Таленавітыя і творчыя

Здорыкава, Л. Таленавітыя і творчыя / Людміла Здорыкава // Настаўніцкая газета. — 2025. — 3 кастрычніка (№ 74). — С. 6.

Людміла ЗДОРЫКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, лічыць, што ва ўсе часы настаўнік — гэта чалавек з вялікай літары, які фарміруе дзіцячыя душы, закладвае ў навучэнцаў галоўныя жыццёвыя арыенціры:

 Прыемна адзначаць, што магілёўскія педагогі як нельга лепш падыходзяць пад гэтую характарыстыку. Зараз у вобласці працуе звыш 20 тысяч педагагічных работнікаў, больш за 72% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 44 прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці валодаюць кваліфікацыяй “настаўнік-метадыст”.

Асабліва ганарымся тым, што менавіта ў нашым рэгіёне працуе першы народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў. Больш за чатыры дзесяцігоддзі Валерый Васільевіч раскрывае таямніцы фізікі навучэнцам Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. За гэты перыяд ён падрыхтаваў 100 пераможцаў трэцяга і 78 заключнага этапаў рэспубліканскіх алімпіяд, 13 медалёў і 1 пахвальны водгук яго вучні заваявалі на міжнародным узроўні. Акрамя таго, Валерый Барашкоў з’яўляецца аўтарам шэрага кніг і метадычных дапа­можнікаў.

Сёння нямала дасягненняў дэманстру­юць нашы адораныя навучэнцы. Сёлета вучні ўзялі 9 узнагарод на міжнароднай арэне і вызначыліся 91 дыпломам на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У гэтых поспехах істотны ўклад настаўніцы інфарматыкі гімназіі № 2 Магілёва Алены Качанавай, настаўніка фізічнай культуры і здароўя Цялушскай сярэдняй школы Бабруйс­кага раёна Аляксандра Гацко, настаўніцы працоўнага навучання сярэдняй школы № 33 Магілёва Наталлі Круталевіч, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ялізаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Галіны Бурак, настаўніка фізікі Аляксандра Сугакевіча і настаўніка матэматыкі Вадзіма Лабанка з ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча, нас­таўніка фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва Андрэя Бязлепкіна, настаўніцы кітайскай мовы гімназіі № 4 Магілёва Дар’і Стальмаховай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Наталлі Радзьковай, настаўніка хіміі Георгія Папова, настаўніка геаграфіі Дзмітрыя Паджыгерава і настаўніка фізікі Уладзіміра Грабцэвіча з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1.

Педагогі ўдзяляюць павышаную ўвагу не толькі навучанню і трываласці ведаў. У прыярытэце ва ўсіх калектывах развіццё здоль­насцей дзяцей, выхаванне патрыёта і грамадзяніна. Настаўнікі ўмела раскрываюць патэнцыял вучняў, укладва­юць у іх светапогляд духоўна-маральныя каштоўнасці.

Прыдняпроўскаму краю наогул неверагодна пашанцавала! У нас вялікае мноства таленавітых, творчых, захопленых педагогаў-прафесіяналаў.

Прычым вопыт настаўнікаў са стажам вынікова спалучаецца з навацыямі і крэатыўнасцю іх маладых калег. У апошнія гады шмат чаго было зроблена ва ўдасканаленні матэрыяльнай базы навучальных устаноў. Але менавіта мэтанакіраванасць, энтузіязм і майстэрства педагогаў дазваляюць забяс­печваць высокі ўзровень якасці адукацыі.

Напярэдадні прафесійнага свята шчыра жадаю ўсім настаўнікам здароўя і дабрабыту, цярпення і аптымізму ў нялёгкай, але такой важнай працы. Няхай у вашых сэрцах ніколі не згасае агонь любові да дзяцей і заўзятая адданасць сваёй справе!