Да поспеху прыводзіць любоў

Сiнькевiч, Г. Да поспеху прыводзіць любоў : [настаўнiца рускай мовы i лiтаратуры гiмназii № 2 Магiлёва В. Кулагiна] / Ганна Сiнькевiч // Настаўнiцкая газета. — 2016. — 24 мая. — С. 4.

Як дасягнуць поспеху ў прафесіі? Пытанне рытарычнае. Аднак настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Магілёва Вольга Кулагіна даўно знайшла на яго свой адказ. Трэба проста любіць тую справу, якой займаешся, а яшчэ ўвесь час рухацца наперад, бо ўдасканаленню педагагічнага майстэрства няма мяжы.

Свой прафесійны выбар Вольга Мікалаеўна здзяйсняла менавіта па закліку сэрца. Яшчэ ў дзяцінстве яна цвёрда вырашыла, што будзе настаўнічаць. Ды і як жа інакш: перад яе вачыма быў прыклад выдатных педагогаў у асобе шматлікіх сваякоў. Таму, атрымаўшы школьны атэстат, юная Вольга Кулагіна свядома працягнула навучанне на філалагічным факультэце сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова. Дарэчы, філалогію ў якасці педагагічнага профілю яна таксама выбрала мэтанакіравана. Пэўную ролю ў гэтым плане адыграла захопленасць мовай і літаратурай. Паступаючы ва ўніверсітэт, дзяўчына марыла аб тым, што неўзабаве будзе прывіваць любоў да слова дзецям на ўласных уроках.

Свае задумкі і планы яна прывыкла рэалізоўваць. Вось і тая юнацкая мара ажыццявілася. Па словах Вольгі Мікалаеўны, шмат у чым яе фарміраванню як настаўніка паспрыялі ўніверсітэцкія выкладчыкі Уладзімір Дзянісаў, Яраслаў Клімуць. Да авалодання ўсімі сакрэтамі педагагічнага майстэрства дапытлівая студэнтка актыўна імкнулася і сама. Акрамя шматлікіх вучэбных практык, перыядычна працавала ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, займалася самаадукацыяй.

Удасканаленне прафесійных навыкаў Вольга Кулагіна не пакінула і атрымаўшы статус маладога спецыяліста. Ды і зараз яна па-ранейшаму знаходзіцца ў рэжыме развіцця. І гэта нягледзячы на тое, што за яе плячыма ўжо 25 гадоў педагагічнага стажу.

— Сучасны педагог павінен абавязкова ісці ў нагу з часам. Вывучаць, асвойваць новыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі. Толькі такім чынам атрымаецца даць дзецям сапраўды якасную адукацыю, — падкрэслівае Вольга Мікалаеўна.

Падчас сваіх урокаў першачарговай яна лічыць зацікаўленасць вучняў прадметам, таму стараецца паказаць ім, што рускую мову можна вучыць з захапленнем. Не забывае педагог і пра практыкаарыентаванасць заняткаў. Канкрэтнымі прыкладамі пераконвае дзяцей у тым, што вывучэнне мовы трэба кожнаму.

З самых першых заняткаў настаўніца ўключае вучняў у творчую дзейнасць, стварае сітуацыі, якія матывуюць на самастойнае здабыванне ведаў, а не атрыманне іх у гатовым выглядзе, вучыць аналізаваць, адстойваць свой пункт гледжання. Рускую мову навучэнцы Вольгі Кулагінай засвойваюць пры дапамозе гульняў, дыскусій і дыялогаў, праз работу над тэматычнымі праектамі і даследаваннямі. Такая методыка робіць кожны ўрок непаўторным, непадобным на іншыя. Дзеці самастойна прыходзяць да разумення таго, што мова — гэта не проста сродак зносін, а спосаб пазнання свету, аснова культуры. Як вынік — павышаецца і іх паспяховасць па прадмеце.

Урокі літаратуры, якія накіраваны на фарміраванне духоўных і ўнутраных якасцей навучэнцаў, Вольга Мікалаеўна імкнецца праводзіць гэтак жа творча. Заняткі ніколі не зводзяцца да простага абмеркавання прачытанага.

— На ўроках я актыўна ўжываю электронныя рэсурсы. Часта знаёмлю дзяцей з фрагментамі вядомых экранізацый літаратурных твораў. Відэафрагмент вядзе вучняў да аўтарскага тэксту. Словы пачынаюць гучаць і становяцца больш глыбокімі, выразнымі. Адпаведна, узрастае і ўздзеянне твораў на розум і сэрцы навучэнцаў, — гаворыць педагог.

Атрымліваецца такім чынам і павысіць цікавасць вучняў да чытання. Многія вучні Вольгі Кулагінай з задавальненнем бяруць у рукі кнігу. Чытаюць і класікаў, і сучасных аўтараў. Выйграць бітву за дзяцей у гаджэтаў і інтэрнэту ў настаўніцы атрымліваецца ўсё тым жа ўменнем здзівіць, зацікавіць. Не менш важна, на яе погляд, таксама знайсці свой падыход да кожнага вучня.

— Усе дзеці розныя, але праз сумесную дзейнасць зразумець і захапіць прадметам можна любога, — лічыць Вольга Мікалаеўна.

На вывучэнне рускай літаратуры, чытанне навучэнцаў зноў ненадакучліва падштурхоўваюць творчыя заданні, якія распрацоўвае іх настаўніца. Дзеці самі прыдумляюць займальныя віктарыны, працуюць над даследчымі праектамі, вядуць чытацкія дзённікі, робяць прэзентацыі аб прачытаных кнігах, складаюць буктрэйлеры. З падачы свайго неардынарнага педагога многія дзеці сур’ёзна захапляюцца літаратурнай творчасцю. Спрабуюць пісаць уласныя вершы, апавяданні і нават у рамках гімназіі выпускаюць зборнікі сваіх твораў.

З самымі адоранымі і захопленымі вучнямі Вольга Мікалаеўна працуе дыферэнцыравана. Такіх хлопчыкаў і дзяўчынак яна стараецца выявіць на максімальна раннім узроўні, каб за перыяд навучання цалкам раскрыць іх таленты. З высокаматываванымі дзецьмі яна пастаянна сустракаецца на факультатывах, індывідуальных занятках. Разам са сваім педагогам навучэнцы доўга і карпатліва займаюцца дэталёвым вывучэннем прадмета. Але і вынік гэтай працы атрымліваецца адпаведным. За апошнія пяць гадоў вучні Вольгі Мікалаеўны заваявалі 29 — дыпломаў на гарадскім, 9 — на абласным і 5 — на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Паспяхова выступаюць яны таксама на абласных малышовых алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах міжнароднага ўзроўню.

Педагагічная дзейнасць займае практычна ўвесь час настаўніцы. Акрамя правядзення штодзённых урокаў, факультатываў, са сваімі навучэнцамі яна сустракаецца і па-за межамі гімназіі. Разам з дзецьмі яна наведвае музеі, тэатры, выставы і розныя культурныя мерапрыемствы роднага горада, актыўна вандруе з пазнавальнымі экскурсіямі па Беларусі і замежжы. Калі ж выдаюцца ў Вольгі Мікалаеўны свабодныя хвіліны, яна праводзіць іх разам з самымі роднымі людзьмі. Сваю сям’ю педагог лічыць надзейным тылам і самай лепшай падтрымкай ва ўсіх пачынаннях.

Педагагічных дасягненняў у Вольгі Мікалаеўны хапае. З усмешкай яна гаворыць, што ўжо выканала прызначаную калісьці ў маладосці праграму мінімум і максімум для сябе як настаўніка. Вучні паспяхова засвойваюць прадмет, праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, разнастайных конкурсах, неаднаразова была адзначана і непасрэдна яе плённая праца. Усё гэта важна. Але галоўны складнік яе педагагічнага шчасця — звычайны ўрок, штодзённы творчы пошук ведаў разам з любімымі вучнямі.