Па дарогах Памяці і Славы

Зігуля, Н. Па дарогах памяці і славы / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 9 студзеня. — С. 5.

Сярод ушанаваных спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва — Магілёўская абласная арганізацыя БРСМ, тэлерадыёкампанія «Магілёў» і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава. Яны разам рэалізавалі міжнародны маладзёжны патрыятычны праект «Дарогамі Памяці і Славы».

Ініцыятыва нарадзілася ў маладзёжным асяроддзі пры падтрымцы непасрэдна старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Пачынаўся праект у 2022 годзе як абласны і ўжо на наступны год аб’яднаў моладзь не толькі Магілёўшчыны, але і расійскіх абласцей — Смаленскай, Бранскай, Ленінградскай, Астраханскай і Хабараўскага краю. Летась да яго далучыліся маладыя актывісты яшчэ і Тульскай, Калінінградскай, Маскоўскай абласцей і Мардовіі.

На працягу апошніх трох гадоў у дні, калі Беларусь і Расія святкуюць Перамогу над нямецка-фашысцкай Германіяй, стылізаваная калона з перасовачнымі музеямі, тэхнікай часоў Вялікай Айчыннай вайны, палявой кухняй адпраўляецца па шляху герояў-вызваліцеляў. Спачатку гэта былі раёны Магілёўскай вобласці, потым яшчэ Бранскай і Смаленскай. У кожным пункце маршруту ўдзельнікі аўтапрабегу сустракаюцца з мясцовым насельніцтвам, ладзяць адкрытыя дыялогі, флэшмобы, экскурсіі, канцэрты, закладваюць паркі.

Шмат водгукаў атрымалі перасоўныя музейныя экспазіцыі. У адной з іх свае знаходкі дэманстраваў Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру», ладзілі выстаўку актывісты БРСМ. Для другой тройчы рыхтаваў экспазіцыю Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава.

— Першы год яна была прысвечана дасягненням Магілёўшчыны, — расказвае намеснік дырэктара музея Аляксандра Буракова. — Потым экспазіцыі па
Вялікай Айчыннай вайне ствараліся разам з Бранскім дзяржаўным краязнаўчым музеем. У склад леташняй увайшлі экспанаты нашай унікальнай выстаўкі «80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны». Сярод іх — гімнасцёрка з Асіповіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, якая не так даўно была знойдзена на гарышчы старога дома. Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей падзяліўся незвычайнай каскай, якая была знойдзена падчас пошукавых работ. У ёй знаходзіўся невялічкі абразок свяціцеля Мікалая Цудатворца…

Сёлета Магілёў збіраецца ажыццявіць яшчэ адзін глабальны праект — адкрыць маштабны музей Славы Магілёўшчыны на Буйніцкім поле. Гэта будзе трэці філіял абласнога краязнаўчага музея. Два іншыя — абласны мастацкі музей імя П. Масленікава і Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі — з’явіліся ў апошнія дні снежня.

— Музей у Буйнічах будзе ўнікальны, — кажа Аляксандра Буракова. — Расіяне на ўзроўні Саюзнай дзяржавы прымаюць удзел у яго будаўніцтве. Тэматыка ў асноўным прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, але ў кантэксце гістарычнага шляху, пачынаючы ад трыццатых гадоў і заканчваючы сучаснымі.

Аляксандра Буракова адзначае, што музейная справа развіваецца дзякуючы падтрымцы дзяржавы. Напрыклад, у рамках праграмы «Культура Беларусі» былі абноўлены экспазіцыі шэрагу раённых музеяў.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Аляксандры БУРАКОВАЙ