Сінькевіч, Г. Натхняльныя змены / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 9 верасня. — С. 4.
Для вучняў і настаўнікаў гімназіі № 3 Магілёва Дзень ведаў стаў двайным святам: ва ўстанове адукацыі завяршыўся капітальны рамонт.
За некалькі месяцаў гімназія істотна змянілася як знешне, так і ўнутрана. Будынак быццам атрымаў новае жыццё: быў атынкаваны і перафарбаваны фасад, адрамантаваны дах і ўваходная трупа, праведзена частковая замена сістэмы ацяплення і водазабеспячэння. Устаноўлена аўтаномная пажарная сігналізацыя. Упор зроблены на бяспеку: абсталявана прапускная сістэма з турнікетамі. У многія класы закуплена новая мэбля, набыты спецыяльны стэлаж для захоўвання мабільных тэлефонаў, прадугледжана безбар’ернае асяроддзе. На тэрыторыі з’явіліся спартыўныя пляцоўкі і комплекс з вулічнымі трэнажорамі. Створаны цудоўныя ўмовы для якаснай адукацыі і выхавання дзяцей. Шчырая падзяка за гэта кіраўніцтву вобласці і горада, — паведаміла дырэктар Вераніка Ткачова.
За парты ў 3-й гарадской гімназіі селі 1100 хлопчыкаў і дзяўчынак, у ліку якіх 96 першакласнікаў. На лінейцы, прысвечанай першаму званку, вучні з захапленнем гаварылі пра абнаўленне навучальнай установы.
— Сапраўды шмат чаго змянілася. Гімназія стала яркай і прыгожай. На ўчастку ўстанавілі класныя гульнявыя пляцоўкі. Цяпер урокі фізкультуры стануць цікавейшымі. Нам вельмі падабаецца! — падзяліліся дзесяцікласніцы Аляксандра Філаненка і Дар’я Цітова.
Пераўтварэнні ацанілі і педагогі. Па словах настаўніцы англійскай мовы Святланы Бондзінай, змены натхняюць і настройваюць на плённую дзейнасць.
— Я сама выпускніца гэтай гімназіі. Прыемна бачыць яе такой сучаснай. Будаўнікамі праведзена маштабная работа, змяненні — каласальныя. Памяшканні цалкам адаптаваны пад адукацыйны працэс, на вуліцы — выдатныя спартыўныя пляцоўкі. Упэўнена, вучоба будзе дзецям у радасць, — адзначыла Святлана Генадзьеўна.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і настаўніца пачатковых класаў Яна Чысцякова. Педагог нядаўна выйшла са статусу маладога спецыяліста, але ўжо мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. У планах — працяг прафесійнага росту.
— За лета гімназія неверагодна змянілася. Ідзеш і любуется: усё такое прыго-жае, квітнеючае. Гэта важкая матывацыя. Хочацца самааддана працаваць і разам з вучнямі дасягаць новых вышынь, — сказала Яна Анатольеўна.
Урачыстыя моманты першага званка з дзятвой і педагогамі раздзялілі ганаро-выя госці. Віншаванні з пачаткам навучальнага года прагучалі ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі і іншых. Кіраўніцтву ўстановы былі перададзены каштоўныя падарункі.
Пасля капітальнага рамонту навучэнцаў сустрэла і спецыяльная школа № 1 Маглёва. У навучальнай установе былі адрамантаваны дах, уваходная трупа, фасад будынка, абноўлены цеплатраса і асвятленне. Зусім інакш пачаў выглядаць школьны двор. Падарункам для хлопчыкаў і дзяўчынак сталі новыя спартыўныя пляцоўкі і гульнявыя зоны.
— У эксплуатацыю школа ўведзена ў 1939 годзе. Мадэрнізацыя патрабавалася даўно. За кароткія тэрміны ажыццявілі сур’ёзны фронт рамонтных работ. Установа змянілася да непазнавальнасці, — падкрэсліла дырэктар Таццяна Колесава. — Хацелася б адзначыць высокі ўзровень увагі, якая ўдзяляецца дзяржавай сферы адукацыі. На этапе ажыццяўлення рамонту мы пастаянна адчувалі дапамогу і падтрымку, таму справіліся своечасова і вынік атрымаўся ўражальным. У нас вучацца дзеці з АПФР, і я з гордасцю магу сказаць, што ў школе ёсць усё для іх паўнацэннага навучання і развіцця.
Як падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава, мадэрнізацыя навучальных устаноў рэгіёна будзе працягвацца. У найбліжэйшы час будуць узведзены і новыя школы.
— Пачата будаўніцтва школы на 1020 месцаў па вуліцы Гагарына ў Магілёве. Праводзіцца работа па абнаўленні і перааснашчэнні ўстаноў адукацыі. Сёлета на капітальныя рамонты, рэканструкцыю, набыццё абсталявання было накіравана больш за 106 млн рублёў. Неабходныя меры для таго, каб дзецям было камфортна і бяспечна вучыцца, будуць прымацца і ў далейшым, — запэўніла Людміла Яўгенаўна. — Аднак акцэнт будзем рабіць не толькі на адукацыі і трывалых ведах. У прыярытэце — выхаванне, педагогі працягнуць гадаваць будучых дастойных грамадзян і патрыётаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.