Залатая мара

Башарымава, К. Залатая мара / Крысціна Башарымава // Культура. — 2026. — 3 красавіка (№ 14). — С. 15.

Талент, творчасць і натхненне: уМагілёве прайшоў VII адкрыты фестываль-конкурс мастацтваў “Залатая мара”.

Яскравы форум сабраў звыш 2000 удзельнікаў з Беларусі, Расіі ды Кітая. Маштабная падзея стала прыкладам таго, як мастацтва аб’ядноўвае людзей розных краін і культур, натхняючы на новыя дасягненні.

Арганізатарам фестывалю выступае Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. З моманту заснавання ў 2019 годзе “Залатая мара” мае на мэце папулярызацыю розных жанраў мастацтва, выявленне і падтрымку юных талентаў, умацаванне творчых стасункаў, пашырэнне міжнародных сувязей і культурнага супрацоўніцтва.

За два насычаныя дні канкурсанты прадставілі сваё майстэрства ў чатырох намінацыях: “Харэаграфічнае мастацтва”, “Тэатральнае мастацтва”, “Музычна-інструментальнае мастацтва” і “Вакальнае мастацтва”. Кожны літаральна зіхацеў на сцэне, дэманструючы яркую індывідуальнасць і шчырую любоў да ўласнай справы. Асаблівае хваляванне панавала падчас узнагароджання.

Сярод тэатралаў найлепшым названы ўзорны калектыў “Школьны тэатр” Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У харэаграфічным жанры гран-пры прысуджаны ўзорнаму ансамблю “Кужалёк” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” у Магілёве. У вакальнай намінацыі сярод удзельнікаў, старэйшых за 18 гадоў, перамагла народная эстрадная трупа “Пачатак” Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры. А ва ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў гран-пры ўзяў праект “Ізумруд” узорнай эстраднай студыі “Планета” Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Сярод музыкантаў першым прызналі ансамбль цымбалістаў “Весялушкі” з Магілёўскай школы мастацтваў № 7.

Фестываль у чарговы раз стаў не толькі яркай пляцоўкай для таленавітых дзяцей і моладзі, аде і магутным імпульсам для далейшага развіцця творчасці ў рэгіёне і за яго межамі. “Залатая мара” працягвае натхняць новыя пакаленні на здзяйсненні, умацоўваючы міжнародныя культурныя сувязі і спрыяючы развіццю сяброўскіх адносін праз мастацтва.

Крысціна БАШАРЫМАВА, Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР