Свой абавязак мы выканалі

Каралёў, У. Свой абавязак мы выканалі / Уладзімір Каралёў ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 15 лютага. — С. 8—9.

Што прыдавала сілы маладым хлопцам на вайне ў Афганістане

Гонар, патрыятызм, грамадзянскі доўг для Уладзіміра Каралёва — не проста словы. У канцы 70-х мінулага стагоддзя напружаная абстаноўка на паўднёвых граніцах СССР і ваенныя падзеі ў суседнім Афганістане прымусілі савецкі ўрад прыняць рашэнне аб уводзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў на тэрыторыю чужой краіны.


Сярод тых, каму прыйшлося ваяваць у Афганістане на працягу двух гадоў, быў і 18-гадовы салдат тэрміновай службы Уладзімір Каралёў. Сёння ён узначальвае Магілёўскую абласную арганізацыю Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і расказвае маладому пакаленню, як важна быць адданым сваёй Радзіме і стаць на яе абарону, калі гэта спатрэбіцца.

Справа гонару

На вайну ў Афганістане Уладзімір Каралёў трапіў, лічы, пасля школы. Быў прызваны на тэрміновую службу Горацкім райваенкаматам у маі 1983 года. Да арміі рыхтаваўся мэтанакіравана, паспеў нават тройчы скокнуць з парашутам. У выніку быў залічаны ў паветрана-дэсантныя войскі. Спачатку быў перасыльны пункт у Магілёве, потым двухдзённая дарога на цягніку да Ферганы. Інтэнсіўная падрыхтоўка на працягу двух месяцаў, дзе навабранцаў вучылі з рукзакамі, набітымі камянямі, пераадольваць сопкі, змагацца з нябачным ворагам. Пасля кароткай вучобы — пералёт у Кабул, а адтуль на верталётах у Гардэз — сталіцу правінцыі Пактыя, на месца дыслакацыі 56-й гвардзейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады.

— Псіхалагічна нас рыхтавалі, хоць мне, маладому хлопцу, было цяжка прыстасавацца да той абстаноўкі, — прызнаецца суразмоўнік. — І гэта пры тым, што ў савецкі час мы былі больш падрыхтаваныя, чым сённяшняя моладзь. Служба ў арміі лічылася справай гонару, «касіць» было сорамна.

Назаўжды ў памяці першая баявая аперацыя, першая страта таварыша, халодны подых смерці… Калона рухалася ў напрамку да Пакістана. Зусім яшчэ пачатковец, радавы Уладзімір Каралёў забяспечваў сувязь пры суправаджэнні калоны. Работа адказная, а ён толькі пачынаў працаваць на пераносных радыёстанцыях. Малады сувязіст разам з камандзірам брыгады спачатку ляцеў на верталёце, потым перасеў на грузавік ГАЗ-66, а затым зноў вярнуўся на верталёт. Ужо ў паветры даведаўся, што той грузавік, дзе ён знаходзіўся некаторы час, быў падарваны. Загінулі двое стараслужачых, адзін з іх зусім хутка павінен быў адправіцца дамоў…

З насельніцтвам кантактаваць прыходзілася ў асноўным толькі падчас баявых аперацый.

— Выяўлялі бандфарміраванні. Іх спачатку «адпрацоўвалі» артылерыя, верталёты, потым ішлі мы — салдаты на чале з афіцэрамі, — расказвае суразмоўнік. — На месца нас закідвалі на баявой тэхніцы або на верталётах, мы ішлі па кішлаках і рабілі зачысткі. Успрымалі нас па-рознаму: нехта запрашаў гарбаты папіць, нехта трымаўся адчужана. Мужчын, як правіла, не было. Заставаліся толькі інваліды, жанчыны і дзеці.

Школа мужнасці

Апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Афганістана 36 гадоў таму. Сёння самым маладым «афганцам», што ваявалі, 55 гадоў. У Магілёўскай вобласці іх засталося крыху болей чым 3000 чалавек. І ў кожнага тая вайна глыбока ў памяці.

— Што важна ўмець на вайне? Як наогул да яе можна падрыхтавацца? — пытаюся ў былога радавога, а цяпер ужо афіцэра запасу.

— У першую чаргу важна добрая фізічная падрыхтоўка. А таксама — маральная, псіхалагічная. Тут усё залежыць ад таго, як ты сам сябе настроіш. А яшчэ ад таго, як цябе падрыхтавалі ў школе, вучылішчы, інстытуце. У Афганістане мы падтрымлівалі мясцовы ўрад, але народ там складаны, шмат розных кланаў, яны паміж сабой усё жыццё ваююць.

— Адчувалася, што абстаноўка каля паўднёвых граніц СССР была сапраўды напружаная?

— Так, безумоўна. Імкненне стварыць каля нашых граніц несяброўскую абстаноўку прысутнічала. НАТА збіралася ўвайсці ў Афганістан, і, калі б мы іх не апярэдзілі, яны б ужо стаялі каля паўднёвай граніцы Савецкага Саюза. Так, як сёння яны могуць стаяць ва Украіне каля нашай і расійскай граніц. У СССР былі сяброўскія сувязі з Афганістанам, нашы спецыялісты там будавалі дарогі, жыллё. Мяцяжы, узброеныя выступленні ісламскай апазіцыі сталі нагодай для ўвядзення ў Афганістан абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў.

— Ці было разуменне ў вас, тады яшчэ зусім маладых салдат, важнасці той складанай задачы, якую ставілі перад вамі?

— Мы ўспрымалі гэта як інтэрнацыянальны доўг. Помню, як мы, чалавек 200, а мо і больш, перад адпраўкай у Афганістан стаялі на пляцы і слухалі афіцэраў, якія ваявалі ў Афганістане. Потым прагучала каманда выйсці на два крокі са строю, калі няма жадання ехаць служыць у Афганістан. Выйшаў толькі адзін чалавек. Уявіце сабе, толькі адзін. І тое, як нам потым патлумачылі, гэта было звязана з сямейнымі абставінамі.

— Калі пакідалі Афганістан, было адчуванне, што вы выканалі свой доўг?

— Так. Наогул, нашы войскі выйшлі з Афганістана спакойна, выканаўшы свой доўг, а натаўцы, якія зайшлі пасля нас, потым адтуль беглі. Нельга забываць таксама, што ў канцы 70-х праз паўднёвыя рубяжы ў Савецкі Саюз сталі пранікаць зброя, наркотыкі. І гэта было прыпынена. Ва ўсякім разе на тыя дзесяць гадоў, калі там знаходзіліся савецкія войскі.

— Па сутнасці, сёння вы сталі пераемнікамі салдат і камандзіраў Вялікай Айчыннай вайны. І з першых вуснаў можаце расказаць моладзі праўду пра вайну.

— У мяне два дзяды загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, бацькі на сабе зведалі, што такое голад і холад. Нашаму пакаленню не трэба было тлумачыць, як важна абараняць Радзіму. Сённяшняя моладзь ведае пра вайну толькі па кнігах і фільмах. Наш доўг расказаць ім, што яна ўяўляе сабой на самай справе.

Расказваем, як раслі, як вучыліся, як рыхтаваліся да службы ў арміі. У школах была зброя, якую мы на ўроках па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы разбіралі і збіралі. Прычым усе — і хлопцы, і дзяўчаты. Мы ведалі: калі нешта здарыцца, зможам пастаяць за сябе. Сёння ў школах, на жаль, няма такой матэрыяльнай базы. Але трэба гэта вяртаць. Мы бачым, што робіцца каля нашых граніц, і павінны быць гатовымі да ўсяго.

Многія члены нашай грамадскай арганізацыі — людзі, якія працуюць. Мы шмат увагі ўдзяляем фізічнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Выязджаем у раёны, праводзім сумесныя са школьнікамі і навучэнцамі спартыўныя спаборніцтвы. Асабліва многа іх напярэдадні даты вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У Горацкім раёне, напрыклад, тры спартыўныя мерапрыемствы прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам — па хакеі з шайбай, вольнай барацьбе, конным спорце. У Магілёве адно з найбольш яркіх мерапрыемстваў — спаборніцтва па дзюдо памяці Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава. Нашы баявыя таварышы пайшлі з жыцця маладымі, і іх нельга забываць. Бо яны аддалі свае жыцці за мірную будучыню нашай краіны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Уладзіміра КАРАЛЁВА