Бунцэвіч, Н. Кантактна-фестывальна / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2026. — 10 красавіка (№ 15). — С. 10.
XIX Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.art.кантакт” стаў чарговым прызнаннем заваёў айчыннага мастацтва “Хутар” мінскіх лялечнікаў атрымаў “3алатую маску” ад маладзёжнага журы на чале з Міхаілам Асеевым з ГІТІСа і дыплом за найлепшую сцэнаграфію ад прафесійнага, якое ўзначальвала заслужены дзеяч мастацтваў Беларусі Валянціна Еранькова. “Чайка” Магілёўскага абласнога драмтэатра адзначана “За яркае рэжысёрскае рашэнне”. Чым яшчэ парадаваў форум?
ДУШЭЎНА-СВЯТОЧНА
Было зроблена ўсё, каб атрымалася cапраўднае свята. Арганізацыя — бездакорная. Усе 17 спектакляў — папраўдзе фестывальныя ў лепшым сэнсе слова. Ніводнага шараговага, выпадковага. У кожным — свая разыначка. I ў той ці іншай ступені заяўлены дух эксперыментатарства, што асацыюецца з запалам маладосці і рухае мастацтва наперад, развівае яго ў розных кірунках, намацвае новыя шляхі.
Атмасфера крэатыўнасці і амаль хатняй утульнасці, сардэчнасці, добразычлівасці склалася ўжо ў час адкрыцця. Па традыцыі, на вуліцы мінакоў сустракалі артысты на хадулях, і акцёры, загрыміраваныя пад жывыя статуі, і мімы. Было шмат песенных і танцавальных нумароў, якім пазайздросцілі б музычныя фэсты. На роўных з прафесіяналамі ўдзельнічалі навучэнцы каледжа.
Далей свята перанеслася ў арт-фае тэатра, дзе цягам усіх дзён працавала не толькі стацыянарная выстава, прысвечаная дзеячам тэатра ў Вялікую Айчынную, але і новая, зладжаная сумесна з Мастацкім музеем імя П. Масленікава, — “M@rt. Жывапіс. Графіка. Тэатр”. Яна ўтрымлівала выбітныя працы магілёўскіх майстроў — жывапісца Віктара Альшэўскага і графіка Ганны Паўлавай. У першы дзень фестывалю карціны яшчэ і ажывалі. Не праз тэхнічныя магчымасці, як гэта было, напрыклад, у “Даме з сабачкам” Маскоўскага губернскага тэатра (прыз глядацкіх сімпатый і дыплом “За трапяткое ўвасабленне рускай класікі”), а дзякуючы намаганням артыстаў тэатра. Тыя не проста апрануліся адпаведна малюнкам, але і працягвалі мастацкія фантазіі сваімі рухамі. Нават трымалі акварыум з жывымі рыбкамі, як на адным з палотнаў.
Сюрпрыз чакаў і непасрэдна ў зале. Перад пачаткам арлоўскага “Анегіна”, дзе на чатырох Яўгенаў прыпадала адразу пяцёра Таццян (дыплом “За маладзёжнае прачытанне класікі”), разгарнулася тэатралізаванае адкрыццё, прыдуманае рэжысёрам Камілёй Хусаінавай — той самай, што паставіла і згаданую пераможную “Чайку”.
Шмат прыдумак унесла ў фестываль намеснік дырэктара Магілёўскага драмтэатра Вераніка Юргелас. А дырэктар Вольга Кузняцова ахінула ўсіх такой дабрынёй і эмпатыяй, што нават госці з Кітая, якія прыехалі пакуль назіральнікамі, пачуваліся ў цэнтры увагі. Кожны замежнік адчуў беларускую гасціннасць і багацце нашай культуры — яшчэ і праз добра распрацаваны экскурсійны дадатак.
ЛЯЛЕЧНА-СУР’ЁЗНА
Да драматычных спектакляў “М.@rt.кантакт” актыўна далучае музычныя, пластычныя, харэаграфічныя (“Шынель. Гогаль” Маладзёжнага тэатра Мінска), а таксама лялечныя. Апошнія сёлета былі прадстаўлены менавіта беларускімі ўдзельнікамі. Гэта сталічны “Хутар” паводле Васіля Быкава ў прачытанні Яўгена Карняга, дзе складаная, неаднойчы ўвасобленая ваенна-патрыятычная тэма вырашаецца нечаканымі сродкамі новай тэатральнай эстэтыкі, перспектыўнай для далейшага развіцця мастацтва. Гродзенская “Пікавая дама” з яе тонкай постмадэрнісцкай іроніяй, бо рэжысёр Алег Жугжда яднае ў своеасаблівым батле-паядынку Пушкіна з Чайкоўскім і… “Любоўным напоем” Даніцэці. Магілёўскі “Дон Кіхот” паводле Шварца, дзе лялькі і сцэнаграфія зроблены быццам з падручных сродкаў: хісткія паліцы, кнігі, швабра, медны таз і іншыя побытавыя рэчы раптам ператвараюцца ў герояў, што выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа.
А які выкшталцоны лялечны сабака паўстаў у папраўдзе сінтэтычным спектаклі “Лада, альбо Радасць” Невялікага драматычнага тэатра з Санкт-Пецярбурга! Неверагодна, але планшэтная лялька мела тут ледзь не большую выразнасць, чым самыя выбітныя марыянеткі. Невыпадкова гэтая, здавалася б, традыцыйная псіхалагічная пастаноўка Яўгена Карпава, адзначаная выдатнымі акцёрскімі пераўвасабленнямі, адметным жывым інструменталам і спевамі, атрымала “Залатую маску” ад прафесійнага журы і дыплом “За найлепшы акцёрскі ансамбль” — ад маладзёжнага (профі найлепшым ансамблем прызналі “Чорныя дошкі” з Уладзіміра).
Адгалоссе эстэтыкі тэатра лялек і, шырэй, сінтэзу відаў і жанраў мастацтва адчувалася ў кожнай творчай працы. Спектакль “Чэхаў. Вадэвілі” з казахскага горада Сямея, вырашаны як буфанада і працяг традыцый нямога кіно, быў адзначаны “За глыбіню, схаваную ў тэатральнай умоўнасці” і “За вялікі ўнёсак у развіццё тэатральных сувязяў Беларусі і Казахстана”. “Заўтра была вайна” з Ульянаўска, дзе кожная дэталь мела метафарычнае значэнне, — “За шматграннае выказванне” і “За актуальнае ўвасабленне ваеннай тэматыкі ў сучасным тэатры”. “Ганна. Сны” арлоўскай “Вольнай прасторы” — “За смеласць эксперыменту”. “Насферату” з Пярмі — “За захаванне спадчыны Мікалая Каляды”. Смоленская “Пікавая дама” — “За стварэнне яркага выразнага вобраза Графіні”. Шмат шчырых уражанняў і зацікаўленых абмеркаванняў пакінулі “Майстар і Маргарыта” нашага ТЮГа, санкт-пецярбургская “Прыгажуня”, маскоўскі “Дзядзечкаў сон”, а таксама эскізы, створаныя цягам форуму маладымі пастаноўшчыкамі з магілёўскімі акцёрамі. Асабліва вылучаўся Уладзіслаў Лушчынскі са сваёй версіяй сучаснай расійскай п’есы “Гандзі маўчаў па суботах”. I ў чарговы раз даказаў: ёсць, ёсць у нас выдатная рэжысура і надзвычай таленавітыя артысты!
Надзея БУНЦЭВІЧ