Аўтарскія праекты для “Юнацтва”

Сінькевіч, Г. Аўтарскія праекты для «Юнацтва» / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2025. — 19 снежня. — С. 19.

Шматпрофільны цэнтр па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва — сапраўдная тэрыторыя творчасці. Штодня сюды на заняткі з энтузіязмам бягуць сотні хлопчыкаў ідзяўчынак.

Дзеці, іх захапленні і запыты — наш прыярытэт. У нас працуюць гурткі мастацкага, дэкаратыўна-прыкладнога, тэхнічнага, спартыўнага, эколага-біялагічнага, краязнаўчага, сацыякультурнага профіляў. Захоўваючы класічныя напрамкі, з улікам сучасных рэалій перыядычна адкрываем новыя аб’яднанні. Імкнёмся да таго, каб любы школьнік мог знайсці сабе справу па душы, — паведаміла дырэктар Вольга Прыгодзіч.

Цэнтр наведваюць амаль 3000 навучэнцаў. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць звыш 80 педагогаў, кожны з якіх — выключны прафесіянал.

-Большая частка калектыву — педагогі з вышэйшай або першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Нямала тых, хто прысвяціў дадатковай адукацыі шмат гадоў жыцця. Адзінай камандай мэтанакіравана займаемся ўсебаковым развіццём вучняў. Плённая праца прыносіць адпаведныя вынікі. Сёлета навучэнцамі заваявана звыш 1,2 тысячы пераможных дыпломаў у конкурсах і спаборніцтвах міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога ўзроўняў, — расказала Вольга Тадэвушаўна.

Вялікую ўвагу ва ўстанове ўдзяляюць выхаванню асобы дзіцяці, у прыватнасці фарміраванню ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму.

— Мы курыруем гарадскую Вахту Памяці, гэта наша структурнае падраздзяленне. За больш чым 40-гадовую гісторыю яе дзейнасць ніколі не спынялася. Рэгулярна вахту нясуць 15 хлопцаў і дзяўчат — лепшых навучэнцаў школ. Для моладзі рытуал каля Вечнага агню — важная падзея, якая закладвае ў светапогляд патрыятычныя пачуцці і маральныя каштоўнасці, — адзначыла Вольга Прыгодзіч.

Любоў да Радзімы педагогі цэнтра прывіваюць вучням і праз аўтарскія праекты. Традыцыяй стала правядзенне музейных марафонаў, патрыятычных эстафет і акцый, гістарычных квестаў.

— Для станаўлення актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў наладзілі супрацоўніцтва з гарадскім Саветам дэпутатаў. На нашай базе арганізавана работа маладзёжнага і дзіцячага саветаў. У склад гэтых аб’яднанняў уваходзяць 90 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і працуючая моладзь. Маладыя людзі далучаюцца да валанцёрства, прапаноўваюць уласныя ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб Магілёў прыгажэў, квітнеў, — расказала Вольга Тадэвушаўна.

Значнае месца педагогі адводзяць таксама ўзаемадзеянню з дзіцяча-юнацкімі грамадскімі арганізацыямі. У гэтым напрамку адметнасцю цэнтра з’яўляецца музейны куток, прысвечаны піянерыі. У экспазіцыі налічваецца звыш 200 экспанатаў, якія адлюстроўваюць этапы станаўлення піянерскага руху.

— У нас ёсць горн, барабан, піянерскія гальштукі, форма і сцяг, вінілавыя пласцінкі з піянерскімі песнямі, кнігі, фатаграфіі і паштоўкі савецкага часу. Акрамя экскурсій, з выкарыстаннем экспазіцыі праводзім гульні, віктарыны, разнастайныя выхаваўчыя мерапрыемствы, — расказала Вольга Прыгодзіч.

Удзельнікі аб’яднанняў далучаюцца да валанцёрства, прапаноўваюць : уласныя ініцыятывы, накіраваныя на тоё, каб Магілёў прыгажэў і квітнеў.

Сёння цэнтр «Юнацтва» паспяховы ва ўсіх напрамках. Але, нягледзячы на атрыманыя ўзнагароды, тут не спыняюцца на дасягнутым. У калектыву шмат планаў.

— Будзем працягваць развіваць таленты юных магіляўчан і напаўняць іх дзяцінства яркімі фарбамі, — запэўніла дырэктар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.