Па самых запатрабаваных напрамках

Сінькевіч, Г. Па самых запатрабаваных напрамках / матэрыялы Ганны Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 4 лістапада (№ 83). — С. 13.

85-годдзе з дня заснавання сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі адзначылі ў Магілёве. Удзельнікамі святочнага мерапрыемства сталі педагогі, кіраўнікі і ветэраны навучальных устаноў, прадстаўнікі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.

Падчас урачыстасці неаднаразова гаварылася аб істотнай ролі прафесійнай адукацыі ў развіцці эканомікі, прамысловасці і сацыяльнай сферы рэгіёна. Сёння ў вобласці функцыянуюць 33 каледжы, дзе вучацца амаль 17 тысяч чалавек. Ва ўстановах ажыццяўляюць падрыхтоўку рабочых па самых запатрабаваных напрамках, пералік спецыяльнасцей пастаянна абнаўляецца з улікам змяненняў на рынку працы. Штогод з каледжаў выпускаецца каля 4 тысяч маладых людзей, усім прадастаўляецца першае працоўнае месца.

Захоўваючы традыцыі, прафесійная адукацыя дынамічна развіваецца, ідзе ў нагу з выклікамі сучаснасці. Ва ўстановах створана моцная матэрыяльная база, дзейнічаюць цэнтры кампетэнцый з перадавым вучэбным і тэхналагічным абсталяваннем, наладжана цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

— Паказчык высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў — удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus. Сёлета каманда рэгіёна прадэманстравала выдатныя вынікі. Нашы навучэнцы выйшлі ў абсалютныя лідары: у скарбонцы ўзнагарод 8 залатых, 4 сярэбра-ныя і 3 бронзавыя медалі. Важна, што ўпор педагагічныя калектывы каледжаў робяць не толькі на якасць навучання. У прыярытэце таксама выхаванне. Педагогі імкнуцца да таго, каб маладыя людзі сталі пр-фесіяналамі ў выбранай справе, актыўнымі грамадзянамі і патрыётамі, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава.

За 85-гадовай гісторыяй стаіць плённая праца шматлікіх пакаленняў педагогаў у адрас якіх на свяце прагучала нямала шчырых слоў удзячнасці.

Лепшым работнікам прафадукацыі былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Граматы падзякі атрымалі каля 50 педагогаў, кіраўнікоў, ветэранаў. У ліку ўзнагароджаных — выкладчыца Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Святлана Парыенка.

— Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі для мяне вялікі гонар, — запэўніла педагог. — У прафесіі я больш за трыццаць гадоў, навучэнцы радуюць вучэбнымі поспехамі. Прыемна, што маю працу заўважылі. Такое прызнанне — стымул да новых здзяйсненняў.

Свята стала натхненнем і матывацыяй для ўсіх прысутных. Як было падкрэслена, юбілёйная дата — не проста мяжа, а зыходны пункт для новага этапу ў развіцці.

Матэрыялы Ганны СІНЬКЕВІЧ.