На месцы подзвігу

Рудак, А. На месцы подзвігу / Антон Рудак // Культура. — 2025. — 25 ліпеня (№ 30). — С. 4.

Музей Славы Магілёўшчыны адкрыўся на Буйніцкім полі. Перад стваральнікамі экспазіцыі стаяла задача — прадэманстраваць гістарычны шлях вобласці ад 1930-х да найноўшых дасягненняў перыяду незалежнай Беларусі. Сучасныя тэхналогіі і сродкі віртуальнай ды дапоўненай рэальнасці дапамагаюць гледачу глыбей пагрузіцца ў мінулае.

Чым яшчэ здзіўляе новы культурна-грамадскі цэнтр рэгіёна?

Бітва, якая разгарнулася на Буйніцкім полі ў ліпені 1941 года, у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны займае такое ж месца, як і гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Менавіта тут цаной жыцця чырвонаармейцаў і апалчэнцаў упершыню быў сарваны нямецкі план хуткай заваёвы Савецкага Саюза.

УРОКІ МІНУЛАГА

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця музея 5 ліпеня Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што экспазіцыя ўстановы паказвае цярністы шлях беларусаў праз стагоддзі да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці, звязвае гераічнае мінулае і мірную сучаснасць. Па словах лідара, менавіта на дняпроўскім рубяжы пачаўся зваротны адлік да краху Трэцяга рэйха.

Рэаліі баёў пад Буйнічамі шырока вядомыя дзякуючы літаратару і ваенкару Канстанціну Сіманаву. Пасля вайны ён пісаў, што тут, пад Магілёвам, убачыў “людзей, якія спыняць ворага”. Буйніцкае поле пакінула ў душы Канстанціна Міхайлавіча глыбою след, і творца завяшчаў развеяць там яго прах. Воля была выканана.

— А сёння мы выконваем волю наших ветэранаў і жыхароў вобласці — адкрываем Музей Славы Магілёўшчыны, — сказаў Прэзідэнт.

Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, у залах скарбніцы ажывае і гаворыць галасамі герояў само тысячагадовае мінулае краю. Прыадкрываецца таямніца жыцця летапісных радзімічаў, ад роду і племені якіх пачалася гісторыя рэгіёна. Магілёў заўсёды быў мостам паміж Захадам і Усходам у мірны час і рабіўся крэпасцю ў цяжкую пару.

ЯК ЗОРКА

Напярэдадні 80-й гадавіны абароны дняпроўскага рубяжа ініцыятыўная група кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пошукаўцаў і прадстаўнікоў грамадскасці Магілёва выступіла з прапановай аб рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле” і стварэнні музея. Яго ўзвядзенне стартавала ў 2023 годзе і часткова фінансавалася за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.

Першапачаткова музей планавалі прысвяціць толькі вайсковай славе, але канцэпцыя была пашырана. У экспазіцыі, размешчанай на двух паверхах будынка ў выглядзе ордэна Вялікай Айчыннай вайны, выкарыстаны тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, мультымедыйны і інтэрактыўны падыходы, якія дапамогуць наведвальнікам глыбей пагрузіцца ў гісторыю. Форму ордэна абралі таму, што Магілёў удастоіўся гэтай узнагароды за мужнасць і стойкасць, праяўленыя працоўнымі горада ў 1941—1945-м, а таксама за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарча-культурным будаўніцтве.

ДРУГАЯ СТАЛІЦА

Скарбніца, якая з’яўляецца філіялам Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава, — сучасны культурна-адукацыйны і навучальны цэнтр. Тут ёсць выставачная зала для часовых экспазіцый, актавая зала на 200 чалавек, дзве канферэнц-залы, кабінет для музейных заняткаў, сувенірная крама і буфет.

Як распавяла Аляксандра Буракова, намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава, экспазіцыю новай установы адкрываюць залы, прысвечаныя даваеннаму Магілёву. У 1930-я гады ён імкліва развіваўся, ператвараючыся ў буйны прамысловы цэнтр рэспублікі, дзе працавала каля паўсотні фабрык і заводаў, а перад самым пачаткам Другой сусветнай ледзь не зрабіўся галоўным горадам краіны. Планы пераносу сталіцы БССР у Магілёў усур’ёз абмяркоўваліся да канца 1930-х, бо Мінск знаходзіўся занадта блізка да мяжы з Польшчай. Сітуацыя змянілася з далучэннем Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе.

Але да таго часу ўлады паспелі зладзіць маштабную рэканструкцыю горада. Напрыклад, быў узведзены ансамбль плошчы Леніна, уключаючы будынак Дома Урада, спраектаваны Іосіфам Лангбардам і аналагічны мінскаму.

У Магілёве пачалі дзейнічаць пяхотнае вучылішча і школа Народнага камісарыята ўнутраных спраў, курсанты якіх узялі самы актыўны ўдзел у абароне горада ў ліпені 1941 года.

БАЯВОЕ І ПРАЦОЎНАЕ

Наступныя залы прысвечаны перыпетыям першых тыдняў Вялікай Айчыннай, гісторыі бітвы на Буйніцкім полі, значнай ролі, якую адыгралі ў гэтым супрацьстаянні народнае апалчэнне, органы міліцыі ды дзяржбяспекі, артылерыя ды авіяцыя, а таксама ўдзелу ўраджэнцаў Магілёўшчыны ў баях на фронце. 3 дапамогай мультымедыйных тэхналогій ажыўлены постаці маршалаў Савецкага Саюза Барыса Шапашнікава і Клімента Варашылава, пісьменніка Канстанціна Сіманава, камандзіра 388-га стралковага палка Сямёна Куцепава і камандзіра батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава. 3 дапамогай сродкаў віртуальнай рэальнасці наведвальнікі могуць уявіць сябе на месцы савецкага артылерыста і паспрабаваць падбіць варожы танк.

Раздзелы экспазіцыі, размешчаныя на другім паверсе, распавядаюць аб нямецкай акупацыі, дзейнасці падполля і партызанскім руху, вызваленні Магілёўшчыны ад гітлераўцаў. Асобныя залы прысвечаны выхадцам з вобласці, якія ўдзельнічалі ў лакальных канфліктах другой паловы XX стагоддзя, а таксама працоўнай славе ў пасляваенныя гады.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у мінулым рэгіёна, як у люстэрку, адбіваецца гісторыя ўсёй краіны. Прэзідэнт упэўнены: Музей Славы Магілёўшчыны будзе беражліва захоўвашь і перадаваць з пакалення ў пакаленне праўду аб Вялікай Перамоэе нашага народа, выхоўвапь сапраўдных патрыётаў.

Антон РУДАК