Зігуля, Н. «Узбекі ў гэтым вельмі падобныя на беларусаў…» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2025. — 26 ліпеня. — С. 11.
На «Магілёўтрансмашы» расказалі, чаму тут ёсць патрэба ў работніках з іншых краін
Беларусь і Узбекістан сябруюць краінамі. На ўзроўні ўрадаў плённа развіваецца супрацоўніцтва па розных кірунках, вельмі актыўна — па прамысловым. Завод «Магілёўтрансмаш» ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» — у гэтым таксама задзейнічаны. Два гады таму ў якасці першага працоўнага дэсанта сюды прыехала восем грамадзян Узбекістана, якіх сёння ўжо 18.
Прадпрыемства забяспечыла іх усім неабходным для жыцця і работы. За свой кошт здымае апартаменты ў гасцінічным комплексе «Дынама», што за некалькі прыпынкаў грамадскага транспарту ад завода. Па ўсіх пытаннях замежных работнікаў апякуе аддзел кадраў і служба бяспекі.
— Мы выдалі ім спецадзенне, забяспечылі харчаваннем у нашай сталовай за паўцаны, аформілі медстрахоўку, — пералічвае гарантыі і сацыяльныя перавагі намеснік дырэктара па кадрах, бяспецы і рэжыме Аляксей Казлоў. — Пахадайнічалі, каб ім у гасцініцы выдзелілі для малітваў асобны пакой. Яны — мусульмане і прытрымліваюцца рэлігійных традыцый. Да свят усім нашым работнікам, у тым ліку замежным, уручаем падарункавыя сертыфікаты, а заробак на тых работах, дзе задзейнічаны грамадзяне Узбекістана, сёння складае ў эквіваленце 1000 долараў. За гэтыя грошы, праўда, трэба добра працаваць. І тут у нас да іх пытанняў няма.
Бахадзір Абдурахманаў прыехаў у нашу краіну зусім нядаўна — у маі.
— З міграцыйнай службы патэлефанавалі, паведамілі, што ёсць сумесная з Беларуссю міжурадавая праграма, якая дазваляе папрацаваць на МАЗе, і я паехаў, — расказвае ён. — Спачатку прыбылі ў Мінск, а потым — у Магілёў.
Сёння Бахадзір працуе слесарам зборачна-фарбавальнага цэха, разам са сваім напарнікам збірае блокі кіравання для тармазной сістэмы. На радзіме займаўся наладкай станкоў на тэкстыльнай фабрыцы. Гэта ў Намангане, вялікім горадзе на паўночнай ускраіне Ферганскай даліны.
— Наманган — вельмі прыгожы горад, крыху сумую па ім, — прызнаецца суразмоўнік. — Да яго адсюль некалькі тысяч кіламетраў — на самалёце Ташкент — Мінск пяць гадзін палёту. Дома чакаюць дачка, жонка, маці, браты і сястра. У сям’і, дзе я нарадзіўся, 11 дзяцей! Сустрэцца з роднымі атрымаецца толькі налета. Можна ўзяць водпуск і зімой, але мне больш падабаецца летам. Горад у гэту пару года не пазнаць, штогод там праводзіцца прыгожае кветкавае свята. Відовішча неверагоднае.
У Бахадзіра ёсць вопыт работы ў адной з расійскіх будаўнічых кампаній. Там у яго было шмат сяброў-беларусаў, якія часта расказвалі пра сваю радзіму. Таму, калі атрымаў магчымасць папрацаваць у Беларусі, доўга не раздумваў — і цяпер не шкадуе.
— Мне тут падабаецца, — прызнаецца ён. — Шмат што нагадвае пра савецкі час, калі мы, усе 15 рэспублік, жылі разам. Добра, што захавалі такую вытворчасць і тую братэрскую добразычлівасць, якая існавала ў савецкі час. Я яе тут вельмі адчуваю. У Беларусі людзі спакойныя, адэкватныя, гасцінныя. Узбекі ў гэтым вельмі падобныя на беларусаў.
Гайратжан Шарыпаў прыехаў у Магілёў з горада Гулістана Сырдар’інскай вобласці.
— МАЗ даў аб’яву аб прыёме на работу, і мы з суайчыннікамі пайшлі на сустрэчу з беларускімі працадаўцамі, — расказвае ён пра свой шлях у Беларусь. — З намі пагутарылі — у выніку прынялі. Цягам тыдню мы прыехалі сюды, і вось ужо другі год я тут працую.
Да пераезду ў Беларусь Гайратжан спрабаваў сябе ў розных сферах — быў кіроўцам, экспедытарам, таксістам, займаўся рамонтам аўтамабіляў. Тут гэтыя навыкі спатрэбіліся. У зборачным цэху прадпрыемства ён устанаўлівае надрамнікі.
— Работа няцяжкая, спраўляюся, — кажа ён. — Зарплату, якую абяцалі па дагаворы, даюць. За звышурочную работу плацяць больш.
Дома ў Гайратжана засталіся жонка, сын і дзве дачкі. «Двое дзяцей ужо дарослыя, — з цеплынёй у голасе паведамляе суразмоўнік. — Сыну 24 гады, збіраецца жаніцца. А малодшая пойдзе ў восьмы клас».
Мужчына марыць, як у верасні пойдзе ў водпуск і паедзе да сваёй радні.
— Мы заўсёды на сувязі, але ўжо даўно не бачыліся, — уздыхае ён. — Падарункі беларускія ім павязу.
Жыхары сонечнага Узбекістана іншаземцамі ў Беларусі сябе не адчуваюць. У гасцініцы, дзе жывуць, паспелі пасябраваць з туркменамі, якія таксама прыехалі працаваць. На агульнай кухні па выхадных разам гатуюць смачны плоў і духмяную шурпу.
А ў вольны час гуляюць па горадзе, асабліва падабаюцца ім магілёўскія паркі. «Горад прыгожы, — кажуць яны. — Людзі ветлівыя і добрыя».
Намеснік дырэктара «Магілёўтрансмаша» адзначае, што прадпрыемства адсочвае, каб сярод працоўных мігрантаў не было выпадкаў парушэння беларускага заканадаўства. З нязгоднымі размова кароткая — звальненне і дэпартацыя. Было некалькі такіх выпадкаў. Пра гэта яго падшэфныя ведаюць і за межы дазволенага не выходзяць.
Мець дачыненне да стварэння перадавой беларускай тэхнікі — прэстыжна. Менавіта ў цэхах «Магілёўтрансмаша» збіраюцца ўсе тыя самазвалы, лесавозы, аўтавышкі, камунальная тэхніка, якія сёння задзейнічаны ў будаўнічых і камунальных работах у Беларусі, Расіі, Казахстане, Туркменістане, нават Нікарагуа. Грамадзяне Узбекістана працуюць у цэху на ўчастку зборкі кранаў і надрамнікаў, цэхах па вытворчасці платформ для камунальнай тэхнікі, механічнай зборкі і ў нарыхтовачна-зварачным па розных спецыяльнасцях. У асноўным гэта слесары, штампоўшчыкі, маляры.
— Прадпрыемства развіваецца і пашыраецца, сёння востра не хапае працоўных рук і замежныя мігранты для нас выйсце, — кажа Аляксей Казлоў. — Аб’ёмы растуць, а прытоку свежай працоўнай сілы няма. Без дапамогі замежных мігрантаў выканаць вытворчыя паказчыкі складана. Прымаем усіх. Дастаткова сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На месцы абучаем будучых работнікаў і прысвойваем ім прафесію. Няважна, якой нацыянальнасці чалавек — беларус або ўзбек, — ва ўсіх роўныя правы і перавагі.