«У небе і кнізе — сонца»

Касцюк, Ю. «У небе і кнізе — сонца» / Юлія Касцюк // Літаратура і мастацтва. — 2026. — 3 красавіка (№ 13). — С. 11.

У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбыліся XV Пысінскія чытанні

Сёлета яны ўпершыню праходзілі ў фармаце дзіцячага свята. Маленькім чытачам Аляксей Пысін заўсёды ўдзяляў асаблівую ўвагу. Ен не раз казаў: «Калі дзеці не слухаюць, гэта не іх віна. У гэтым вінаваты пісьменнік».

На сустрэчах з чытачамі ён заўжды ўважліва назіраў за аўдыторыяй. Аднойчы ў піянерскім лагеры дзеці прыйшлі на сустрэчу з ім стомленымі. Каб падбадзёрыць іх, ён, адказваючы на пытанне аднаго з хлопчыкаў аб тым, што здарылася з яго юнацкімі вершамі, якія паэт пакінуў перад вайной у доме бацькоў, адказаў так: «Мышы знайшлі вершы, прачыталі іх, не ўбачылі нічога вартага і таму з’елі іх. I я ім за гэта ўдзячны, маім першым літаратурным крытыкам». Дзяцей гэта вельмі рассмяшыла, а потым яны ўважліва слухалі ўсё, што казаў паэт.

На старонках кніг «Колькі сонцаў», «Аляксей, Дзяніс, Алёнка», «Матылёчкі-матылі», «Вясёлка над плёсам» аўтар займальна і з тонкім пачуццем гумару знаёміць дзяцей з Дзіўным светам прыроды і вучыць ставіцца да яе беражліва. Пазнавальны аспект дзіцячых твораў Аляксея Пысіна не проста ўражвае, але і натхняе на разважанне і творчасць. I яркае пацвярджэнне гэтаму — вялікая колькасць дзяцей, якія прынялі ўдзел у абласным конкурсе дзіцячых ілюстрацый да твораў Аляксея Пысіна «У небе і кнізе — сонца», урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў якога адбылася ў рамках Пысінскіх чытанняў.

На конкурс быў прадстаўлены 161 малюнак ад 156 удзельнікаў з 35 навучальных устаноў г. Магілёва і вобласці. Першынство па колькасці пераможцаў заваявала Касцюковіцкая дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў — 12 прызавых месцаў. На другім месцы — землякі паэта — навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў г. п. Краснаполле — 11 узнагарод. Трэцяе месца заслужана заняў Магілёўскі абласны цэнтр творчасці —10 перамог.

Па выніках конкурсу журы адзначыла 83 работы ў 16 намінацыях. Малюнкі, якія занялі першыя месцы, увайшлі ў аднайменны зборнік вершаў Аляксея Пысіна «У небе і кнізе — сонца», які стаў узнагародай для ўсіх аўтараў ілюстрацый. Астатнія пераможцы таксама не засталіся без падарункаў — усе яны сталі шчаслівымі ўладальнікамі кнігі А. Пысіна «Матылёчкі-матылі». Заслужаныя апладысменты і ўзнагароды атрымалі і юныя чытальнікі, якія вельмі эмацыянальна і выразна выканалі самыя папулярныя вершы, што выбралі канкурсанты для ілюстравання — «Ратавалі страказу», «Туман» і «Жук і жолуд».

Выстаўка работ-пераможцаў абласнога конкурсу дзіцячых ілюстрацый да твораў Аляксея Пысіна «У небе і кнізе — сонца» будзе прадстаўлена на XXXIII Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах.

Юлія КАСЦЮК