Сінькевіч, Г. Гістарычная «разведка» / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 5 мая. — С. 5.
Вучні Ільі Кіртокі выступаюць гістарычнымі разведчыкамі: даследуюць гарадскія аб’екты і ствараюць справаздачы-дасье
Настаўнік сярэдняй школы № 34 Магілёва Ілья Кіртока ведае, як зацікавіць сучасных навучэнцаў гісторыяй. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Педагог арыентуе дзяцей не проста на запамінанне фактаў, а вучыць крытычна думаць і аналізаваць падзеі мінулага.

Будучы школьнікам, ён сур’ёзна захапіўся гісторыяй Беларусі, нават марыў стаць археолагам, але воляй лёсу прыйшоў да педагогікі:
— Мэтанакіравана стаў студэнтам гістфака МДУ імя А.А.Куляшова. Аб тым, каб змяніць прафесійную накіраванасць, упершыню задумаўся на вучэбнай практыцы. На выпускных курсах вырашыў паўнацэнна паспрабаваць сябе ў настаўніцкай справе, пачаў работу педагогам-арганізатарам у 34-й магілёўскай школе. Пасля размеркаваўся ў гэтую навучальную ўстанову, стаў выкладаць.
На сваім месцы
Сёння Ілья Кіртока — вопытны настаўнік з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Але ён і зараз у дэталях памятае самыя першыя ўрокі.
— Акрамя выкладання, мне дабавілі абавязкі класнага кіраўніка. Напярэдадні 1 верасня прадумваў, як выбудаваць узаемаадносіны з вучнямі. У клас уваходзіў з хваляваннем, але перажыванні аказаліся дарэмнымі. Удалося лёгка знайсці агульную мову з дзецьмі, наладзіць з імі дыялог, раскрыць тэму заняткаў. Напэўна, у той момант і прыйшло ўсведамленне, што маё месца ў школе, — паведаміў Ілья Ігаравіч.
За амаль дзесяцігоддзе плённай працы Ілья Кіртока выпрацаваў уласную формулу паспяховага навучання. Каб зацікавіць прадметам, педагог шмат гутарыць з навучэнцамі аб важнасці ведання гісторыі, асабліва гісторыі роднай краіны:
— На ўступным уроку заўсёды тлумачу дзецям, што гісторыя — гэта не набор дат і імён. Гэтая навука дапамагае нам атрымаць адказы на пытанні, хто мы, адкуль, хто нашы продкі. Менавіта ў гісторыі хаваюцца таямніцы нацыянальнай ідэнтычнасці, традыцый і каштоўнасцей беларускага народа.
Для павышэння пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў Ілья Ігаравіч укараняе ў адукацыйны працэс лічбавыя тэхналогіі. На занятках ён шырока прымяняе інтэрактыўныя метады.
— Добра зарэкамендавалі сябе прыёмы “Мэтч” і “Фліп-карткі”. Мэтч уяўляе сабой гульню на супастаўленне: навучэнцы вызначаюць лагічныя сувязі паміж элементамі дзвюх груп. Фліп-карткі — лічбавы аналаг вучэбных картак, дзе на адным баку размешчаны тэрмін або малюнак, а на адваротным — тэкст. Прыёмы дзейсныя для самаправеркі ведаў і паўтарэння, яны спрыяюць развіццю крытычнага мыслення, — патлумачыў Ілья Кіртока.

Каб спрасціць навучэнцам засваенне вялікага аб’ёму матэрыялу, Ілья Ігаравіч выкарыстоўвае бытавыя асацыяцыі. Абстрактныя гістарычныя факты ён параўноўвае з паралелямі з навакольнай рэчаіснасці, складаныя азначэнні ператварае ў зразумелыя вобразы:
— Феадальную раздробленасць прадстаўляю ў выглядзе люстэрка, якое разбілася. Сэнс рамесніцтва і мануфактуры тлумачу на прыкладзе шарыкавай ручкі. Бытавыя асацыяцыі робяць навучанне займальным, дапамагаюць запамінанню тэарэтычнай інфармацыі, дазваляюць адчуць дух гістарычнай эпохі праз звыклыя рэчы.
Унутраная сувязь з подзвігамі продкаў
Павышаную ўвагу ў сваёй практыцы Ілья Кіртока ўдзяляе рэгіянальнаму кампаненту. Нярэдка прапануе вучням стаць гістарычнымі разведчыкамі: хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць у горадзе канкрэтныя аб’екты, праводзяць міні-даследаванні, ствараюць падрабязныя справаздачы-дасье:
— Даволі часта звяртаюся да прыёму “Фотаразведка”. Калі разглядаем тэму “Стварэнне беларускай савецкай дзяржавы” ў 9 класе, прашу вучняў знайсці і наведаць магілу дзяржаўнага дзеяча Д.Ф.Жылуновіча. У рамках тэмы “Старажытнае грэчаскае мастацтва” навучэнцы 5-х класаў шукаюць у горадзе фігуры атлантаў. Такія заданні фарміруюць навыкі ўспрымання гарадскога асяроддзя як аўтэнтычнай крыніцы гістарычнай інфармацыі. Вучні наглядна бачаць, як гісторыя іх малой радзімы ўплецена ў канву агульнабеларускай гісторыі. Дзеці далучаюцца да нацыянальнай спадчыны, што з’яўляецца асновай для выхавання патрыятызму.
Эфектыўным сродкам навучання Ілья Кіртока лічыць музейныя экспазіцыі. У 34-й школе функцыянуе музей баявой славы 290-й стралковай дывізіі, і настаўнік актыўна выкарыстоўвае яго патэнцыял.
— Музей — значны адукацыйны рэсурс. Праз гісторыю асобнага вайсковага злучэння, біяграфіі байцоў і тактыку лакальных бітваў навучэнцы маюць магчымасць грунтоўна асэнсаваць глабальныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, — расказаў Ілья Ігаравіч.
Экспазіцыі музея настаўнік задзейнічае рэгулярна. Так, пры вывучэнні тэмы “Вызваленне БССР ад германскіх захопнікаў. Уклад беларускага народа ў перамогу. Удзел БССР у ААН” ён абапіраецца на прыём “Гісторыя аднаго экспаната”: расказвае пра гістарычныя падзеі, выкарыстоўваючы фрагмент рухавіка самалёта Пе-2. Тэму “Разгортванне народнай барацьбы супраць германскіх акупантаў” педагог раскрывае з дапамогай прыёму “Расшыфроўка асобы”. Навучэнцы ў групах вывучаюць біяграфіі падпольшчыкаў, робяць псіхалагічныя партрэты герояў.
— Бачачы перад вачыма рэальны артэфакт з даўніны, вучні інакш успрымаюць тэорыю з падручніка, з пасіўных слухачоў яны ператвараюцца ў даследчыкаў. Аналіз лёсу канкрэтнага падпольшчыка дапамагае дзецям зразумець, што грамадзянскі абавязак і патрыятызм праяўляліся ў штодзённай мужнасці звычайных людзей. Гэтае перажыванне ўсталёўвае ўнутраную сувязь з подзвігамі продкаў, стварае аснову для таго, каб навучэнцы ўсвядомілі сябе адказнымі нашчадкамі і грамадзянамі сваёй краіны, — запэўніў Ілья Ігаравіч.
Знакавыя поспехі
Вучні Ільі Кіртокі дабіваюцца поспехаў у розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, заваёўваюць перамогі ў даследчых конкурсах.
— У ліку апошніх поспехаў — дыплом у гарадскім конкурсе даследчых работ. Разам з навучэнцамі дэталёва вывучылі жыццёвы шлях знакамітага ўрача Мікалая Мандэльштама, які жыў і працаваў у Магілёве. Маштаб асобы гэтага чалавека ўражвае. Ён быў сапраўдным асветнікам: наладзіў навучанне медыкаў, адкрываў бальніцы, сфарміраваў сістэму аховы здароўя ў рэгіёне. Пры падтрымцы дэпутатаў зараз выступаем з ініцыятывай па аднаўленні помніка і сямейнага пахавальнага склепа ўрача-рэфарматара. Падобная пошукавая дзейнасць вельмі патрэбна дзецям, бо гэта дазваляе ўсведамляць неабходнасць захавання гістарычнай памяці, — перакананы настаўнік.
Ва ўласнай прафесійнай скарбонцы педагога таксама нямала ўзнагарод. Важнейшую Ілья Кіртока атрымаў сёлета — быў удастоены ганаровага звання лепшага настаўніка ў горадзе, надоечы стаў лаўрэатам у сваёй намінацыі ў вобласці.
— У цяперашніх рэаліях педагогу трэба пастаянна імкнуцца да прафесійнага росту, удасканалення майстэрства. За гэтым і адправіўся на конкурс “Настаўнік года”. Удзел даў магутны зарад натхнення: прыемна было ўбачыць, колькі ў нас таленавітых і крэатыўных педагогаў, — падкрэсліў Ілья Ігаравіч. — Конкурсныя заданні паказалі, у якім напрамку варта развівацца ў далейшым. У найбліжэйшых планах — павысіць кваліфікацыйную катэгорыю, выкарыстоўваць новыя адукацыйныя методыкі. Буду працягваць ператвараць урокі ў своеасаблівыя вандроўкі ў часе, вучыць дзяцей аналізаваць мінулае, каб разумець сучаснасць.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара