Заблоцкі, А. Ёсць чым ганарыцца / Андрэй Заблоцкі ; запісала Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 10 студзеня. — С. 9.
Андрэй ЗАБЛОЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:
— У 2024 годзе было забяспечана стабільнае функцыянаванне рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Усюды выкананы прагнозныя паказчыкі і нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Прыняты канкрэтныя крокі па пашырэнні інфраструктуры адукацыйнай сферы.
Адчынілі дзверы дашкольныя ўстановы ў Магілёве і Бабруйску, уведзены ў эксплуатацыю сучасныя школы ў Магілёве і Асіповічах. На правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў устаноў адукацыі накіравана 86 мільёнаў рублёў. Заменены аконныя блокі ва ўсіх школах і дзіцячых садах. Завершаны пераход на арганізацыю харчавання ў адпаведнасці з новымі прынцыпамі. Для гэтага належным чынам абсталяваны харчаблокі і сталовыя. Цалкам вырашана пытанне падвозу навучэнцаў транспартам, не старэйшым за 10 гадоў. У найбліжэйшых планах — прадоўжыць абнаўленне матэрыяльнай базы навучальных устаноў. Сёлета плануецца ўдзяліць сур’ёзную ўвагу капітальнаму ремонту дзіцячых садоў, добраўпарадкаванню іх тэрыторый, замене надворнага і гульнявога абсталявання, ценявых навесаў.
Зараз у вобласці створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі права кожнага дзіцяці на якасную адукацыю. Арганізавана профільнае навучанне. Ахоплены спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйнай дапамогай дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пашыраецца сетка гурткоў, клубаў, спартыўных секцый. Створана дыферэнцыраванае адукацыйнае асяроддзе.
Сёння галіне адукацыі Прыдняпроўскага краю ёсць чым ганарыцца. Дасягненні педагогаў і навучэнцаў адзначаюцца на самым высокім узроўні. Нашы школьнікі паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. Летась каманда вобласці заваявала 95 дыпломаў: гэта лепшы вынік за 13 гадоў. Выдатна выступілі вучні на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць», заваяваўшы 1-е агульнакаманднае месца. Да таго ж навучэнцы ўзялі 11 медалёў рознай вартасці на міжнародных алімпіядах па хіміі, матэматыцы, фізіцы, астраноміі і інфарматыцы. Актыўна праяўляюць сябе школьнікі ў творчасці і спорце. Каля 80 дзяцей і педагогаў былі ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Многае апошнім часам зроблена ў прафесійнай адукацыі. У каледжах функцыянуюць 5 цэнтраў кампетэнцый. Упор робіцца на прафарыентацыю і дапрофільную падрыхтоўку навучэнцаў, накіраваную на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій. Уся работа вядзецца ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Такія алгарытмы дазволілі ў паўтара разу павялічыць мэтавы прыём.
Важна, што першачарговае значэнне ва ўстановах адукацыі надаецца не толькі якасці навучання, але і выхаванню. Штодзень педагогі прывіваюць дзецям духоўна-маральныя якасці, грамадзянскасць 1 патрыятызм. Прыярытэт выхаваўчай работы будзе захоўвацца. Асаблівую ролю ў выхаванні плануецца надаць фарміраванню канструктыўнай пазіцыі моладзі, далучэнню маладых людзей да акгыўнай стваральнай занятасці. Прадумваем магчымасці для ўмацавання ўзаемадзеяння з сем’ямі навучэнцаў.
Галоўным нязменна застаецца асоба настаўніка. Трэба не забываць пра тое, што мы нясём персанальную адказнасць за юныя душы, за тое, як складзецца жыццё вучняў. Якімі б тэхналогіямі ні была абсталявана школа, ключавой фігурай быў, ёсць і будзе педагог. Настаўнікам неабходна заўсёды памятаць, што наша задача — не проста даць веды, а ўласным прыкладам выхаваць будучага дастойнага грамадзяніна сваёй краіны. Сумеснымі намаганнямі ў педагагічнай грамадскасці Магілёўшчыны гэта атрымліваецца. Разам будзем ісці да вызначаных мэт і ў далейшым.
Запісала Ганна СІНЬКЕВІЧ.