Узнагароды — таленавітым / матэрыялы Ганны Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 27 чэрвеня. — С. 8.
Прызёраў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных предметах узнагародзілі ў Магілёве. Сёлета на заключным этапе навучэнцы заваявалі 91 дыплом i 11 пахвальных водзываў.
Ва ўстановах адукацыі вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі дзецьмі. Інтэлектуальныя здольнасці развіваем праз актыўнае далучэнне да алімпіяднага руху. Выбудавана эфектыўная сістэма работы, якая прыносіць адпаведныя вынікі. Нашы вучні рэгулярна бліскуча дэманструюць свае веды. У гэтым годзе на заключным этапе алімпіяды выдатна праявілі сябе каманды па геаграфіі, фізкультуры, хіміі, біялогіі, фізіцы, рускай і беларускай мовах, астраноміі, кітайскай мове і працоўным навучанні, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава.
Лідарамі алімпіяднага рэйтынга ў рэгіёне сталі вучні Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 — яны заваявалі 13 дыпломаў.
Высокі паказчык (11 дыпломаў) у навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3. Чатыры дыпломы ў прадстаўнікоў гімназіі № 3 Магілёва. Сярод педагогаў асабліва вызначыўся настаўнік фізікі МДАЛ № 1 Уладзімір Грабцэвіч, які падрыхтаваў адразу чатырох пераможцаў алімпіяды. Па тры пераможцы ў настаўнікаў хіміі МДАЛ № 3 Сяргея Крутава, геаграфіі МДАЛ № 1 Дзмітрыя Паджыгерава і настаўніцы кітайскай мовы гімназіі № 4 Магілёва Дар’і Стальмаховай.
— Формула падрыхтоўкі ў мяне даволі простая. Да перамог на алімпіядзе ідзём шляхам карпатлівай працы. Упор раблю як на трывалае засваенне тэарэтычнага матэрыялу, так і на фарміраванне практычных навыкаў. Прычым практыкай займаемся ў ходзе рэальных палявых выхадаў. Пэўную ролю адводжу камандным традыцыям. Напрыклад, навучэнцы заўсёды выбіраюць сабе талісманы ўдачы з ліцэйскай калекцыі мінералаў. Ніколі не забываю і пра матывацыю, псіхалагічную падтрымку дзяцей. У сукупнасці гэтыя фактары прыводзяць вучняў да паспяховых выступленняў. Рыхтую навучэнцаў як педагог і як трэнер. З каманды ў 15 хлопцаў і дзяўчат сёлета дзесяць узялі дыпломы. Трое з іх непасрэдна мае выхаванцы, — падзяліўся Дзмітрый Паджыгераў.
Падчас святочнага мерапрыемства таленавітым навучэнцам уручылі заслужаныя ўзнагароды. Былі адзначаны таксама дасягненні настаўнікаў і трэнераў каманд. Усяго дыпломы і прэміі атрымалі звыш 180 чалавек.