Зiгуля, Н. Запрасiлi на свята i дапамаглi дзiцяцi : у Магiлёве мiлiцыя арганiзавала моладзi фестываль «Разам» / Нэлi Зiгуля // Звязда. — 2016. — 28 мая. — С. 9.
Такую незвычайную форму зносін з маладымі прыдумала УУС Магілёўскага аблвыканкама. Праграма распрацоўвалася амаль паўгода і была шчодрая на мерапрыемствы. «Толькі калі мы разам, у адзінстве, мы можам дасягнуць поспехаў, пабудаваць прыгожае жыццё», — адзначыў на адкрыцці фестывалю палкоўнік міліцыі Аляксандр СЯРГЕЕЎ, намеснік начальніка УУС.
Амаль цэлы дзень плошча Славы ў Магілёве пела, танцавала, здзіўляла, натхняла. Тут можна было памацаць рукамі баявую тэхніку і экіпіроўку супрацоўнікаў міліцыі, паназіраць за спартыўнымі спаборніцтвамі элітнага падраздзялення гэтага ведамства, паўдзельнічаць у майстар-класах і прадэманстраваць свае спартыўныя поспехі. Дарэчы, пераможцы спартыўных і творчых конкурсаў стараліся не проста так, лепшыя атрымалі дыпломы і падарункі. Фестываль падтрымалі вулічныя тэатры і байкеры. Сваё майстэрства паказалі аматары вулічнага варкаўта і сілавога экстрыму. У парку імя Горкага «Фотасушка» дэманстравала найбольш цікавыя моманты з міліцэйскага жыцця. Кожная хвіліна на свяце не прайшла дарэмна. Эмоцыі білі праз край. А вечарам на сцэне «запальвалі» рок-музыканты і эстрадныя выканаўцы, здзіўляў публіку вядомы беларускі ілюзіяніст Віктар Шышко і фаершчыкі з клуба «Подых агню». Усе сродкі ад гэтага дабрачыннага канцэрта «Музыка дорыць жыццё» пойдуць на лячэнне хворага хлопчыка з Краснаполля, адзначылі ў прэс-службе УУС Магілёўскага аблвыканкама.