На прамой сувязі з людзьмі

Зігуля, Н. На прамой сувязі з людзьмі / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 23 ліпеня. — С. 7. — (Дадатак: Мясцовае самакіраванне).

Дэпутаты Магілёўскага гарсавета адпрацоўваюць званкі «гарачай» лініі

Наступствы ўрагану, які моцна прайшоўся па Магілёве 10 ліпеня, дагэтуль ліквідуюцца. Пад удар стыхіі трапілі прамысловыя зоны, шматлікія сацыяльныя аб’екты, жылыя двары, зоны адпачынку. Для таго каб горад вярнуўся да нармальнага жыцця, зроблена шмат, але аднаўленчыя работы працягваюцца. Дэпутаты Магілёўскага гарсавета з самага пачатку былі на перадавой. Сёння яны актыўна адпрацоўваюць званкі, якія паступілі на гарачую лінію Магілёўскага гарвыканкама ад насельніцтва. Дапамагаюць жыхарам і справай, і парадамі.

Дэпутат Магілёўскага гарсавета па 36-й Перакопскай выбарчай акрузе, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўаблаўтатранс»Таццяна ІШЧАНКА дапамогу пацярпелым ад буры аказвала ў адной камандзе з работнікамі прадпрыем-ства. Тэхніка «Магілёўаблаўтатранса» таксама была задзейнічаная ў аднаўленчых работах на поўную сілу. Дэпутатуспамінае, што больш за ўсё яе ўразіла карціна на тэрыторыі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 7. Там было столькі паваленых дрэў і пашкоджаных канструкцый, што здавалася, быццам бы нябачная сіла спрабавала знішчыць усё на сваім шляху. Парадак на тэрыторыі наводзілі ажно тры дні. Шмат работы дагэтуль у жылых дварах, сур’ёзна пацярпеў прыватны сектар. Суразмоўніца прызнаецца, што пасля ўрагану ўсім прыходзіцца дзейнічаць з падвоенай сілай, каб жыццё горада хутчэй вярнулася ў прывычны рытм.

Дэпутат Магілёўскага гарсавета па Маладзёжнай выбарчай акрузе № 6, першы прарэктар Беларуска-расійскага ўніверсітэта Юрый МАШЫН дагэтуль яшчэ возіць бензапілу ў багажніку. За апошнія дні распілаваў шмат паваленых у яго акрузе дрэў. А гэта, лічы, цэнтр Магілёва — мікрараён Юбілейны і мікразона Падгорная. На Юбілейным дапамога спатрэбілася дзіцячаму садку і гарадскому цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Да аднаўленчых работ далучыліся прадпрыемствы «Ольса» і «Магілёўдругчармет». Шмат было паваленых дрэў, якія належала распілаваць і выкарчаваць. Прыватны сектар мікразоны Падгорная наогул застаўся без святла. Жылыя пабудовы знаходзяцца ў нізіне, сувязь з горадам у асноўным праз лесвіцы. А іх сур’ёзна заваліла дрэвамі. Па словах дэпутата, уразіла салідарнасць, якую праявілі іншыя вобласці ў адносінахда Магілёва. На аднаўленні электрычнасці працавалі энергетыкі, у тым ліку і з Гомельшчыны.

— Вельмі дапамагалі нам інфармацыяй гэтымі днямі актыўныя людзі, старасты, — расказвае Юрый Машын. — Дзякуючы такім асобам было прасцей знайсці праблемныя месцы.

Старшыня Магілёўскага гарсавета Святлана СТАШЭЎСКАЯ адзначыла, што з самага пачатку дэпутаты працавалі ў адной звязцы з Магілёўскім гарвыканкамам.

— Прыклад паказваў мэр горада Сяргей Чарткоў, ён задаваў тэмп, матываваў людзей, клапаціўся, каб як мага хутчэй і найэфектыўнейшым чынам дапамагчы жыхарам горада, — кажа Святлана Сташэўская. — Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Андрэй Конеў, ён жа наш дэпутат, працаваў на розных участках. Наогул народныя выбраннікі ішлі дапамагаць у свае акругі, калі стыхія іх закранула, або туды, дзе іх дапамога была патрэбная больш за ўсё. Наводзілі парадак на тэрыторыі сваіх прадпрыемстваў, накіроўваліся на сацыяльныя аб’екты, у кварталы жылой забудовы, прыватны сектар.

— Часам падтрымка не абмяжоўвалася тым, каб папрацаваць фізічна або даць транспарт, — кажа суразмоўніца. — Напрыклад дырэктар Магілёўскага мясакамбіната Аляксандр Мілюцін, наш дэпутат таксама, паклапаціўся, каб памочнікаў з іншых абласцей накарміць абедамі і перадаць ім сухія пайкі. Многія народныя выбраннікі прыводзілі з сабой на пацярпелыя ад урагану месцы сваіх калег, родных, працавалі цэлымі сем’ямі. Сёння гарсавет дзейнічае поруч з камунальнымі і сацыяльнай службамі. Наведваем магіляўчан, чым можам, дапамагаем, інфармуем, куды трэба звяртацца па дапамогу.

— Прыходзіш па адным званку і звяртаеш увагу, што і на суседнім участку нешта адбылося, — удакладняе Святлана Сташэўская. — Размаўлялі з работадаўцамі пацярпелых, каб ім дапамаглі. І тыя ішлі насустрач. Калі народны выбраннік працуе на прадпрыемстве, дзе ёсць транспарт, то дамаўляецца, каб дапамагчы з вывазам паваленых дрэў, смецця пасля буры. Мяне прыемна ўразілі бацькі дзяцей, якія наведваюць школы і дзіцячыя садкі. Яны часта самі ініцыявалі суботнікі па ўборцы тэрыторый. Жыхары таксама не заставало ў баку. Выходзілі ў свае двары і захаплялі сваім энтузіязмам іншых.

Нэлі ЗІГУЛЯ.