных тавараў у рэгіёны, асабліва ў глыбінку. Ад гэтага выйграюць усе. Але ўважліва ацаніце перспектывы. Калі гэта апраўдана, пастаўце на маршрут аўтакраму з нармальным графікам работы. Вяскоўцы павінны атрымаць якасную замену стацыянарнай краме.

Аляксандр Лукашэнка на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў

16 лютага 2024 года.

30 сучасных гандлёвых аўтамабіляў «МАЗ-Купава» паступіла на ўзбраенне Магілёўскага праўлення таварыства Белспажыўкааперацыі. Напярэдадні Новага года старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч ўрачыста ўручылі сертыфікаты і ключы ад машын кіраўнікам раённых арганізацый гэтага ведамства. Аўтамабілі набытыя ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 309 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі».


У краіне 513 аўтакрам, якія абслугоўваюць 13800 населеных пунктаў, з якіх 5800, дзе жыве да 10 чалавек. Але Беларусь — дзяржава сацыяльна арыентаваная і важны кожны чалавек. Старшыня праўлення Белкаапсаюза ў сваім выступленні адзначыла, што ведамства даедзе да кожнага і выканае любы спажывецкі попыт. Яна падкрэсліла, што на кааператарах ляжыць вялікая адказнасць за аказаную падтрымку.

— Усе нарматыўныя акты, якія прымаюцца ў нашай краіне, усе мэты і задачы, якія ставіць перад намі кіраўнік дзяржавы, накіраваны ў першую чаргу на паляпшэнне якасці жыцця нашага насельніцтва, — адзначыла яна. — На пачатку года Прэзідэнт выразна абазначыў патрабаванні да якасці абслугоўвання сельскага насельніцтва. Разумеючы, што ёсць шмат населеных пунктаў, дзе жыве мала людзей і развіцця бізнесу там няма, дзяржава аказвае каласальную падтрымку. Адпаведны Указ дае шмат прэферэнцый і мер для падтрымкі арганізацый Белкаапсаюза. У тым ліку і набыццё новых двухсот сарака аўтакрам на працягу трох гадоў.

Спікер паведаміла, што працягласць маршрутаў, па якім курсіруюць аўтакрамы, вельмі вялікая — да 200 кіламетраў. І кіраўнік дзяржавы ставіў перад айчыннымі вытворцамі аўтапрама задачу, каб гэтыя крамы на колах адпавядалі ўсім санітарным, тэхнічным і тэхналагічным патрабаванням. Новая аўтакрама дазваляе забяспечыць дастаўку поўнага набору ўсіх неабходных тавараў. Мінімальны асартыментны пералік уключае ў сябе не меней 120 найменняў, але часцей за ўсё гэта лічба ў 3-4 разы вышэй. Вядзецца таксама запіс заявак, а калі нехта не паспеў іх зрабіць на месцы, тавар можна заказаць праз кантакт-цэнтр ведамства.

— Сёння кааператары мабільныя, разумеюць тыя патрабаванні, мэты і задачы, якія перад імі стаяць. І вельмі ўдзячныя за падтрымку з боку дзяржавы, — рэзюмавала Інэса Караткевіч.

Старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін адзначыў, што раней людзі наракалі на невялікія вітрыны старых аўтакрам, абмежаваныя халадзільныя камеры. Сучасны варыянт гандлёвай машыны — гэта зусім іншая справа.

— Мы ж разумеем, што калі затрымаюцца людзі на сяле, якія вырошчваюць прадукцыю для нашага стала, значыць прадуктовая бяспека нам будзе забяспечаная, — аргументаваў старшыня аблсавета. —Для маленькіх пасёлкаў, вёсак, дзе жыве ўсяго 10-12 чалавек немэтазгодна трымаць стацыянарную краму. Сучасная аўтакрама здольная цалкам задаволіць спажывецкі попыт. Яшчэ адзін плюс у тым, што палепшыліся ўмовы работы і для прадаўцоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ 

Фота аўтара