Зiгуля, Н. Падарункi ад мецената : iх атрымалі музей гісторыі Магілёва і бібліятэка імя Карла Маркса падчас вечара-партрэта, прысвечанага Валерыю Казакову / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2015. — 22 снежня. — С. 3.
Імя гэтага пісьменніка, палітыка, дзяржаўнага дзеяча Расіі і наогул шчодрай душы чалавека добра вядома магіляўчанам не толькі па яго творах, але і па справах. Гэта дзякуючы яго намаганням музей гісторыі Магілёва папоўніўся сапраўднымі рарытэтамі, сярод якіх Статут ВКЛ XVІІІ стагоддзя — адзіны ў краіне арыгінал выдання, а чытачы цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса атрымалі магчымасць далучыцца да сапраўдных скарбаў мастацкай і гістарычнай літаратуры.
Валерый Казакоў — часты госць у Магілёве. На гэты раз ён прыехаў па запрашэнні гарадской бібліятэкі, якая арганізавала ў Ратушы кранальную літаратурна-музычную кампазіцыю пра жыццё і творчасць пісьменніка. Нават на сустрэчу са сваімі прыхільнікамі ён прыйшоў не з пустымі рукамі. Кожны атрымаў у падарунак кнігу і аўтограф ад аўтара. А галоўнае, спадар Казакоў працягвае вяртаць Радзіме страчаныя каштоўнасці. Дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў не хаваў свайго захаплення ад перададзеных мецэнатам рарытэтаў — іх чатыры. Чаго каштуе толькі адна падвеска з трызубцам часоў княжання Уладзіміра Чырвонае Сонейка.
— Такіх прадметаў вядома некалькі, — адзначыў ён. — Гэта было чымсьці накшталт адзнакі чалавеку, які вызначыўся. Магчыма, яго ўладальнікам быў наш мясцовы дружыннік. Дакладна не вядома і паходжанне шаблі, якая яшчэ нядаўна прадавалася ў Беларусі на аўкцыёне. Наш добры сябар Андрэй Радкоў, які некалькі гадоў таму ініцыяваў пакупку Статута і па сённяшні дзень дапамагае музею шукаць розныя артэфакты, «прасігналіў» нам, і мы звязаліся з Валерыем Казаковым. Шабля магла трапіць у Магілёў у выніку нейкіх паходаў або разам з прадстаўнікамі пасольстваў. Па перыядзе існавання рэч адпавядае Хазарскаму каганату — гэта прыкладна X стагоддзе. Такія шаблі былі вельмі распаўсюджаны на поўдні Украіны і Расіі. А вось дзве дзіды XVІ—XVІІ стагоддзяў прадаў мецэнату магілёўскі калекцыянер. Цяпер яны таксама ў нас.