Зігуля, Н. Памяць у асобах / Нэлі Зігуля // Літаратура і мастацтва. — 2025. — 20 чэрвеня. — С. 13.
Да юбілею Вялікай Перамогі прадстаўлены фотапраект
Час няўмольны, сыходзяць з жыцця ветэраны, а з імі і частка нашага быцця. Вядомая ў Магілёве фотакарэспандэнт Ірына Савосіна шмат чаго зрабіла, каб жыццё знакавых для вобласці людзей працягвалася нават за межамі іх фізічнага існавання. Яна член народнай абласной фотастудыі «Вясёлка», Беларускага саюза журналістаў, Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, шмат гадоў адпрацавала і працягвае працаваць у СМІ. Яе здымкі і артыкулы размяшчаліся ў рэспубліканскай прэсе, атрымлівалі дыпломы і ўзнагароды. На рахунку фотамастачкі шмат цікавых праектаў. Апошні з іх — «Не гасне памяці свечка» — яна прысвяціла 80-годдзю Вялікай Перамогі.
На фота — твары вядомых у горадзе людзей, тых, з кім зусім нядаўна яшчэ хадзілі на парады, сустракаліся на розных мерапрыемствах, слухалі іх неверагодныя гісторыі пра вайну. А калі іх не стала, зразумелі, што шмат чаго пра іх не даведаліся, не распыталі. Ірына выправіла гэты прабел, захавала памяць, што знікае.
Аўтар нарадзілася ў пасляваенны час, але тэма вайны заўсёды была для яе хвалюючай. Напэўна, таму, што бацька быў кадравы ваенны. Адной з дарагіх сэрцу ўзнагарод яна лічыць свой медаль «60 гадоў Вялікай Перамогі. 1941-1945 гады», якую атрымала у 2005-м. I захоўвае ў сваім архіве ўнікальную калекцыю фота жыхароў, якія складаюць ганаровы летапіс Магілёўшчыны: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі вызвалення Магілёва, былыя воіны 238-й стралковай дывізіі, Героі Савецкага Саюза, якія жылі ў рэгіёне. Здымкі зроблены падчас гарадскіх урачыстых мерапрыемстваў — Дня Перамогі, Дня баявой славы, Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у перыяд з 1977 да 2024 года.
— Гэта той час, калі я працавала ў шматтыражцы «Трудавая слава» і абласной газеце «Магілёўская праўда», — расказвае фотамастачка. — Мне пашчасціла сустракацца з гэтымі людзьмі. Яны былі нейкага іншага складу, апаленыя вайной, больш мужныя і праўдзівыя. Яны быццам свяціліся знутры, у іх сэрцах гарэў агеньчык. Яны любілі жыццё і сваю Радзіму так самааддана, што нават у сталым узросте не маглі сабе дазволіць сядзець склаўшы рукі. Актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці.
Ганаровыя жыхары Горак: Ганна Мішына, Рыгор Паўлаў, Мікалай Падшываленка, Аляксей Пустынцаў, Герой Савецкага Саюза Ульян Рыбак, якому пашчасціла ўдзельнічаць у парадзе на Краснай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. Кожны з гэтых людзей — жывая легенда.
Санітарка Ганна Мішына стала ваенным лётчыкам у 1943 годзе, з ліку тых, каго называлі «начнымі ведзьмамі», удзельнічала ў вызваленні Горацкага раёна. На яе рахунку 675 баявых вылетаў.
А вось мужчына з прыгожай усмешкай і шматлікімі ўзнагародамі на пінжаку, які вальсіруе з маладой дзяўчынай, не хто іншы, як Мікалай Падшываленка. У гарачым 1941 -м ён пайшоў добраахвотнікам у асобную мотастралковую брыгаду асобага прызначэння войск НКУС СССР. Удзельнічаў у абароне Масквы, ваяваў на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі ў спецатрадзе «Баявы». Тут падрыўнік-аўтаматчык быў удастоены першай сваёй узнагароды — медаля «За баявыя заслугі». А ўсяго баявых, працоўных і юбілейных узнагарод у яго каля 30.
— Падшываленка называюць жывой легендай магілёўскага спорту, — расказвае Ірына. — Ён заслужены трэнер БССР, адзіны ў горадзе суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па футболе і суддзя нацыянальнай катэгорыі па хакеі. Мікалай Іванавіч быў першым старшынёй ветэранскай арганізацыі вобласці, адным са стваральнікаў дынамаўскага спартыўнага таварыства на Магілёўшчыне. Выступаў за будаўніцтва стадыёна «Спартак» у горадзе.
Што ні фота, то асобная гісторыя. Шмат таямніц захоўвае гераічнае Буйніцкае поле. Яно стала агульнай магілай для шматлікіх абаронцаў 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава. Барыс Аўчыннікаў прапаў без вестак у 1941 годзе. I толькі ў XXI стагоддзі высветлілася, што ён загінуў пад Магілёвам. На фота Ірыны яго малодшы брат, які прыехаў з Алтайскага краю пакланіцца магіле гераічнага сваяка.
Фотавыстаўка прыцягнула ўвагу грамадскасці Магілёва. Не выключена, што будзе магчымасць зноў яе наведаць і дакрануцца да мінулага. Галоўнае, што яно захавалася будзе нагадваць пра сябе заклікам цаніць час і шанаваць людзей, якія жывуць побач.
А яшчэ — па-сапраўднаму горача і самааддана любіць сваю Радзіму.
Нэлі ЗІГУЛЯ