Зігуля, Н. «Сцяг Перамогі» ў надзейных руках / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 14 мая. — С. 10. — (Дадатак: «Мясцовае самакіраванне»).
Магілёўская моладзь прыняла эстафету ў рэспубліканскай акцыі
Праект Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Сцяг Перамогі» , прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, стартаваў у красавіку і 13 мая прыбыў у Магілёў.
Сцяг Перамогі прывезлі з Оршы прадстаўнікі Маладзёжнага савета. На сустрэчы з магілёўскімі аднагодкамі яны падкрэслілі, што гэта не проста сімвал, гэта памяць аб героях, якія аддалі свае жыцці, каб іх нашчадкі жылі пад мірным небам. Перамяшчэнне сцяга сімвалізуе, як ішло вызваленне 80 гадоў таму.
Моладзь таго горада, куды прыбывае сцяг, робіць якую-небудзь карысную справу. У Магілёве ўдзельнікі патрыятычнага мерапрыемства пасадзілі аксаміткі на алеі Герояў Савецкага Саюза. На мітынгу на плошчы Славы яны ўшанавалі памяць абаронцаў і вызваліцеляў хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да Вечнага агню.
Урачыстая перадача Сцяга Перамогі адбылася ў школе № 2.
Тут жа прайшла тэматычная дыялогавая пляцоўка, дзе моладзь з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, дэпутатаў абмеркавала ўклад савецкага народа ў Перамогу, а таксама тыя справы, якія сёння робяцца ў мэтах захавання гістарычнай памяці.
Вучань магілёўскай школы № 6 Алег Гурын прызнаўся, што мерапрыемства для яго было вельмі хвалюючае. Ганарова быць датычным да такога сімвалічнага моманту, прасякнуцца патрыятычнай энергетыкай падзеі, адчуць моц адзінства.
— Гэты сцяг — даніна павагі тым, хто заваяваў для нас Перамогу, — падзяліўся эмоцыямі юнак. — Мы, нашчадкі герояў, якія набліжалі Перамогу, павінны памятаць, якой цаной заваявана наша мірнае жыццё.