Зігуля, Н. Надзейны стандарт / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 25 чэрвеня. — С. 8. — (Дадатак: Мясцовае самакіраванне).
На прыкладзе прадпрыемства «Магілёўліфтмаш» дэпутаты Магілёўскага аблсавета прасачылі, якія меры прымаюцца для павышэння вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі.
Штогод у рамках падыходаў, выпрацаваных урадам па замяшчэнні ў краіну тавараў, што імпартуюцца, Магілёўскі аблвыканкам сумесна з гар-, райвыканкамамі, СЭЗ «Магілёў», суб’ектамі гаспадарання вобласці фарміруюць План мерапрыемстваў па імпартазамяшчэнні. Народныя выбраннікі прасачылі, як ён выконваецца на прыкладзе аднаго з лідзіруючых прадпрыемстваў Беларусі.
Мерапрыемства прайшло з удзелам членаў прэзідыума аблсавета, прадстаўнікоў Камітэта эканомікі аблвыканкама, асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў на чале з сенатарам, старшынёй Магілёўскага аблсавета Аляксандрам Гарошкіным.
Падчас пасяджэння быў заслуханы даклад намесніка старшыні Камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Святланы Чартковай.
За перыяд з 2011-га да 2024 года вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі ў Магілёўскай вобласці павялічылася больш чым у тры разы, склаўшы па выніках 2024 года ў грашовым эквіваленце 1 мільярд 63 мільёны долараў. Колькасць арганізацый, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі мерапрыемстваў па імпартазамяшчэнні, таксама вырасла больш чым у тры разы — з 39 суб’ектаў гаспадарання ў 2011 годзе да 132 — у 2024-м. Рэалізаваны праекты па вытворчасці прадукцыі, якая раней не выраблялася або стваралася ў недастатковай колькасці.
У рэалізацыі Плана мерапрыемстваў на гэты год удзельнічаюць 140 суб’ектаў гаспадарання вобласці, у тым ліку 108 арганізацый малога і сярэдняга бізнесу. Вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі плануецца ажыццяўляць па 230 таварных пазіцыях на суму адзін мільярд 125 мільёнаў долараў, з улікам экспарту на больш чым 611 мільёнаў долараў. Па выніках работы за першы квартал заданне выканана на 101,3 % ад даведзенага ўрадам задання. Імпартазамяшчальнай прадукцыі створана на 285 мільёнаў долараў, больш за палову яе адгружана на экспарт.
— Гэта прадпрыемства было выбрана намі невыпадкова — яно адно з найлепшых у рабоце па імпартазамяшчэнні, — паведаміў карэспандэнту «МС» член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін. — Вялікая частка прадукцыі, якая вырабляецца тут, сабрана выключна з беларускіх камплектуючых. Гэта яскравы доказ таго, што Беларусь можа вырабляць і цалкам забяспечваць сябе як харчовымі, так і прамысловымі таварамі.
Нэлі ЗІГУЛЯ