Плюсы відавочныя

Сінькевіч, Г. Плюсы відавочныя / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 9 верасня. — С. 7.

Замест двух урокаў — тры. У новым навучальным годзе павялічана колькасць гадзін па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Педагагічная грамадскасць Магілёўшчыны пераканана: новаўвядзенне пойдзе навучэнцам толькі на карысць.

Напрыканцы жніўня педагогі рэгіёна падрабязна абмеркавалі актуальныя пытанні фізічнага развіцця школьнікаў. Асаблівы акцэнт быў зроблены на карэкціроўках вучэбнай праграмы. У ходзе дыялогу шматразова адзначаліся відавочныя плюсы змяненняў.

Актыўным удзельнікам дыялогу стаў настаўнік-метадыст настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэй Бязлепкін — вядомая асоба ў адукацыйнай сферы. Выдатнік адукацыі, член рабочай групы па ажыццяўленні экспертнай ацэнкі праектаў вучэбных праграм, член прэзідыума вучэбна-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі — вопыт яго працы неаднойчы трансліраваўся на старонках «Настаўніцкай газеты» і часопіса «Спорт time». Па меркаванні педагога, перавод факультатыву «Гадзіна здароўя і спорту» ва ўрок — своечасовае і стратэгічна правільнае рашэнне.

— Тры паўнавартасныя ўрокі ў тыдзень — значны крок для павышэння статусу вучэбнага предмета і ўмацавання здароўя школьнікаў. Асабліва значным лічу ўвядзенне афіцыйнай адзнакі. Для навучэнцаў ацэньванне з’яўляецца зразумелай і аб’ектыўнай меркай іх намаганняў і прагрэсў. Адзнака дысцыплінуе, стварае важкі стымул для вучобы. А вось безадзнакавая сістэма часта ўспрымаецца дзецьмі як неабавязковая, — падзяліўся Андрэй Віктаравіч.

На яго думку, новы статус урока дазволіць пашырыць дыяпазон педагагічнай творчасці, зробіць навучанне больш цікавым і сучасным. Бо гульнявы метад максімальна ўключае вучняў у адукацыйны працэс.

— Сваю педагагічную дзейнасць планую будаваць на прынцыпе сінтэзу — гарманічнага спалучэння абавязковага праграмнага складніка і гульнявога падыходу. Маю намер шырока выкарыстоўваць дамашнія заданні, дыферэнцыравана падбіраючы іх з улікам медыцынскай групы, узроўню фізічнай падрыхтаванасці і інтарэсаў кожнага дзіцяці. Гэта будзе фарміраваць у вучняў стойкую звычку да рэгулярнай фізічнай актыўнасці за межамі школы, — заўважыў Андрэй Бязлепкін.

3 тым, што павелічэнне вучэбных гадзін — неабходная мера, цалкам згодны і Аляксандр Сцепчанка з Забялышынскай сярэдняй школы Хоцімскага раёна. Педагог з вялікім працоўным стажам і кваліфікацыйнай катэгорыяй «настаўнік-метадыст» таксама не раз быў героем газетных публікацый.

— У прафесіі я ўжо 37 гадоў. Калі рабіў свае перщыя крокі ў педагогіцы, урокаў фізкультуры было менавіта тры. Мы вярнуліся да таго, што было раней, і гэта правільна. Сучасныя дзеці пагалоўна захоплены гаджэтэмі, ім не хапае рухальнай нагрузкі. Дадатковы ўрок паспрыяе выкараненню гэтай праблемы. Эфектыўнасці, несумненна, дадасць ацэньванне. Да факультатыву вучні не заўсёды ставіліся сур’ёзна. Урок зробіць іх больш адказнымі, а магчымасць атрымаць адзнаку — павысіць матывацыю. Прапанаваны гульнявы фармат дае настаўніку свабоду дзеянняў. У нас ёсць выбар у варыятыўным кампаненце. Структуру заняткаў можна будаваць, улічваючы матэрыяльную базу школы, пажаданні, узрост і запыты навучэнцаў. Вядома, ёсць пакуль і пэўныя недахопы. На мой погляд, варта павялічыць тыраж прыкладнага каляндарнага планавання. Калі вопытныя настаўнікі могуць справіцца з гэтым самі, то для маладых спецыялістаў — тэма актуальная. А наогул схема вучэбнай праграмы сфармулявана дакладна — будзем працаваць над рэалізацыяй,—падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч.

На плённую працу нацэлена ўсё настаўніцтва вобласці. Педагогі ўпэўнены: павелічэнне гадзін па фізкультуры сапраўды можа дапамагчы ў барацьбе з маларухавасцю школьнікаў. А яшчэ гэта рэальны ўклад у папулярызацыю спорту сярод моладзі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.