Васілевіч, А. Тэатральнае свята ў Магілёве: «М.art.кантакт» / Анастасія Васілевіч // Мастацтва. — 2026. — № 4. — С. 6—9.
КОЖНУЮ ВЯСНУ Ў ГОРАДЗЕ НА ДНЯПРЫ АДБЫВАЕЦЦА МІЖНАРОДНЫ МАЛАДЗЁЖЛІЫ ТЭАТРАЛЬНЫ ФОРУМ «M.@RT.KAHTАКТ», ШТО ТРАДЫЦЫЙНА ПАДВОДЗЩЬ КОНКУРСНЫЙ ВЫНІКІ ў СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ ТЭАТРА. З 20 ПА 27 САКАВІКА ПРАЙШОЎ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ ФОРУМ, АСНОЎНАЙ ПЛЯЦОЎКАЙ ЯКОГА, ЯК I ЗАЎСЁДЫ, З’ЯЎЛЯЎСЯ МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР.
За гады існавання «М.@rt.кантакт» вырасціў прафесійнага гледача і стаў утульным фестывальным домам для тэатраў з розных краін. Слова «маладзёжны» ў назве зусім не фармальнае. Па-першае, «М.@rt.кантакт» накіраваны на эксперыментальныя пастаноўкі і сучасны рэжысёрскі погляд. Па-другое, у межах форуму ладзіцца адукацыйная праграма — майстар-класы, лекцыі, семінары і майстэрня маладой рэжысуры.
Тут магчымы шчыры абмен поглядамі і досведам паміж пакаленнямі творцаў. Напрыклад, сёлета рэжысёр Аляксандр Бухарынаў з Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў прапанаваў эскіз спектакля паводле «Трамвая «Жаданне»» Тэнэсі Уільямса, а Уладзіслаў Лушчынскі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — сцэнічную верою п’есы «Гандзі маўчаў па суботах» сучаснага расійскага драматурга Анастасіі Букрэевай.
Тэатр — мастацтва жывога дыялогу, прадметам якога так ці інакш з’яўляецца чалавек. I як бы таўталагічна ні гучала, лейтматыўнымі тэмамі форума сталі менавіта чалавек і каштоўнасць ягонага жыцця. Героі спектакляў «М.@rt.кантакту» спрабуюць перамагчы адзіноту і страх, знайсці апору ў сям’і і сяброўстве, прафесійнай справе, любові да сваёй зямлі. У вечнай барацьбе дабра і зла яны імкнуцца захоўваць чалавечнасць.
У пастаноўцы «Лада, або Радасць» паводле аповесці Цімура Кібірава ад Тэатра-студыі «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга жыхары адной вёскі пачынаюць сябраваць праз клопат аб сабачцы. Рэжысёр Яўген Карпаў — вучань знакамітага Льва Эрэнбурга — прапануе гратэскную форму з элементамі фізіялагічнага тэатра і тэатра прадмета, у якой ёсць месца і трагізму, і камізму. Жывая мова, пазнавальныя персанажы, што знаходзяцца ў прасторы маленькага селішча, рэжысёр-скае разважанне аб чалавечым выбары — і вось «Лада, або Радасць» названая найлепшым спектаклем форуму. Сёлета прафесійнае журы падрыхтавала нямала спецыяльных дыпломаў, і гэта справядліва, бо праграма была моцнай. «Насферату» Пермскага тэатра «Век жыцця» атрымаў прыз «За захаванне спадчыны Мікалая Каляды». Стваральнік уральскай школы драматурги добра вядомы магіляўчанам: шмат гадоў «М.@rt.кантакт» супрацоўнічаў з майстрам, ён праводзіў майстар-класы і творчыя сустрэчы ў межах форуму. «Насферату» — гісторыя вельмі тэатральная ва ўсіх сэнсах. Гераіня, страціўшы ўсё ў сваім жыцці, вырашае аддаць асабістыя рэчы ў тэатр. Аднак у фінале перадумвае, бо менавіта рэчы захоўваюць памяць. Спектакль Андрэя Малянава па форме просты: маналогі актрысы перамяжоўваюцца пластычнымі сцэнамі. Аднак менавіта простая форма дазваляе сканцэнтравацца на тэксце і шчырасці яго выказвання.
Падводзіць вынікі жыцця і галоўны герой пастаноўкі «Чорныя дошкі» Уладзімірскага акадэмічнага абласнога драматычнага тэатра. Рэжысёр Уладзімір Кузняцоў вырашыў даследаваць творчы шлях свайго земляка пісьменніка Уладзіміра Салаухіна. Праз вершы, апавяданні і аўтабіяграфічныя нарысы паўстае лёс не толькі самога Салаухіна, аднак і кожнага аўтара часоў СССР. Кампартыя, цэнзура, заданні ад Саюза пісьменнікаў — і адначасова спробы знайсці свой асабісты стыль, паразважаць на вечныя тэмы. Спектакль атрымаўся маштабным таксама па форме: псіхалагізм акцёрскага існавання, прыёмы паэтычнага тэатра, жывая музыка на сцэне, украпванне эстэтыкі візуальнага тэатра Здавалася б, месцамі кітчава, месцамі занадта — аднак менавіта разнастайнасць дазваляе перадаць усю супярэчлівасць чалавечага жыцця. Пастаноўка атрымала ўзнагароду «За найлепшы акцёрскі ансамбль». Спектаклі па творах Антона Чэхава — квінтэсэнцыя разважанняў аб чалавеку і ягоным светапоглядзе. «Чайка» Камілі Хусаінавай у Магілёўскім абласным драматычным тэатры атрымала прыз «За яркае рэжысёрскае рашэнне». Рэжысёр здолела далікатна перадаць чэхаўскую інтанацыю, пры гэтым наблізіўшы герояў да сучасных гледачоў. Гісторыя нібыта ператвараецца ў даследаванне «харчовага ланцуга»: хто каго «з’ядае» сваёй любоўю ў доме Аркадзінай. А дом гэты поўніцца шкілетамі Гаеўскай шафы (менавіта шафа паўстаеяк сцэна дачнага тэатра), надзеямі на будучыню ды сацы-яльнымі маскамі (Трэплеў і Маша літаральна апранаюць іх на сцэне).
Не менш цікавую інтэрпрэтацыю твораў Чэхава прапанаваў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя Фёдара Дастаеўскага з казахскага горада Сямей. «Чэхаў. Вадэвілі» Рача Махатаева гучны, яркі і дынамічны. Рэжысёр працуе з элементамі гратэску, буфанады і кабарэ, намагаючыся перадаць трагікамізм чэхаўскіх вадэвіляў. Тут і музыкі-клапы, якія граюць на піяніна, і намаляваныя чорна-белыя прадметы, што адсылаюць да эстэтыкі нямога кіно, і тэкставыя відэапраекцыі. Спектакль атрымаў узнагароду «За выдатны ўклад у развіццё тэатральных сувязей Беларусі і Казахстана», аднак яна, канешне, поўнасцю не адлюстроўвае творчы пошук рэжысёра.
Яшчэ адна пастаноўка паводле Антона Паўлавіча «Дама з сабачкам» Маскоўскага губернскага тэатра. Ала Рашэтнікава вырашыла пайсці за аўтарам і з дапамогай сучаснай рэжысёрскай мовы зрабіла зразумелы гледачу спектакль, за што атрымала прыз «За трапяткое ўвасабленне рускай класікі». Такой жа зразумелай па рэжысёрскіх прыёмах аказалася і «Пікавая дама» Смаленскага камернага тэатра: сцэнічны твор Пятра Арлова напоўнены музыкай, пышнымі касцюмамі і сцэнаграфічнымі фокусамі. А прыз Смаленскі камерны тэатр атрымаў «За стварэнне яркага, выразнага вобраза графіні Ганны Фядотаўны — актрыса Надзея Трапезнікава». I сапраўды, менавіта гэтая актрыса з’яўляецца галоўным стрыжнем акцёрскага ансамбля ды ўтрымлівае пастаноўку на ўзроўні якасці.
Ваенную тэму на фестывалі раскрывалі два спектаклі — «Заўтра была вайна» Ульянаўскага маладзёжнага тэатра імя Барыса Аляксандрава і «Хутар» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Апошні ў прадстаўленні не мае патрэбы: квіткі на пастаноўкі Яўгена Карняга ў Мінску дастаць складана, а сам рэжысёр не так даўна атрымаў «Залаты сафіт» — галоўную тэатральную прэмію Санкт-Пецярбурга. «Хутар» вырас з аповесці «Знак бяды» Васіля Быкава, якую рэжысёр увасобіў з мастачкай Таццянай Нерсісян і кампазітарам Кацярынай Аверкавай. Гэтыя творцы таксама маюць дачыненне да магілёўскай сцэны: Кацярына Аверкава пэўны час з’яўлялася мастацкім кіраўніком драматычнага тэатра, а Таццяна Нерсісян актыўна працавала з рэжысёрам Ігарам Казаковым у тутэйшым тэатры лялек.
«Хутар» — цалкам аўтарскі спектакль, дзе акцёры працуюць як з лялькамі, так і жывым планам, рэжысёр актыўна выкарыстоўвае прыёмы візуальнага тэатра — тэатра прадмета. Гісторыя Сцепаніды і Петрака, на чый хутар прыходзяць немцы, становіцца разважаннем аб выбары, любові да Радзімы і чалавечнасці. Пастаноўка атрымала прыз «За найлепшую сцэнаграфію» і, дарэчы, стала «Найлепшым спектаклем форуму» па меркаванні маладзёжнага журы. (Гл. таксама рэцэнзію Яўгеніі Бачыла «Адна простора, шмат адценняў», «Мастацтва» 2026, № 2.)
А «Заўтра была вайна» Ульянаўскага маладзёжнага тэатра імя Барыса Аляксандрава ўзяла ўзнагароду «За актуальнае ўвасабленне ваеннай тэматыкі ў сучасным тэатры». Гледачу прапануюць разабрацца не толькі ў ваенных часах, якія так ці інакш заяўлены ў спектаклі, а яшчэ і ў прадваенных, здавалася б, мірных. Рэжысёр Аляксей Храбскоў, як і Карняг, даследуе чалавечы выбар. Праз гісторыю школьнага класа прарастаюць тэмы здрады і адказнасці, унутранай вайны, што вядзецца супраць блізкіх. Вайна ў вайне — нібыта так можна акрэсліць ідэйны каркас аповесці Барыса Васільева: усё пачынаецца з ідэалагічнай вайны ўнутры школы, а сканчваецца Вялікай Айчыннай вайной, на якой амаль усе выпускнікі гераічна загінулі.
«М.@rt.кантакт» — заўсёды пошук. Новых формаў, ідэй, тэатраў-удзельнікаў — дарэчы, на гэтым фестывалі прысутнічалі прадстаўнікі Пекінскага гарадскога цэнтра выканальніцкіх мастацтваў Дахуа. I гэты пошук спрыяе развіццю — як самога форуму, так і тэатральнай прасторы Беларусь. Наступны год для Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.кантакт» — юбілейны. I свята тэатра ў Магілёве будзе яшчэ больш маштабным.