Паміж небам і скаламі

Сінькевіч, Г. Паміж небам і скаламі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 5 чэрвеня. — С. 16.

Педагог Алена Андрэева пра захапленне скалалажаннем: «Пакарэнне вышынь — асабістая форма медытацыі і перазагрузкі»

Жыццё педагога дадатковай адукацыі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Алены Андрэевай цесна звязана са скалалажаннем. Выпадковае хобі перарасло ў прафесійнае прызванне і сямейнае захапленне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Перазагрузка вышынёй

Шлях Алены Андрэевай у скалалажанне пачаўся з жадання запоў­ніць сезонную паўзу. У маладосці яна займалася парашутным спортам, здзейсніла больш за трыста скачкоў.

— Мяне заўсёды вабіла неба, — дзеліцца суразмоўніца. — Але сезон скачкоў доўжыцца толькі з вясны да восені, а потым актыўнасць заціхае. Узімку было сумна, і мы з сяброўкай вырашылі паспрабаваць сябе ў скалалажанні. Там, на скаладроме, пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Ён быў альпіністам, хадзіў у горы і стаў маім трэнерам. З часам перада мной паўстаў выбар: парашуты ці скала­лажанне. Выбрала другое. Паступова адносіны з трэнерам перараслі ў каханне. Так выпадковае хобі паспрыяла стварэнню нашай сям’і.

Свой першы выезд на горны рэльеф Алена Аляксандраўна памятае ў дэталях. Адразу пасля вяселля яны з мужам адправіліся ў Крым, дзе месяц правялі ў палатках, штурмуючы розныя па складанасці скальныя маршруты:

 Стаялі лагерам пад Гурзуфам. Гэтая паездка пакінула мноства незабыўных уражанняў. Засыналі пад зоркамі, а з першымі промнямі сонца зноў ішлі пака­раць скалы. Менавіта тады я канчаткова зразумела, што хачу займацца скалалажаннем прафесійна.

З таго часу выезды на скалы сталі сямейнай традыцыяй. У такім фармаце Андрэевы праводзяць кожны летні адпачынак.

— Гэтыя паездкі — самыя доўгачаканыя. Пакарэнне вышынь — асабістая форма медытацыі і перазагрузкі. Шкада, канечне, што ў Беларусі няма прыродных скал. Наша краіна не горная, таму мы штогод накіроўваемся ў Расію, — паведамляе педагог.

У адзінай звязцы

За два дзесяцігоддзі Андрэевы аб’ехалі ўвесь Крымскі паўвостраў. Абавязковымі пунктамі на карце іх падарожжаў сталі Гурзуф, Фарос, Бахчысарай, Судак, Сімеіз.

— Пакарэнне скал — гэта не толькі трыумф на вяршыні, але і праверка на трываласць, — гаворыць Алена Аляксандраўна. — Мы заўсёды паднімаемся са страхоўкай, у моцнай адзінай звязцы. Сумесныя ўзыходжанні вучаць давяраць, слухаць і чуць адно аднаго, плячо ў плячо пераадольваць любыя цяжкасці.

Адным з самых сур’ёзных выпрабаванняў для сям’і стаў мінулагодні пад’ём на скальны масіў Ільяс-Кая.

— Там мы трапілі ў экстрэмальную сітуацыю, — успамінае Алена Андрэева. — Праходзілі даволі зацяжны маршрут. Раптам я зразумела, што пад нагамі няма чарговай апоры. Ахапіла паніка. Я доўга стаяла ў поўным ступары на велізарнай вышыні. У гэты крытычны момант муж і дачка спрацавалі зладжана: заспакоілі, выразна скаардынавалі мае дзеянні і дапамаглі выбрацца. Калі мы паспяхова спусціліся, страх імгненна знік. Засталося глыбокае задавальненне ад перамогі над сабой, неверагодная эйфарыя і вера ў тое, што няма нічога немагчымага.

Яшчэ адзін знакавы пад’ём у скарбонцы Андрэевых — маршрут з іранічнай назвай “Астэа­хандроз” на скале Парус у Фаросе.

— Каб адолець гэтую вяршыню, патрэбны выдатная фізічная падрыхтоўка і рознабаковыя тэхнічныя навыкі, — тлумачыць Алена Аляксандраўна. — Пасля фінішу мышцы баляць вельмі моцна, але маляўнічыя краявіды вакол кампенсуюць стомленасць.

Пасля шматгадзінных узыходжанняў на скалы сям’я звычайна адпачывае ў палатачным лагеры. Бытавыя абавязкі ў паходах Андрэевы не размяжоўваюць, з усімі клопатамі спраўляюцца сумесна.

— Разам ставім палаткі, разам гатуем ежу. Наша любімая паходная страва — аўсяная каша з дзікім кізілам. Збіраем спелыя ягады з кустоў прама ў тых месцах, дзе разбіваем стаянку, — расказвае Алена Андрэева. — Раней пастаянна прывозілі з паездак незвычайныя горныя камяні. Муж знаходзіў ім практычнае прымяненне: рабіў з іх выступы для трэніровак на скаладроме. Цяпер у асноўным збіраем уражанні і атрымліваем асалоду ад прыгажосці прыроды.

Галоўнае правіла

Вопыт, атрыманы на рэальных узыходжаннях, Алена Аляксанд­раўна гарманічна перано­сіць у прафесійную дзейнасць. Педагог дзеліцца з дзецьмі гісторыямі пра свае паездкі, паказвае фатаграфіі з вандровак. Падчас аповедаў пастаянна нагадвае вучням, што скалалажанне — гэта не толькі фізічная загартоўка.

— Да таго ж гэты від спорту інтэлектуальны. Неабходна ўмець “чытаць” трасу, загадзя пралічваць рухі і прадумваць стратэгію пад’ёму. Скалалажанне — сапраўдная школа станаўлення асобы, таму на трэніроўках фармірую ў вучняў каманднае адзінства, вынослівасць, дысцыплінаванасць, працавітасць, — паведамляе Алена Аляксандраўна. — Імкнуся навучыць дзяцей не баяцца цяжкасцей і зрываў. Калі навучэнцы разумеюць, што пасля падзення можна падняцца, прааналізаваць памылку і паспрабаваць зноў, у іх знікае страх перад няўдачамі, з’яўляюцца ўпартасць і мэтанакі­раванасць.

Падыходы педагога прыносяць адпаведныя вынікі. Яе выхаванцы — пастаянныя пераможцы і прызёры розных рэспубліканскіх спаборніцтваў, чацвёра ўваходзяць у склад зборнай Беларусі. Асаблівая гордасць Алены Аляксандраўны — дачка Яўгенія. Дзяўчына з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту, сёлета паступае ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, хоча стаць трэнерам па спартыўным скалалажанні і працягнуць сямейную справу.

…Штодзень навучаючы дзяцей пакараць скаладром, Алена Андрэева перадае вучням сваё галоўнае жыццёвае правіла.

— Гэтая ўстаноўка не раз выручала мяне на скалах. Яна працуе на вышыні і наогул усюды, — падкрэслівае педагог. — Нават калі здаецца, што зачапіцца абсалютна няма за што, а сілы на зыходзе, выхад наверх ёсць заўсёды. Трэба проста пераадолець сумненні і зрабіць яшчэ некалькі крокаў.

Парады Алены Андрэевай тым, хто хоча паспрабаваць сябе ў скалалажанні

  • Ні ў якім разе не накіроўвайцеся адразу на прыродныя скалы. Ідзіце на закрыты скаладром. Для стартавых крокаў ідэальна падыдзе боўлдэрынг — лажанне на невысокія сцены над мяккімі матамі.
  • Не спрабуйце штурмаваць скаладром самастойна. Займайцеся з прафесійным інструктарам. Уласную экіпіроўку набывайце тады, калі зразумееце, што спорт зацягнуў вас надоўга.
  • На першых этапах трэніруйцеся не больш за 2—3 разы на ты­дзень. Дайце арганізму прывыкнуць да нагрузак. Не забывайце пра размінку і замінку. Скалалажанне задзейнічае звязкі і мышцы, якія мы амаль не выкарыстоўваем у звычайным жыцці. Абавязкова размінайцеся перад трэніроўкамі і рабіце замінкі ў працэсе.
  • Вучыцеся давяраць нагам. Тыповая памылка ўсіх навічкоў — спрабаваць падцягнуцца і ўтрымацца на сцяне выключна за кошт сілы рук. У выніку рукі стамляюцца ўжо праз 10 мінут. Памятайце: ногі — галоўная кропка апоры і балансу.
  • Калі напрацуеце базавыя навыкі і вырашыце выехаць на горны рэльеф, звяртайце асаблівую ўвагу на катэгорыі складанасці маршрутаў. Кожны ўзровень патрабуе рознай тэхнікі і тактыкі пад’ёму. Улічвайце свае магчымасці. Пачаць лепш з вертыкальных скал або скал з дадатным нахілам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва Алены Андрэевай