Інвестыцыі ў здароўе

Зігуля, Н. Інвестыцыі ў здароўе / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 1 сакавіка. — С. 10—11.

Магілёўскім ўрачас стварылі ўнікальныя умовы для аказання экстраннай дапамогі

Новы корпус экстраннай хірургіі Магілёўскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, які працуе з пачатку года, — прыклад клопату дзяржавы пра здароўе нацыі. Тут створана высокатэхналагічная база для аказання неадкладнай дапамогі пацыентам з хваробамі кровазвароту — сёння гэта адна з прычын высокай смяротнасці ва ўсім свеце. У адпаведнасці з пасылам Прэзідэнта асноўнай задачай аховы здароўя лічыцца зніжэнне лятальнасці ад кіраваных прычын. І новы корпус на ўсе 100 % адпавядае гэтай мэце.

ПАМЕРАМІ З ФУТБОЛЬНАЕ ПОЛЕ

Сучасны васьміпавярховы будынак бальніцы ўражвае сваёй маштабнасцю. Для таго каб яго ўзвесці, прыйшлося ліквідаваць 12 старых будынкаў і збудаванняў бальніцы (установе болей чым 220 гадоў!) і адзін з былых карпусоў завода «Ольса». Плошча забудовы — 50 на 100 метраў — памеры, лічы, футбольнага поля. Даўжыня калідораў у новым корпусе складае каля 100 метраў. Каб аблегчыць працу медработнікаў, а таксама для павышэння аператыўнасці і хуткасці, на першых самых доўгіх чатырох паверхах выкарыстоўваюцца сродкі індывідуальнай мабільнасці — трыцыклы і скутары.

— Гэты момант мы падглядзелі ў адной з замежных універсітэцкіх клінік, — расказвае галоўны ўрач бальніцы Павел АРЭХОЎСКІ. — Праект унікальны для Беларусі ў першую чаргу тым, што нетыповы. Архітэктары ўлічылі ўсе нашы пажаданні. Тут сканцэнтраваны ўсе веды і ўменні, якія наш медперсанал па крупінках назапашваў, вывучаючы сусветны вопыт. Корпус цалкам зроблены пад нашы патрэбы. Для такіх бальніц, як наша, дзе акцэнт робіцца на аказанні неадкладнай медыцынскай дапамогі, галоўны фактар — гэта час. Паміж дастаўкай пацыента ў прыёмны пакой і пачаткам спецыялізаванага лячэння ён павінен быць мінімальны.

Корпус разлічаны на трыста пяцьдзясят пяць ложкаў. Першы паверх практычна цалкам прызначаны для абследавання. Зона ўмоўна падзелена на экстраную і амбулаторную. Усе аддзяленні забяспечаны палатамі інтэнсіўнай тэрапіі і ўкамплектаваны самым сучасным абсталяваннем. Гонар для бальніцы — ангіёграф ад сусветна вядомага вытворцы, які набыты па лініі Міністэрства аховы здароўя. Адзін са знакавых аб’ектаў праекта — паталага-анатамічнае аддзяленне.

— Тут у тым ліку праводзяцца даследаванні, якія ўплываюць на прыняцце рашэнняў падчас аперацыйнага ўмя-шання, — заўважае суразмоўнік. — На прыклад, аперацыя пачыналася як звычайная, але падчас яе правядзення ўзніклі падазрэнні на анкалагічную паталогію. Чалавек застаецца ў наркозе, а кавалачак яго тканкі перадаецца на тэрміновае гісталагічнае даследаванне. На працягу 10-15 хвілін прыходзіць адказ, і мы разумеем, з чым маем справу. Гэта вызначыць аб’ём аперацыі.

ДАСЛЕДАВАННІ НА ПРАЦУЮЧЫМ СЭРЦЫ

Медыцына апошнім часам вельмі імкліва развіваецца. Тэхніка становіцца ўсё больш разумная і складаная, што дазваляе рабіць даследаванні, пра якія нядаўна чалавецтва толькі марыла.

— Разам з ангіёграфам мы атрымалі першы на тэрыторыі СНД апарат унутрысасудзістай ультрагукавой дыягностыкі, — кажа Павел Арэхоўскі. — Гэта вынік прагрэсу ў сістэме аховы здароўя. Пры правядзенні каранаангіёграфіі спецыяльны датчык уводзіцца ў пашкоджаны сасуд і ўльтрагукам мераецца яго дыяметр. Гэта дае магчымасць максімальна эфектыўна ўстанавіць стэнт. Стэнту такім выпадку будзе працаваць максімальна эфектыўна і доўга. А гэта вельмі істотна паляпшае вынікі лячэння.

Па словах галоўнага ўрача, абсталяванне бальніцы дапамагае выконваць дынамічныя даследаванні ў руху, напрыклад на працуючым сэрцы. Гэта значна паляпшае і дыягностыку, і якасць лячэння. Лапараскапічнае абсталяванне ад вядомых сусветных вытворцаўдасць магчымасць павялічыць колькасць і якасць аперацый малаінвазіўным чынам. Атуліевы лазер адкрывае дадатковыя магчымасці ў лячэнні мачакаменнай хваробы, адэномы прастаты, варыкознай хваробы сасудаў ніжніх канечнасцяў, іншай паталогіі.

НЕ ТОЛЬКІ ЛЯЧЭННЕ

У жніўні мінулага года бальніца, якая мела статус гарадской, стала клінічнай. На яе базе адкрыты кафедры «Анестэзіялогія і рэанімацыя» і «Уралогія» Гомельскага медуніверсітэта. Сёлета тут збіраюцца аднавіць супрацоўніцтва з кафедрай «Акушэрства і гінекалогіі» Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, сувязі з якай перарваліся падчас пандэміі ковіду.

— Работа ў гэтым кірунку дазваляе нам праводзіць клінічныя іспыты,- кажа Павел Арэхоўскі.

СА ЗНАКАМ ЯКАСЦІ

Знамянальна, што перадавы корпус бальніцы адкрыўся напачатку пяцігодкі якасці.

— Перакананы, што новыя магчымасці дазволяць нам значна павысіць якасць паслуг, — адзначае Павел Уладзіміравіч. — З такімі тэхналогіямі і абсталяваннем, якія мы атрымалі, можна істотна знізіць працягласць лячэння пацыента ў бальніцы, паменшыць колькасць часу яго рэабілітацыі. У цэлым усё гэта прынясе адчувальны эканамічны эфект краіне.

Дарэчы, пытанне маштабнага будаўніцтва доўга заставалася адкрытым, бо патрэбны былі вельмі вялікія сродкі. З мёртвага пункта ўсё зварухнулася дзякуючы былому старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніду Зайцу. Менавіта ён пасля азнаямлення з умовамі работы бальніцы звярнуўся да Прэзідэнта з просьбай узгадніць будаўніцтва такога корпуса. І — атрымаў адабрэнне.

— Мы вельмі ўдзячны Леаніду Зайцу за тую падтрымку, якую ён нам аказаў, — адзначае галоўны ўрач. — У рэгіёне з’явіўся вялікі сацыяльна значны аб’ект, які будзе працаваць на карысць не толькі вобласці, але і ўсёй краіны. Сёння нашымі паслугамі карыстаюцца жыхары практычна ўсіх абласцей. Некалькі гадоў таму мы першыя ў краіне адкрылі такі комплексны від дыягностыкі, як абследаванне за адзін дзень. Чалавек загадзя ўзгадняе з нашым кантактным цэнтрам праграму абследавання і прыязджае. Ён забяспечваецца індывідуальным суправаджэннем і на працягу дня праходзіць усе цікавыя яму абследаванні. На выхадзе атрымлівае заключэнне спецыяліста і рэкамендацыі. Яшчэ адзін кірунак, які карыстаецца нязменным поспехам, — пластычная эстэтычная хірургія. За гэтымі паслугамі да нас звяртаюцца жыхары нават суседніх краін. За пазабюджэтныя грошы і сродкі спонсараў мы пабудавалі асобны будынак і цяпер маем надзейную крыніцу экспарту паслуг.

Нэлі ЗІГУЛЯ.