Піўкарэц, Д. На кончыках пальцаў, на струнах душы / Данііл Піўкарэц // Культура. — 2025. — 28 лютага. — С. 6.
Інклюзіўны выдавецкі праект “Рэспубліка Беларусь у фармаце ТЫФЛА” ўдастоены гранта Прэзідэнта ў сферы культуры.
Аўтар праекта — Ірына Пунчанка, загадчыца аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва. Сутнасць задумы заключаецца ў выданні твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў шрифтам Брайля — рэльефна-кропкавай тактыльнай сістэмай, распрацаванай для людзей з парушэннямі зроку.
3 КНІГАЙ ПАЖЫЦЦІ
Ірына Пунчанка працуе ў бібліятэцы ўжо 15 гадоў і з’яўляецца сапраўдным майстрам сваёй справы.
— Жыву ў Магілёве з дзяцінства, — расказвае Ірына Міхайлаўна. — Побач з нашым домам была вялікая дзіцячая бібліятэка. Школьніцай, пасля заняткаў, я бавіла ў ёй час: чытала кнігі і журналы, удзельнічала ў мерапрыемствах. Я палюбіла атмасферу гэтага месца, таму адразу пасля заканчэння тэхнікума паступіла на адпаведную спецыяльнасць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Размеркавалася ў магілёўскую Цэнтральную гарадскую бібліятэку і да гэтага часу працую на карысць наведвальнікаў і ўстановы, якая ўжо стала роднай.
Праект “Рэспубліка Беларусь у фармаце ТЫФЛА” — сур’ёзны выклік для спецыяліста. Ініцыятыва, накіраваная на сацыялізацыю невідушчых людзей і далучэнне іх да чытання твораў беларускіх пісьменнікаў, будзе ажыццяўляцца на працягу года.
ЧЫТАННЕ БЕЗ МЕЖАЎ
Задума рэалізуецца на базе Магілёўскай дзіцячай бібліятэкі-філіяла №2 — менавіта там працуе абанемент па абслугоўванні людзей з парушэннямі зроку.
— Ва ўстанове сабрана больш за тры тысячы кніг, выдадзеных рэльефна-кропкавым і ўзбуйненым плоскадрукаваным шрыфтамі, — адзначае наша гераіня. — Але друкаваная калекцыя была прадстаўлена пераважна кнігамі расійскіх і замежных аўтараў. Цяпер людзям з парушэннямі зроку будзе даступная родная літаратура.
Спіс твораў быў састаўлены з дапамогай старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Карлюкевіча: сучасная проза і паэзія для чытачоў усіх узростаў ад пісьменнікаў з розных абласцей краіны.
— Да выдання таксама запланаваны вершы ўласнага складання невідушчых паэтаў. Сярод людзей з асаблівымі патрэбамі вельмі шмат творчых асоб, сапраўдных талентаў. 1х работы павінны быць апублікаваныя. У гэтым кантэксце трэба адзначыць наша цеснае супрацоўніцтва з магілёўскім аддзяленнем Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, якое ўзначальвае Наталля Панцялеева. Прадстаўнікі арганізацыі кансультуюць нас па пытаннях інклюзіўнасці. I мы вельмі ўдзячныя ім за гэта, — падкрэслівае Ірына Міхайлаўна.
Сродкі, выдзеленыя ў рамках гранта, пойдуць на практычную рэалізацыю задумы. Бібліятэка закупіць матэрыялы і абсталяванне, неабходныя для стварэння якасных экзэмпляраў кніг.
— Мы набудзем вялікія выставачныя стэлажы, а таксама лазерны прынтар, брашуратар і пластыкавыя панэлі для друку, на якіх спецыяльнай прыладай будзе выбіты шрыфт Брайля. У выніку кнігі будуць больш даўгавечнымі ў параўнанні з выдадзенымі на шчыльнай паперы.
Ірына Пунчанка запэўнівае, што першыя экзэмпляры будуць даступныя ўжо ў пачатку лета. На канец года запланавана прадстаўленне вынікаў праекта. Чытачы змогуць атрымаць кнігі на абанеменце па абслугоўванні людзей з парушэннямі зроку. Уся друкаваная калекцыя будзе выдавацца на дом на тэрміны, устаноўленыя бібліятэкай.
РОЎНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ
Праект “Рэспубліка Беларусь у фармаце ТЫФЛА” не першы вопыт супрацоўнікаў магілёўскіх бібліятэкараў у арганізацыі інклюзіўных ініцыятыў. Летась на сродкі Прэзідэнцкага гранта быў рэалізаваны праект “Кранальная зала”.
— Была створана спецыялізаваная арт-прастора, дзе невідушчыя і слабавідушчыя людзі маглі азнаёміцца з макетамі архітэктурных брэндаў культурна-гістарычнай спадчыны, — адзначае Ірына Пунчанка. — Падрыхтаваны ЗD-мадэлі славутасцей нашай вобласці: гарадской ратушы і капліцы ў мемары яльным комплексе “Буйніцкае поле”, а таксама іншых адметных месцаў — Мірскага замка, полацкага Сафійскага сабора і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, помнікаў Вялікай Айчыннай вайны — скульптуры “Няскораны чалавек” з мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, манумента Перамогі ў Мінску і Холмскай брамы Брэсцкай крэпасці. Для гасцей даступныя экскурсіі ў агучаным і друкаваным фармаце — з выкарыстаннем спецыялізаваных шрыфтоў.
Яшчэ адзін прыклад — адкрыццё Цэнтра дзелавога, дасугавага і адаптыўнага чытання для людзей з парушэннямі зроку на базе Магілёўскай дзіцячай бібліятэкі-філіяла №2. Яго стварэнне стала магчымым дзякуючы дзяржаўнай праграме “Сацыяльная абарона”.
Супрацоўніца бібліятэкі падкрэслівае, што падобныя праекты не страчваюць сваёй актуальнасці, а чытачы заўсёды падтрымліваюць іх рэалізацьпо.
— Нельга забываць, што і для людзей з парушэннямі зроку многія заняткі і хобі занадта складаныя ці ўвогуле недаступныя, — дзеліцца думкамі Ірына Міхайлаўна. — Таму трэба выдаваць больш кніг рэльефна-кропкавым шрыфтам — у тым ліку сучасную беларускую літаратуру. Бо людзі з асаблівымі патрэбамі павінны мець роўны з усімі доступ да бібліятэчных паслуг.
Данііл Піўкарэц