«Дзівак…» і «Бах-бах-бах»

Бунцэвіч, Н. «Дзівак…» і «Бах-бах-бах» / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2025. — 8 мая. — С. 12.

Дзеці і вайна — паняцці несумяшчальныя. Як распавядаць ім сёння пра Вялікую Айчынную? Пагатоў утэатры лялек. Але ў Брэсце з’явіўся “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” а ў Магілёве рыхтуецца прэм’ера “Бах-бах-бах”.

ЖЫВЁЛЫ НА ВАЙНЕ

П’еса “Бах-бах-бах” расійскага драматурга, кандыдата гістарычных навук Юліі Паспелавай ставілася ў Ханты-Мансійску (той спектакль перамог на міжнародным фестывалі ў Маскве), Смаленску, Екацярынбургу. Вайна там паказваецца вачыма цыркавога сабакі і іншых жывёл, з якімі той сустракаецца на фронде. Нечакана?

 — Тэма вельмі складаная, — гаворыць дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек Сяргей Бажкоў. — Як дастукацца да дзіцячых сэрцаў? Як растлумачыць ім тую трагедыю? Адказ на гэтыя пытанні мы знайшлі на X Міжнародным фёстывалі “Белгародская забава”, дзе давялося пабачыць спектакль Смаленскага абласнога тэатра лялек. I запрасілі галоўнага рэжысёра калектыву Паўла Акініна паставіць “Бах-бах-бах” у нас. Тым больш што ён працаваў з нашай трупай раней: рабіў і навагоднюю пастаноўку, і “Муху-Цакатуху”, якую палюбілі самыя маленысія гледачы. Прэм’ера адбудзецца 14 мая. А пакуль у фае разгорнута тэматычная выстава, зроблена інсталяцыя “Буйніцкае поле”, якую гледачы выкарыстоўваюць і як фотазону. Патрыятычны спектакль “Пра вайну” з удзелам рускага народнага персанажа Пятрушкі прывозіў да нас на нядаўнія абменныя гастролі Арлоўскі тэатр лялек.

ПТУШЫНАЕ РЭХА

Брэсцкі абласны тэатр лялек звярнуўся да апавядання Івана Чыргынава “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”, створанага ў 1961-м і ўпершыню апублікаванага пад назвай “Птушкі ляцяць на волю”. Так называўся і ўвесь зборнік. Бо птушкі, якіх стары купляе, а потым выпускае з клеткі на волю, становядца сімвалам.

Птушкі ж (Юрый Тэсля, Дзяніс Грыбоўскі) і ў цэнтры спектакля. Мастак Лідзія Малашэнка робіць іх рознымі: маленькімі і вялікімі, паасобку і стайкамі, то аб’ёмнымі, пухнатымі — а то ў выглядзе выцінанкі ці разьбы па дрэве, у сцэнічнай прасторы і на экране (відэа Таццяны Жарынай). Фінальны сыход героя паказаны як ператварэнне яго ў птушку. Выбухі вайны — бы завея чорнага варанячага пер’я. Такая разнастайнасць птушыных абліччаў вымушае згадаць эпізод, апісаны пісьменнікам у сваёй аўтабіяграфіі: як за ім, васьмігадовым хлапчуком, ганялася жалезная птушка нямепкага самалёта.

Тэма вайны была адной з цэнтральных для Чыгрынава. Можна ўспомніць і яго раман “Плач перапёлкі”, па якім Ігар Дабралюбаў стварыў тэлесерыял, а Уладзімір Кандрусевіч — аднайменную сімфонію. I сцэнарый яшчэ аднаго тэлесерыял — “Руіны страляюць…”, адзначанага Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Але ж згаданае апавяданне і спектакль па ім звернуты да пасляваеннага часу і асэнсаванню панесеных на вайне ахвяр. Здавалася б, асобна ўзяты прыватны выпадак: старога арыштавалі, два тыдні катавалі, каб расказаў, дзе партызаны, а дома засталася яго маленькая ўнучка. Ён выжыў, ды болып яе ніколі не бачыў. I гэтыя душэўныя пакуты для яго страшнейшыя за смерць.

Інсцэніроўку зрабіла маладая, але ўжо неаднойчы адзначаная рэжысёр тэатра Аліса Ярмак-Залеўская. Апавяданне Чыгрынава значна змененае. Пісьменніцкая проза амаль не цытуецца, але ператвараецца ў спектаклі ў атмасферна-сімвалічную паэтыку. I тая ўзнёслая паэтычнасць заварожвае.

Літаральна да апошняга захоўваецца надзея, што дзяўчынка знойдзецца. Бо журналістам, які даведваецца пра лёс Дземідзёнка-Дзівака (Уладзімір Тэвасян), аказваецца не мужчына, як у аўтара, а дзяўчына-сірата Аленка (Аліна Сіманенка). У вочы кідаецца чамадан, з якім яна прыязджае ў вёску. I такі ж чамадан стары памятае як рэліквію, сувязь з мінулым. Пасяліўшыся ў Дакуніхі (Руслана Сакалова), Аленка бярэ баян, расцягвае мяхі, услухваецца ў тэмбр тых уздыхаў-стогнаў — і быццам згадвае штосьці з дзяцінства, каб уцямідь, чаму нейкія рэчы ёй здаюцца знаёмымі. Мы верым, што яна і ёсць, тая ўнучка Аленка! Што спектакль будзе перагукацца з колішняй савецкай стужкай “Памятай імя сваё”, заснаванай на рэальнай падзеі, калі жанчьша, разлучаная з дзіцём у кандлагеры, усё ж знайшла сына — ужо зусім дарослым. Ажно не: у адной са сцэн нам паказваюць, як галоўка маленькай гераіні-лялькі звісае долу.

Такая няўмольная адназначнасць куды больш трагічная, чым адкрыты фінал апавядання, дзе стары знікае — сыходзіць кудысьці з вёскі, і аўтар болып яго не сустракае. Таму спектакль пазначаны ўзроставым цэнзам 10+ і разлічаны больш на падлеткаў. Ды ўсё ж так хочацца, каб стары і дзяўчына калі ўжо не акажуцца сваякамі, дык хаця б пасябравалі.

А колькі ў спектаклі адметных мастацкіх дэталей! Постаць чалавека на фоне неба — знак збалелай душы. Трывожны бег праз лясны гушчар — адбітак вайны як кашмарнага сну. Выязныя “шафы”, што падзелены на секцыі — бы палічкі ўспамінаў пра кінуты дом. Спалучэнне жывога плану, тэатра ценяў, лялек розных канструкцый, а таксама відэапраекцый, паўторнасць якіх часам нагадвае колы пекла, што адчувае герой. Чаргаванне чорна-белых выяў і каляровых, падобных на вітражы з адценнем супрэматызму. Апроч фанаграмы, гучанне баяна, акарыны-свісцёлкі, спевы — нават двухгалосныя. Народная песня “Ой, рэчанька, рэчанька” ўвогуле магла б стаць лейтматывам жыцця, што цячэ, ды ніяк не напоўнідца праз рану, непадуладную лекам.

Надзея БУНЦЭВІЧ