Сінькевіч, Г. Філасофія цішыні / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 3 красавіка. — С. 22.
Аб чым папрасіў бы залатую рыбку народны настаўнік Беларусі Валерый Барашкоў
Будні народнага настаўніка Беларусі Валерыя Барашкова займаюць вучні Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1, урокі фізікі, факультатывы. А вось у выхадныя ён спяшаецца на рыбалку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Філасофія цішыні
— Вырас я ў Чавусах, у міжрэччы Проні і Басі. Разам з іншымі хлапчукамі рэгулярна бегаў парыбачыць. Добра памятаю, як злавіў сваю першую рыбіну. Здаецца, гэта было ўчора. Мне 6 гадоў, у руках — прымітыўная снасць: звычайная палка з прывязаным кручком. Доўга, затаіўшы дыханне, глядзеў на нерухомы паплавок з гусінага пяра, і раптам ён рэзка пайшоў пад ваду. Кароткая падсечка — і на траве затрапятаў галавень вагой грамаў пад восемсот. У тыя гады ён здаваўся мне гігантам! А колькі было дзіцячай гордасці! Напэўна, менавіта гэтыя эмоцыі сталі той іскрай, якая дагэтуль цягне мяне да вадаёмаў, — падзяліўся настаўнік.

Сёння рыбалка для Валерыя Васільевіча — своеасаблівая медытацыя. Колькасць злоўленай рыбы — рэч другасная. На першым плане сам працэс — магчымасць знайсці супакаенне, вызваліць свядомасць ад праблем і клопатаў.
— Для большасці людзей рыбалка — азартны спорт. Для мяне гэта філасофія цішыні, — прызнаецца педагог. — У ліцэі пастаянна знаходжуся ў эпіцэнтры магутнага інфармацыйнага поля. Настаўніцтва — гэта бесперапынная аддача энергіі. Калі своечасова не “зазямліцца”, надыдзе прафесійнае выгаранне. У гэтым сэнсе рыбалка — ідэальны ізалятар, які адсякае лішнія шумы і мітусню. За гэтай справай час быццам запавольваецца, падстройваючыся пад рытм цячэння вады.
Валерый Барашкоў займаецца як летняй, так і зімовай рыбалкай. У яго арсенале ёсць спінінгі, фідэры. Але перавагу аддае паплаўковай вудзе.
— У большай ступені я фанат летняга паплаўка. Зімовая лоўля больш статычная, у ёй мала дынамікі. А летам можна бачыць гармонію прыроды ва ўсёй красе. Не проста чакаць клёву, а назіраць за тым, як жыве і дыхае свет вакол, — падзяліўся Валерый Васільевіч.
Яго рыбалоўныя маршруты сканцэнтраваны ў межах роднай Магілёўскай вобласці. Ключавыя пункты вывераны гадамі: залівы Дняпра, прасторы Чыгірынкі і Рудзеі. Берагі гэтых вадаёмаў для яго — сапраўдныя месцы сілы.
— Цяпер, вядома, дыстанцыі сталі карацейшымі, а графік размеркаваным: узрост уносіць свае праўкі ва “ўраўненне руху”. А раней выезды ноччу і на світанку былі абавязковай часткай праграмы, — з усмешкай гаворыць настаўнік.
У рыбнай лоўлі ў Валерыя Барашкова няма сакрэтных інгрэдыентаў прыкорму ці шчаслівых снасцей. А вось навуковы падыход у рыбалцы ён актыўна выкарыстоўвае. Звяртае ўвагу на рэльеф дна, характар цячэння і тэмпературу вады. Гэтыя звычайныя фактары могуць істотна паўплываць на велічыню ўлову.
Валерый Васільевіч шануе рыбацкія традыцыі. Як фізік у містыку ён не верыць, але як рыбак — выконвае.
— Калі размаўляю з кімсьці на беразе, замест удачы заўсёды жадаю “ні хваста, ні лускі”. Гэта свайго роду пароль, які пацвярджае, што ты свой у гэтым брацтве, — патлумачыў суразмоўнік.
За больш чым паўстагоддзя рыбацкага стажу Валерый Васільевіч здабыў нямала трафеяў. Галоўныя з іх — амаль сямікілаграмовы шчупак, сом на 6 кілаграмаў і метровы вугор.
— Выцягнуць такі ўлоў нялёгка. Вывуджванне ператвараецца ў бітву вектараў сіл. Рыба цягне ў глыбіню, фрыкцыён катушкі працуе на мяжы магчымасцей, вуда гнецца… Такія моманты не забываюцца, — расказаў настаўнік.
Рыбалка для яго — магутны рэсурс аднаўлення. Каля вады педагог зараджае сваю ўнутраную батарэйку, каб потым зноў з энтузіязмам стаць каля дошкі. Гэта дапамагае рабіць фізіку зразумелай і блізкай вучням.
На сваіх уроках нярэдка расказвае гісторыі з рыбацкага вопыту: тлумачыць складаныя навуковыя паняцці на прыкладах пра нацяжэнне лёскі ці плывучасць паплаўка.
Перадае навучэнцам Валерый Васільевіч і рыбацкае майстэрства. Сумесна з ліцэістамі перыядычна адпраўляецца ў паходы, дзе яны разам ловяць рыбу, а пасля гатуюць фірменную “трайную” юшку на вогнішчы.
Будучы прыхільнікам беражлівых адносін да прыроды, педагог з сумам заўважае, што многія вадаёмы мялеюць і забруджваюцца, а рыбы ў іх становіцца менш. Трывожыць педагога таксама падрастаючае пакаленне.
— Дзеці ўсё глыбей сыходзяць у віртуальны свет, радзей заўважаюць радасці па-за гаджэтамі, — падкрэсліў Валерый Барашкоў. — Таму, калі б мне давялося злавіць залатую рыбку, не прасіў бы даброт для сябе. Папрасіў бы, каб нашы дзеці зноў навучыліся глядзець на свет адкрытымі вачыма, каб ім зноў стала цікава жыць у рэальнасці, а не за экранамі смартфонаў.
Акорды душы
Яшчэ адна з крыніц натхнення для Валерыя Васільевіча — музыка. Галоўны сімвал гэтага захаплення — гітара, з якой педагог не расстаецца нават на рабоце.
Інструмент займае ганаровае месца ў ліцэйскай лабаранцкай, нагадваючы, што за межамі вучэбных планаў і праграм заўсёды ёсць прастора для душы.
Творчы шлях Валерыя Васільевіча пачаўся больш за 40 гадоў назад, калі ён толькі пераступіў парог Магілёўскага педінстытута.

— Паддаўшыся імпульсу, купіў тады сваю першую сяміструнную “акустыку” разам з вучэбным трэнажорам. Асваенне гітары было цярністым: пальцы балелі ад нязвыклай нагрузкі, замест акордаў гучала невыразнае бразгатанне. Аднак прафесійны погляд фізіка дапамог не апусціць рукі. Да навучання падышоў як да навуковага эксперымента. І ўпартасць перамагла — інструмент загучаў, — падзяліўся ўспамінамі суразмоўнік.
У студэнцтве ён уваходзіў у склад інстытуцкага інструментальнага ансамбля: выступаў на канцэртах і дэманстрацыях. Ужо мінула чатыры дзесяцігоддзі, але музыка і цяпер суправаджае яго па жыцці. Адметна, што гітару Валерый Васільевіч нярэдка выкарыстоўвае ў навучанні і выхаванні:
— Калі адчуваю, што дзецям патрэбна эмацыянальная разрадка, арганічна ўплятаю ў структуру ўрока музычныя паўзы. На ліцэйскіх святах, у паходах і на турыстычных злётах гітара ператвараецца ў своеасаблівы магніт ці цэнтр прыцягнення. Яна цудоўна аб’ядноўвае настаўнікаў і навучэнцаў.
Рэпертуар Валерыя Барашкова — адлюстраванне яго светапогляду. Педагог часта выконвае беларускія народныя песні, у якіх бачыць генетычны код. Перавагу аддае таксама савецкай музычнай класіцы і бардаўскай песні, дзе слова важыць не менш, чым мелодыя.
— Мне блізкія кампазіцыі Уладзіміра Высоцкага, Валерыя Абадзінскага, Мусліма Магамаева, музыка Аляксандра Зацэпіна. Гэта творы з глыбокім фундаментам, яны прымушаюць не проста слухаць, а задумвацца над сэнсамі, — патлумачыў Валерый Васільевіч.
Часам Валерый Барашкоў піша аўтарскія песні. Іх няшмат, але педагог не гоніцца за колькасцю. Кожны яго твор — вынік доўгай унутранай працы, калі назапашаныя думкі і назіранні нарэшце крышталізуюцца ў радкі і акорды.
— Мае песні нараджаюцца не па раскладзе, — падкрэсліў Валерый Васільевіч. — У іх стараюся закласці важныя для мяне жыццёвыя прынцыпы. Кожная песня — свайго роду пасланне, прасякнутае каштоўнасцямі, якія штодзень прывіваю сваім вучням.
Аўтарская песня Валерыя Барашкова
Не остановишь жизнь, как бы она ни вертелась,
Крепче зубы сожми — деется, что не хотелось…
Рядом добро и зло, радости и ненастья.
Хочется, чтобы везло, но не приходит счастье.
Будем жить? Милый друг мой и верный товарищ.
Будем жить! И не будем бояться пожарищ.
Будем жить! Будем сеять добро без конца!
И пускай беспокойными будут сердца!
И пускай беспокойными будут сердца!
Вертится колесо — нам посылает встречи.
Свежий ветер в лицо, заряд на жизнь обеспечен.
Только веру храни, жить без нее не пробуй,
Будут светлые дни, где нет картечи и дроби.
Ну, улыбнись скорей, станет и нам теплее,
Дети наших детей узнают об этой Земле.
Будем жить и дерзать, с трудностями сражаться,
Будем верить и ждать встреч, от которых счастье!
Будем жить! И любить, и дружить непременно.
Будем жить! И учиться, работать отменно.
Будем жить! Будем сеять добро всем и вся.
Будем жить! Беспокойными будут сердца.
Будем жить! Будут счастливы наши сердца.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва Валерыя Барашкова