Крэатыўныя, моцныя, працавітыя

Зігуля, Н. Крэатыўныя, моцныя, працавітыя / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 25 лютага. — С. 14.

У Магілёве агучылі імёны пераможцаў «Чалавека года Магілёўшчыны» і назвы раёнаў-пераможцаў

Святочны канцэрт з віншаваннямі і кветкамі стаў падарункам тым, хто сваёй працавітасцю і стараннасцю садзейнічаў дасягненню новых вяршынь у сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўшчыны. У Палацы культуры вобласці агучылі прозвішчы 14 прадстаўнікоў розных галін дзейнасці, якія атрымалі званне «Чалавек года», і назвалі тры раёны, што сталі пераможцамі штогадовага спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці.


— У аснове поспехаў нашай вобласці заўсёды стаяў і будзе стаяць чалавек — працавіты, сумленны і таленавіты, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — 2025 год даў старт пяцігодцы якасці. Гэта каласальны прастор для ініцыятывы. Таму мы павінны павысіць не толькі якасць тавараў і паслуг, галоўнае — павысіць якасць жыцця нашых людзей. Перакананы, нельга спыняцца на дасягнутым, трэба пастаянна ісці наперад, ставіць перад сабой высокія мэты і абавязкова дасягаць іх. Кожны павінен сваёй працай, стаўленнем да даручанай справы даказаць, што мы дастойныя нашчадкі
воінаў Перамогі, 80 гадоў з дня якой мы сёлета адзначаем.

Сярод уладальнікаў ганаровага звання «Чалавек года»: артыст-вакаліст, вядучы майстар сцэны Магілёўскай абласной філармоніі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Павел Усовіч; сярэбраныя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў-24 у Парыжы, спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце) і Яўген Залаты (акадэмічнае веславанне); старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк; дэпутат Магілёўскага гарсавета, дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Фестывалі бай», суарганізатар маштабнай патрыятычнай акцыі, прысвечанай Дню народнага адзінства, «Беларусь, наперад!» і першага рэаліці-шоу «Фабрыка блогераў» Аляксандр Лаўрыновіч.

Дарэчы, блогеры таксама актыўна асвятлялі мерапрыемства.

— Гэта падзея не толькі для яе ўдзельнікаў, але і для ўсёй Магілёўскай вобласці, бо падводзяцца вынікі, — падзяліўся эмоцыямі Аляксандр Лаўрыновіч. — Я вельмі рады, што «Фабрыка блогераў» трапіла ў спіс дасягненняў. Шчыра ўдзячны за гэта Магілёўскаму аблвыканкаму і асабіста губернатару Анатолю Ісачанку. Нягледзячы на мноства іншых важных спраў, ён не застаўся ў баку ад праекта, штодня кантраляваў яго прасоўванне. Хачу падзяліцца, што і на сёлета ўжо запланавана шмат цікавых і захапляльных праектаў.

Высокі клас у дасягненні значных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў прадэманстравалі раёны Магілёўшчыны. Тры з іх — Кіраўскі, Бялыніцкі і Хоцімскі — прызнаныя пераможцамі і атрымалі грашовую падтрымку. Дыплом І ступені і грашовую ўзнагароду ў памеры 450 базавых велічынь уручылі кіраўніцтву Кіраўскага раёна.

— Мы паўтарылі поспех 2023 года, — з гонарам адзначыла старшыня Кіраўскага райвыканкама Галіна Слабоднікава. — Але, як вядома, утрымаць пазіцыі значна складаней, чым дасягнуць іх. У нас гэта атрымалася.

На жаль, памеры залы не ўмясцілі ўсіх тых, хто сваім прыкладам, сваёй працай рабіў унёсак ў развіццё роднай Магілёўшчыны. Але віншаванні гучалі ў адрас усіх жыхароў рэгіёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ