Больш чым класіка

Зігуля, Н. Больш чым класіка / Нэлі Зігуля // Літаратура і мастацтва. — 2026. — 3 красавіка (№ 13). — С. 15.

Чым запомніцца XIX Міжнародны маладзёжны тэатральны форум«М.@гt.кантакт»

У Магілёве яго вынікі ўрачыста падвялі ў Сусветны дзень тэатра. Уручаны залатыя і сярэбраныя маскі, прагучалі апошнія фанфары тэатральнага свята, пад апладысменты ўдзячных гледачоў пад столь узляцелі бліскучыя фантаны з фольгі. Форум сказаў тэатру: «Да новых сустрэч». Засталося толькі смакаваць тыя ўражанні, якія ён пакінуў у душы кожнага, хто жыў у яго рытме.

Лепшым спектаклем форуму «М.@гt.кантакт-2026», па меркаванні прафесійнага журы, стала пастаноўка «Лада, або Радасць» тэатра-студыі «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга (рэжысёр Яўген Карпаў). Гэты ж спектакль маладзёжнае журы адзначыла спецдыпломам «За лепшы акцёрскі ансамбль». А вось пальму першынства эксперты аддалі спектаклю «Хутар» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (рэжысёр Яўген Карняг). Прафесіяналы ў сваю чаргу уручылі тэатру спецыяльны прыз за «Лепшую сцэнаграфію».

Гледачы выбралі свой, на іх погляд, лепшы спектакль, аддаўшы галасы (квіточкі, якія збіраліся ў спецыяльныя скрыні) за неверагодна атмасферную пастаноўку «Дама з сабачкам» у выкананні Губернскага тэатра з Масквы.

Тэатральны тыдзень праляцеў як адно імгненне, калектывы з Беларусі, Расіі і Казахстана падарылі гледачам 17 найлепшых пастановак. A яшчэ было шмат сустрэч з артыстамі, рэжысёрамі, тэатразнаўцамі, працавалі круглыя сталы, майстэрня маладой рэжысуры. Студэнт Расійскага інстытута сцэнічных мастацтваў Аляксандр Бухарынаў прызнаўся, што яму было вельмі цікава паспрабаваць сябе ў якасці рэжысёра з прафесійнай тэатральнай трупай. Разам з артыстамі Магілёўскага абласнога драмтэатра ён рыхтаваў эскіз вядомай п’есы Тэнесі Уільямса «Трамвай жаданняў». Пра фестываль даведаўся ад сяброў, чытаў пра яго ў інтэрнэце. А яшчэ шмат прыемных водгукаў чуў пра беларускі лялечны тэатр і атрымаў добрую магчымасць убачыць яго на свае вочы.

Дырэктар Арлоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя I. Тургенева Алена Казакова расказала, што артысты Магілёўскага абласнога драмтэатра летась былі ў іх у гасцях і бралі ўдзел ў фестывалі «Руская класіка». Тады арлоўцы і атрымалі запрашэнне на «М.@гt.кантакт». I ехалі на яго з задавальненнем, радасцю, любоўю».

Чарговы раз глядач пераканаўся, што хадзіць у тэатр непадрыхтаваным — недаравальная нядбайнасць. Класіку наогул трэба ведаць. Каб выпадкова не пераблытаць, напрыклад, Аркадзіну з Ранеўскай. У тым жа спектаклі «Чайка» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра і рэжысёра-пастаноўшчыка Магілёўскага абласнога драмтэатра Камілі Хусаінавай, апроч розных цікавых момантаў, адчувалася прысутнасць іншых твораў Антона Паўлавіча Чэхава. Спектакль атрымаў спецыяльны дыплом «За яркае рэжысёрскае рашэнне». Усе тэатразнаўцы аднагалосна падкрэслілі арыгінальнасць пастаноўкі. А Камілю Хусаінаву старшыня экспертнага журы, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Валянціна Еранькова назвала сапраўдным майстрам, адкрыццём і падзеяй.

— Гэты спектакль абавязкова павінен быць на «Нацыянальнай тэатральнай прэміі» ў Мінску, — пераканана яна.

Гэтым разам наогул было шмат Чэхава. Усе пастаноўкі яр-кія, самабытныя, запамінальныя. Спецдыпломамі «За выдатны ўклад у развіццё театральных сувязей Беларусі і Казахстана» ад экспертнага журы і «За глыбіню, схаваную ў яркай тэатральнай умоўнасці» ад маладзёжнага адзначаны спектакль «Чэхаў. Вадэвілі» Дзяржаўнага рускага драмтэатра імя Ф. М. Дастаеўскага з казахстанскага горада Сямей. Разыначкай на торце стала «Дама з сабачкам» у выкананні Губернскага тэатра з Масквы, — якая разам з прызам глядацкіх сімпатый атрымала яшчэ і спецыяльны дыплом прафесійнага журы — «3a трапяткое ўвасабленне рускай класікі».

Не менш было на гэтым фестывалі і Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. «М.@гt.кантакт» прапанаваў нават два варыянты яго містычнай «Пікавай дамы». Гродзенскі тэатр ляляк зачараваў гледача яшчэ і спалучэннем празаічнага твора з аднайменнай операй Пятра Чайкоўскага. Тытулаваны спектакль рэжысёра Алега Жугжды стаў сапраўдным упрыгажэннем форуму. Яшчэ адну «Пікавую даму» прывезлі артысты Смаленскага камернага тэатра. Прафесійнае журы адзначыла актрысу тэатра Надзею Трапезнікаву «За стварэнне яркага, выразнага вобраза графіні Ганны Фядотаўны». Нестандартны падыход да Пушкінскага рамана ў вершах «Яўгеній Анегін» прадэманстраваў Арлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя I. С Тургенева. Тэкст цалкам захаваны, але матэрыял падаецца незвычайна: ролі галоўных персанажаў адначасова выконваюць некалькі артыстаў. Як казала перад спектаклем дырэктар тэатра Алена Казакова: «У нас няма Таццяны, Анегіна, Вольгі… У нас усе Таццяны, Анегіны, Вольгі…». Такі вось цікавы погляд рэжысёра-пастаноўшчыка драмтэатра Балтыйскага флоту Таццяны Дромавай. Маладзёжнае журы адзначыла наватарства спецдыпломам «За маладзёжнае прачытанне класікі».

Нельга ўявіць сабе «M.@rt. кантакт» без смелых, неверагодна глыбокіх пастановак, уральскага рэжысёра Мікалая Каляды. Яшчэ летась ён са сваім тэатрам удзельнічаў у фестывалі і дзяліўся з журналістамі планамі на будучае. А сёлета, 2 сакавіка, стала вядома, што таленавіты расійскі драматург і рэжысёр заўчасна пайшоў з жыцця. I ўсё ж ён прысутнічаў на гэтым форуме — у пастаноўцы «Насферату» пермскага тэатра «Век жыцця», якая зроблена па яго п’есе.

—Дзесяць гадоў таму ён падарыў нашаму маленькаму прыватнаму тэатру пяць сваіх п’ес, выказаўшы падтрымку і спагаду, — адзначылі артысты, — Дзякуючы яму мы выжылі і жывём…

Спектакль атрымаў спецдыплом прафесійнага журы — «За захаванне спадчыны Мікалая Каляды».

Адначасова двух спецдыпломаў удастоілася пастаноўка Ульянаўскага маладзёжнага тэатра імя Б. У Аляксандрава «Заўтра была вайна». Прафесійнае журы ацаніла яе «За актуальнее ўвасабленне ваеннай тэматыкі ў сучасным тэатры», а маладыя тэатразнаўцы — «За шматграннае выказванне».

Спецдыпломы атрымалі таксама спектакль «Чорныя дошкі» Уладзімірскага акадэмічнага абласнога драмтэатра «За лепшы акцёрскі ансамбль» і пастаноўка «Ганна. Сны» па рамане Льва Талстога «Ганна Карэніна» ў выкананні артыстаў Арлоўскага дзяржаўнага тэатра для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора».

Нэлі ЗІГУЛЯ