Гандлёвая, Губернатарская, Савецкая, Славы / Наталля Прачакова ; запісала Алёна Кухарава // Веснік Магілёва. — 2024. — 10 января. — С. 10.
Гарадская плошча
Самай старой гарадской плошчай Магілёва лічыцца плошча Славы, раней Гандлёвая, Губернатарская і Савецкая. Тут у свой час віравала жыццё: размяшчаліся драўляныя і каменныя крамы заможных купцоў, рамеснікаў, скупшчыкаў. Насупраць ратушы месціўся ганебны слуп, дзе згодна з прысудам магістрацкага суда адбываліся пакаранні.
Пасля далучэння ў 1772 годзе Магілёва да Расійскай Імперыі Гандлёвая плошча стала Губернатарскай. Крамы і іншыя будынкі былі знесены, а па перыметры ўзвялі 4 двухпавярховыя памяшканні ў I стылі класіцызму: дом губернатара, губернскага праўлення, дом віцэ-губернатара і будынак, дзе размясціліся земскі суд, медыцынская ўправа, архіў, а пазней — акруговы суд.
Сваю новую назву плошча атрымала ў 1919 годзе. У гонар 2-га Губернскага з’езда Саветаў (праходзіў у будынку гарадской управы — зараз ЗАГС), які абвясціў 15 снежня 1917 года савецкую ўладу ў Магілёўскай губерні. З таго часу плошча стала звацца Савецкай.
У пачатку ліпеня 1920 года на плошчы былі пахаваныя 13 байцоў 35-га бронеатрада (камандзір — магілёвец М.М. Грачоў), 66-га стралковага палка і іншых частак 16-й арміі, якія былі знішчаныя ў баі з белапалякамі.
У перыяд нямецкай акупацыі Савецкая плошча была месцам публічнага пакарання патрыётаў-падпольшчыкаў.
У 1980-1982 гг. плошча была зноў рэканструявана. Мемарыяльны ансамбль «Змагарам за савецкую ўладу» адкрыты Юліпеня 1982 года.
Магілёўскія муры
Як кожны годны горад, Магілёў таксама меў замак. Паводле звестак Баркалабаўскага летапісу ў 1526 годзе ён узведзены на тары Магіле на месцы былога дзядзінца, аб выглядзе якога дакладна невядома.
Замак займаў зручнае стратэгічнае становішча. Размешчаны на высокай тары з пакручастымі схіламі, ён быў абкружаны выгінам Дняпра і яго прытокам Дубравенкай і аддзелены ад горада глыбокім ірвом з вадой.
Замак выконваў дзве функцыі: ваенную і адміністрацыйную (тут адбываліся паседжанні мясцовых шляхецкіх судоў).
Згодна інвентару 1604 г. можна ўявіць выгляд драўляных умацаванняў Магілёва XVI ст. Умацаванні магілёўскага замка складаліся з драўляных сцен і сямі вежаў, якія ў плане ўяўлялі замкнёны пяцікутнік.
Вежы былі васьмігранныя. Іх унутраная прастора драўлянымі насціламі дзялілася на тры-чатыры ярусы, на якіх размяшчаліся гарматы. Сцены вежаў былі шматслойнымі, што рабіла іх устойлівымі пры гарматных абстрэлах. Вежы служылі таксама дазорнымі пунктамі. У некаторых з іх знаходзіліся брамы.
Паміж вежамі рабілі гародні — асобныя зрубы, якія прылягалі адно да аднаго і былі засыпаны зямлёй і каменнем. Гародні падзяляліся на два ярусы; у частцы з іх былі абсталяваныя спецыяльныя памяшканні — каморы, што выкарыстоўваліся ў час баявых дзеянняў, а таксама ў гаспадарчых мэтах. На гароднях рабіліся тэрасы — земляныя пляцоўкі для вядзення бою, якія звонку і ўнутры агароджваліся драўлянымі сценамі з байніцамі і былі пакрыты двухсхільным гонтавым дахам.
На тэрасы вялі драўляныя прыстаўныя лесвіцы. Каб захаваць замак ад пажару, вежы і гародні абмазвалі глінай і бялілі. Галоўны ўезд у замак быў праз вежу-браму. Яна размяшчалася адразу ж за гандлевай плошчай. У ёй былі падвойныя вароты з невялікімі навяснымі дзвярыма. Да варот быў прымацаваны драўляны пад’ёмны мост на ланцугах. Вежа была трох’яруснай з трохслойнай сцяной знадворку, а ўнутры двухслойнай.
Паміж гароднямі існаваў патаемны ход, які вёў да ракі. Яшчэ адзін уезд у замак быў зроблены праз вароты з пад’ёмным мастом чатырох’яруснай вежыбрамы, якая знаходзілася ў сутоку Дняпра і Дубравенкі.
У замку знаходзіліся неабходныя жылыя, гаспадарчыя і бытавыя будынкі (свірны, пякарня, кухня, лазня); збудаванні, звязаныя з абарончымі патрэбамі (цэйхгауз і памяшканні для захавання гармат і пораху); стайні, культавыя і адміністрацыйныя пабудовы (царква, астрог, стражніцкая). Такім чынам, натэрыторыі замка знаходзілася ўсё неабходнае, каб гарнізон мог вытрымаць працяглую аблогу і даць прытулак гараджанам.
Замак неаднаразова цярпеў ад пажараў і аднаўляўся. У 1633 г., у дадатак да ўласна замка, завяршаецца ўзвядзенне новых абарончых умацаванняў з валамі, рвамі і бастыёнамі, якія больш адпавядапі часу.
Так, Магілёў у гэты час займеў развітую абарончую сістэму ўмацаванняў, якая складалася з трох паясоў.
Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Магілёў страціў сваё стратэгічнае абарончае значэнне. Драўляныя замкавыя пабудовы без дагляду прыйшлі ў заняпад і з часам былі знесеныя. Па загадзе новага губернатара А. Дэмбавецкага ў 1872 годзе на пусташы замкавай гары быў пасаджаны гарадскі сад. Праз 20 год, калі дрэвы выраслі, гарадскі сад ім. Дэмбавецкага быў адкрыты для наведвальнікаў. Сёння мы ведаем яго як парк імя М. Горкага. А валун у цэнтры парка нагадвае аб былым магілёўскім замку.
Сімвал самастойнасці
Будаўніцтва гарадской ратушы — сімвала гарадскога самакіравання — пачалося ў Магілёве ў 1578 годзе пасля атрымання горадам у 1577 годзе Магдэбургскага права.
Першапачаткова ратуша была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту і яе месцазнаходжанне змянялася.
4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў пабудаваны да 1681 года, а цалкам будаўніцтва завершана ў 1698 годзе. Гэта быў адзін з лепшых помнікаў грамадзянскай архітэктуры Беларусі. Будынак быў крыты дахоўкай, меў два ганкі (вялікі і малы), над якімі размяшчаліся пазалочаныя ветранікі.
Вежа ратушы сталася дамінантай на мясцовасці, мела вышыню 47 метраў. Гісторыя захавала імёны будаўнікоў ратушы: гэта магілёўскія майстры Феска і Афанас, муляры Ігнат, Недасек, Васька, Андрэй, Сямён і Грышка, мастак Афанас Пігарэвіч. На 1-м паверсе будынка знаходзіліся «сені», «вялікая ізба», дзе на чале з войтам праходзілі суды. Тут жа размяшчалася канцылярыя, а таксама памяшканне, дзе захоўваліся бягучыя справы магістрата. Другі паверх займалі «сені», судовая ізба, у якой праходзілі суды пад кіраўніцтвам бурмістра і дарадцаў, зала сходу магістратаў і некалькі службовых памяшканняў. У цокальным паверсе знаходзіліся скарбніца, сховішчы і вязніца. У сутарэнні пад вежай жыў вартаўнік.
У 1773 годзе пасля ўваходжання Магілёва ў склад Расійскай імперыі ў горадзе пачынаецца актыўная перабудова, якую зазнаў і будынак ратушы: змянілі ўнутраную планіроўку, перабудавалі вежу, дах пакрылі бляхай. У будынку з’яўляюцца дэталі, характэрныя для архітэктуры XVIII стагоддзя (шырокая лесвіца, апраўленне вокнаў і іншыя дэка-ратыўныя формы). Па новым праекце на ніжнім паверсе ратушы размяшчаліся пакоі для прыстава, архіў магістрата, каморы, дробнарознічная крама і пакоі, якія здаваліся ў наём (гасцініца). На другім паверсе знаходзіліся Гарадская Дума і магістрат. Магістрат у тыя часы выконваў яшчэ і функцыі гарадскога суда.
У 1780 годзе з назіральнай пляцоўкі ратушы горад аглядаў аўстрыйскі імператар Іосіф II, які прыбыў на сустрэчу з Кацярынай II.
Напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзя будынак неаднойчы змяняў свае прызначэнне: у розныя гады тут размяшчаліся павятовы суд, шпіталь, пажарная служба, а падчас знаходжання ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў будынку месцілася ваенная радыёстанцыя.
У 20-30-х гадах ратушная вежа выкарыстоўвалася ў якасці пажарнай каланчы, а сам будынак быў прыстасаваны пад жылыя памяшканні і вайсковую ўстанову.
Ратуша пацярпела падчас Вялікай Айчыннай вайны, але ацапела. Канчаткова пабудова была знесена ў ліпені 1957 года.
Ужо ў наш час гарадская ратуша была адноўлена. 23 мая 1992 года адбылася сімвалічная закладка першага камяня на старым месцы знаходжання ратушы.
Улетку 2008 года ратуша набыла свой сучасны выгляд. Зараз працуе як Музей гісторыі Магілёва.
Запісала Алёна КУХАРАВА