Сінькевіч, Г. «Сокал» як непарушнае братэрства / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 3 кастрычніка. — С. 17.
Амаль два дзесяцігоддзі назад дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Міхаіл Сасонка стварыў ваенна-патрыятычны праваслаўны клуб “Сокал”. Нягледзячы на мноства клопатаў на асноўнай рабоце, па ўласнай ініцыятыве стаў для моладзі своеасаблівым правадніком у жыццё. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Маральны падмурак
— Галоўная задача ўстановы прафесійнай адукацыі — якаснае навучанне моладзі. Але асобаснае станаўленне маладога чалавека не менш важнае. І ў гэтым яму часта неабходна дапамога. Падлетка трэба накіраваць на правільны шлях, закласці трывалы маральны падмурак яго светапогляду. Для рэалізацыі гэтай мэты і вырашыў адкрыць клуб “Сокал”. Аб’яднанне стала прадаўжальнікам праваслаўнага клуба “Перасвет” пры Магілёўскай епархіі, — паведаміў Міхаіл Уладзіміравіч.
Першымі “сакалятамі” сталі навучэнцы, якія не адрозніваліся прыкладнымі паводзінамі. Многія стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Істотную частку ўдзельнікаў складалі дзеці з няпоўных сем’яў, сацыяльныя сіроты.
— Да мяне ішлі так званыя цяжкія падлеткі. Але я катэгарычны ў навешванні ярлыкоў, бо цвёрда перакананы: дрэнных дзяцей не існуе. Усе без выключэння добрыя і светлыя. Аднак бывае, што дзіця заблыталася, трапіла ў складаную сітуацыю. У такіх выпадках побач павінен быць дарослы, які падтрымае.
Пачынаў работу ў клубе з арганізацыі занятасці моладзі. Імкнуўся зацікавіць дзяцей, адцягнуць іх ад вуліцы. Стаўку зрабіў на спорт і фізічную загартоўку. Стаў ладзіць для вучняў трэніроўкі па рукапашным баі і адзінаборствах. Станоўчы вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Юнакі сталі даваць выхад энергіі ў спартыўнай зале. Рэгулярныя заняткі спортам хутка пазбавілі іх жадання здзяйсняць супрацьпраўныя ўчынкі, — патлумачыў Міхаіл Сасонка.
Гартаваць характары
Зараз “Сокал” наведваюць звыш 30 хлопцаў ва ўзросце 15—19 гадоў. Кожны дзень у выхаванцаў дакладна распісаны. Кіраўнік клуба выбудаваў эфектыўную сістэму разнастайных абавязковых мерапрыемстваў, якія не пакідаюць часу на глупствы, фарміруюць станоўчыя звычкі, гартуюць характары юнакоў.
— Тройчы на тыдзень у навучэнцаў трэніроўкі. Бесперапынна паўтараю ім вядомае выказванне, што моцны дух можа быць толькі ў здаровым целе. Спорт вучыць хлопцаў дысцыпліне, вытрымцы, настойлівасці, мэтанакіраванасці. Некаторыя вучні захапляюцца баявымі адзінаборствамі ўсур’ёз. Пастаянна прадастаўляю падапечным магчымасць паўдзельнічаць у розных рэспубліканскіх ці міжнародных турнірах, і яны выходзяць у пераможцы, яскрава праяўляюць сябе, — расказаў Міхаіл Уладзіміравіч.
За плённую працу на ніве адукацыі і выхавання моладзі Міхаіл Сасонка сёлета быў удастоены высокага звання “Чалавек года”, яго імя занесена на абласную Дошку гонару.
Акрамя спартыўнага напрамку, сярод прыярытэтаў клуба — далучэнне моладзі да працоўнай дзейнасці, краязнаўства, валанцёрства. Юнакі адпраўляюцца ў паходы па роднай вобласці, вывучаюць гісторыю, славутасці, культуру. Заўзята займаюцца яны і дабрачыннасцю: дапамагаюць ветэранам, адзінокім пенсіянерам, хворым аднагодкам.
— Мае “сакаляты” неабыякавыя да чужой бяды. Яны заўсёды гатовы аказаць дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Фарміраванне такіх якасцей — вынік узаемадзеяння з Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Духоўнаму выхаванню вучняў удзяляю вялікую ўвагу. Да хлопцаў прыязджае настаяцель храма Раства Іаана Прадцечы Аляксей Шмялёў. Штотыдзень па аўторках ён гаворыць з моладдзю аб праваслаўнай веры, хрысціянскіх каштоўнасцях, сіле малітвы. У нядзелю разам з хлопцамі нязменна наведваем богаслужэнне. Усё гэта дапамагае нязмушана ўкладваць у дзіцячыя душы міласэрнасць, спагадлівасць, чуласць, — адзначыў Міхаіл Сасонка.
Адна з адметнасцей клуба — псіхалагічныя трэнінгі. Некалькі разоў на месяц удзельнікі дзеляцца адно з адным іх праблемамі. Прычым пра свае цяжкасці расказваюць як самі падлеткі, так і іх кіраўнік.
— Сумесна абмяркоўваем праблемы, высвятляем іх прычыны, шукаем спосабы вырашэння. Гэтая традыцыя вызначыла дэвіз клуба: “Няма задач невыканальных”. Вучу юнакоў таму, што з любой цяжкасцю можна справіцца, былі б жаданне і імкненне. Наогул, стараюся быць для вучняў наглядным прыкладам ва ўчынках, — заўважыў Міхаіл Уладзіміравіч.
Словам і справай
Ключавым аспектам дзейнасці “Сокала” Міхаіл Сасонка называе патрыятычнае выхаванне. Любові да Радзімы ён вучыць юнакоў як словам, так і справай.
— Наш каледж знаходзіцца недалёка ад мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут ішлі жорсткія баі, здзяйсняліся подзвігі. Памяць аб мужнасці і доблесці продкаў павінна жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў. Пра гэта нястомна нагадваю вучням. Мы займаемся даследчай работай па захаванні гістарычнай праўды аб падзеях ваеннага ліхалецця. Многае робім па добраўпарадкаванні абеліскаў і мемарыялаў, — расказаў Міхаіл Уладзіміравіч.
Некалькі гадоў назад “сакаляты” і іх кіраўнік адшукалі ў лясным масіве Шклоўскага раёна невядомае пахаванне салдат Чырвонай Арміі.
— Побач быў пасаджаны дуб. У яго ўрасла старая таблічка з надпісам аб тым, што на гэтым месцы пахаваны тры танкісты, якія ў 1941 годзе загінулі бліз навакольнай вёскі. Знаходка ўзрушыла хлопцаў, знайшла эмацыянальны водгук у іх свядомасці. Было прынята аднагалоснае рашэнне ўстанавіць там памятны знак, — сказаў Міхаіл Сасонка.
Да ўвекавечання памяці воінаў тады далучыліся прадстаўнікі клуба “Перасвет”, мясцовыя жыхары. Агульнымі намаганнямі задуму ўдалося ажыццявіць.
— Паставілі помнік, зрабілі агароджу, аформілі тэматычную экспазіцыю: на трох валунах намалявалі сімвалічныя чырвоныя зоркі. Зараз сочым за парадкам на пахаванні. Даглядаем і іншыя мемарыялы. Калі ўзнікае неабходнасць, аднаўляем абеліскі ў Магілёўскім, Бялыніцкім, Мсціслаўскім раёнах. Такая работа дае навучэнцам важныя арыенціры, найлепшым чынам фарміруе патрыятызм і глыбокую павагу да гераічнага мінулага беларускага народа, — запэўніў Міхаіл Уладзіміравіч.
Знайсці сябе
За перыяд існавання клуба “Сокал” праз яго прайшлі сотні юнакоў. Яны сталі дастойнымі людзьмі, набылі запатрабаваныя ў грамадстве прафесіі, стварылі сем’і.
— Прыемна назіраць за поспехамі былых выхаванцаў. Паказальнай стала гісторыя Андрэя Цырыпкі. За правапарушэнні яго неаднаразова адлічвалі з розных навучальных устаноў. Заняткі ў “Сокале” дапамаглі хлопцу знайсці сябе, не збочыць на крывую жыццёвую дарогу. Ён стаў спартсменам, займаецца трэнерскай работай. Падобная гісторыя і ў Ільі Рыбалкі. Пераступаючы парог клуба, ён стаяў на прафілактычным уліку. Але ўсебаковая падтрымка і прыняцце стварылі цуд: юнак адумаўся і цяпер прытрымліваецца правільных ідэалаў, — падзяліўся Міхаіл Сасонка. — Увогуле выдатна склаўся лёс ва ўсіх выпускнікоў. Практычна кожны з іх адслужыў у войску. Многія сталі афіцэрамі, захоўваюць бяспеку і правапарадак у краіне. Нямала і тых, хто стваральна працуе ў разнастайных сферах эканомікі. Часта даводзіцца сустракаць сваіх падапечных. Нядаўна быў у камандзіроўцы ў Хоцімскім раёне, і там у калгасе трактарыстам працуе Аляксандар Верхаўцоў. Некалі быў гультаём, мог пахуліганіць, а цяпер вырошчвае хлеб, стаў перадавіком.
Дасягненням сённяшніх і ўчарашніх “сакалят” Міхаіл Уладзіміравіч бясконца радуецца. Гэта для яго і натхненне, стымул да ўдасканалення выхаваўчай работы.
— Клуб ператварыўся са звычайнага аб’яднання ў сапраўднае братэрства. Прыдумалі нават свой герб і флаг. Усталяваўся даволі выніковы ўнутраны ўклад. Работа наладжана, але планы па развіцці ёсць: у перспектыве збіраемся большы акцэнт рабіць на праяўленні вучнямі актыўнай грамадзянскай пазіцыі, — падкрэсліў Міхаіл Сасонка. — Сумяшчаць кіраванне каледжам з куратарствам “Сокала”, канечне, бывае нялёгка. Але ў гэтым бачу сваё прызванне. Матывуе і ўдзячнасць выпускнікоў. Мы не страчваем сувязь: яны пішуць, тэлефануюць, часам прыходзяць на заняткі. Гляджу на іх, пасталеўшых, ветлівых, адукаваных, і разумею: мае ўрокі выхавання былі недарэмнымі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі