Сінькевіч, Г. Атрымаць запаветны білет / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 3 красавіка. — С. 14.
У Магілёве адбыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”. Мерапрыемства праходзіла ў рамках культурна-адукацыйнага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці” і аб’яднала актыўных, таленавітых, ініцыятыўных навучэнцаў.
Сёлета ў нас рэкордная колькасць канкурсантаў. Заяўкі на першыя адборачныя туры падалі больш за 1,2 тысячы дзесяцікласнікаў. Сярод удзельнікаў — выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў, лідары і актыўныя валанцёры. Нашы навучэнцы праяўляюць вялікую цікавасць да вывучэння гераічнага мінулага краіны, з неабыякавасцю ставяцца да захавання гістарычнай памяці, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.
Рэгіянальны адбор ажыццяўляўся ў два туры. Першапачаткова канкурсанты прадстаўлялі партфоліа дасягненняў, матывацыйны ліст і эсэ на тэму»Шлях да Перамогі». Амаль 40 юнакоў і дзяўчат выйшлі ў фінал.
— Кожны з фіналістаў — рознабаковая асоба. Вельмі ўразілі эсэ школьнікаў. Сачыненні адрозніваліся шчырасцю і праніклівасцю, добрай беларускай мовай. Адметнай была работа вучаніцы сярэдняй школы № 31 Магілёва Марыі Стыка. Дзяўчынка пераехала з Данецка і ведае, што такое вайна. У эсэ яна адлюстравала ўклад у перамогу жанчын, паказала іх самаадданую працу ў тыле, — паведаміла загадчыца аддзела Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Алена Кавалёва.
Фіналісты выступалі на сцэне, расказвалі пра сябе і свае захапленні, дзяліліся прынцыпамі, якія дапамагаюць ім дасягаць пастаўленых мэт. Сярод тых, хто змагаўся за перамогу, была вучаніца Каменскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Арзу Алікберава. Дзяўчынка марыць трапіць у праект, каб на свае вочы ўбачыць месцы, апісаныя ў хроніцы Вялікай Айчыннай вайны.
— У візітоўцы расказала гледачам і журы пра свае азербайджанскія карані. У нашай сям’і шануюць традыцыі продкаў, але Беларусь лічаць Радзімай. Я добра ведаю беларускую мову, заваёўваю дыпломы на алімпіядах па гэтым вучэбным прадмеце, — падзялілася Арзу.
Сярод удзельнікаў конкурсу быў таксама вучань сярэдняй школы № 2 Слаўгарада Ілья Пасяленцаў. Хлопец з’яўляецца камандзірам школьнага валанцёрскага атрада, займаецца дабрачыннасцю.
— Прытрымліваюся думкі, што патрыятызм павінен праяўляцца не толькі словам, але і справай. Перакананы, што моладзь адказная за будучыню сваёй краіны. Ужо сёння імкнуся прыносіць рэальную карысць роднаму краю. Разам з атрадам робім многае: дапамагаем ветэранам, пажылым людзям, сіротам і дзецям-інвалідам, апякаем бяздомных жывёл, далучаемся да азелянення і добраўпарадкавання гарадскіх вуліц. Адзін з ключавых напрамкаў нашай дзейнасці — пошукавая работа па ўвекавечанні памяці аб героях Вялікай Айчыннай. Мой прадзед прайшоў усю вайну, таму трапіць у склад пасажыраў цягніка Памяці для мяне асабліва важна, — расказаў юнак.
Паводле слоў педагога-арганізатара 2-й слаўгарадскай школы Жанны Белавусавай, праект «Цягнік ПамяцГ вельмі значны для сучаснай моладзі.
— Такія ініцыятывы дазваляюць дзецям наглядна ўбачыць, колькі болю і гора прынесла вайна беларускаму народу, усвядоміць выключную каштоўнасць сённяшняга міру на роднай зямлі. Жывыя эмоцыі і ўражанні, атрыманыя падчас экскурсій, знаходзяць у дзіцячых сэрцах значна большы водгук, чым сухая інфармацыя са старонак падручнікаў, — запэўніла суразмоўніца.
Па выніках абласнога конкурсу будуць вызначаны 15 пераможцаў. Далей навучэнцаў чакаюць выступленні на ўзроўні рэспублікі. Лепшыя школьнікі атрымаюць запаветны білет на цягнік Памяці на летніх канікулах адправяцца ў захапляльнае падарожжа.