Сінькевіч, Г. Заўсёды ў страі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 13 лютага. — С. 12.
«Штодзень глядзеў у вочы смерці, страчваў у баях сяброў» — настаўнік Віктар Цімафееў пра службу ў Афганістане
Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Віктар Цімафееў на працягу трох гадоў выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. За гераізм, праяўлены ў баях, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— З дзяцінства марыў стаць дэсантнікам. Служыў у Венгрыі, потым у Беларускай ваеннай акрузе. Тут, у родных мясцінах, і атрымаў вестку аб камандзіроўцы ў Афганістан. Без роздумаў тады сабраў рэчы, прайшоў камісію і адправіўся выконваць загад, — падзяліўся Віктар Аляксандравіч.
Дыслакацыяй спецыяльнага атрада, у які трапіў Віктар Цімафееў, стаў Асадабад. Горад акружаюць горныя масівы, цясніны, пустынныя пейзажы.
— Усё вакол было чужым і нязвыклым. Спачатку прыйшлося сутыкнуцца з шэрагам цяжкасцей, але атрад іх паспяхова пераадолеў. Шмат у чым гэтаму паспрыяў наш камандзір Рыгор Васільевіч Быкаў. Ён змог згуртаваць хлопцаў розных нацыянальнасцей, карыстаўся аўтарытэтам сярод салдат, — паведаміў педагог.
Разам з таварышамі Віктар Цімафееў рэалізоўваў няпростыя баявыя задачы. Ён знішчаў бандыцкія фарміраванні і караванныя маршруты, якія перавозілі зброю і наркотыкі.
— Штодзень глядзеў у вочы смерці, страчваў у баях сяброў. Нярэдка даводзілася бачыць на вайне і смеласць, самаахвярнасць. Звычайныя юнакі праяўлялі доблесць, нават гераізм, — адзначыў Віктар Аляксандравіч.

Гераічныя ўчынкі здзяйсняў і ён сам. Усяго зрабіў 65 баявых выхадаў. Адзін з іх памятае да драбніц.
— Мы рабілі налёт на банду баевікоў. Бой быў жорсткім, прыйшлося адыходзіць. Разам з групай засталіся на прыкрыцці. Таварышы паляцелі, стральба сціхла. Але калі па нас вярнуліся верталёты, зноў пачаўся абстрэл. Пад варожымі кулямі трэба было спусціцца з гор і дабегчы да тэхнікі. Аднаго з салдат паранілі. Дзякуючы зладжаным дзеянням, мы не пакінулі таварыша, суправадзілі ў шпіталь, і яго ўдалося выратаваць, — растлумачыў суразмоўнік.
За той бой Віктар Аляксандравіч быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі. За службу ў Афганістане таксама ўзнагароджаны медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, нагрудным знакам “Воіну-інтэрнацыяналісту”.
— З моманту дэмабілізацыі прайшло шмат гадоў, але ўспамінаць вайну дагэтуль складана. Афганістан пакінуў незагойную рану ў сэрцы, — заўважыў Віктар Цімафееў.
З вайсковай службай звязаны істотны адрэзак жыцця Віктара Аляксандравіча. Як дэсантнік ён зрабіў звыш 380 скачкоў з парашутам. Пасля выхаду ў запас вырашыў пайсці ў педагогіку. Цяпер ён дыпламаваны настаўнік з агульным працоўным стажам амаль тры дзесяцігоддзі. Практычна ўвесь гэты час выкладае дапрызыўную падрыхтоўку ў абласным ліцэі.
На ўроках Віктара Цімафеева ліцэісты вучацца страявой і медыцынскай падрыхтоўцы, самаабароне, абыходжанню са зброяй, вывучаюць ваенную тапаграфію. Каб зрабіць заняткі больш цікавымі, педагог расказвае выпадкі з уласнага армейскага вопыту.
— У Афганістане неаднойчы даводзілася назіраць праяўленне мужнасці. Гэтыя аповеды — добры арыенцір для выхавання навучэнцаў. Пастаянна гаворым і пра подзвігі продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Моладзь павінна ведаць гераічнае мінулае свайго народа, захоўваць гістарычную памяць, бо ў гэтым — аснова фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, — перакананы Віктар Аляксандравіч.
Акрамя ўрокаў, Віктар Цімафееў праводзіць для навучэнцаў рэгулярныя факультатыўныя заняткі. Тры разы на тыдзень іх наведваюць звыш 20 вучняў, сярод іх ёсць і дзяўчаты.
— Імкнуся ў поўным аб’ёме даць падлеткам навыкі і ўменні, неабходныя для вайсковай службы. Павышаную ўвагу ўдзяляю правядзенню палявых збораў, перыядычна арганізоўваю экскурсіі, паходы, тэматычныя мерапрыемствы, — расказаў педагог.
Асаблівая гордасць Віктара Аляксандравіча — літаратурна-музычны праект “Ніхто не створаны для вайны”. Мерапрыемства, аўтарам і ідэйным натхняльнікам якога ён з’яўляецца, штогод праходзіць у Палацы культуры вобласці. Ліцэісты і навучэнцы іншых устаноў адукацыі горада чытаюць пранікнёныя вершы, спяваюць патрыятычныя песні, дэманструюць навыкі па разборцы зброі і рукапашным баі, паказваюць тэатралізаваныя пастаноўкі. У якасці гледачоў у зале заўсёды прысутнічаюць ветэраны вайны ў Афганістане.
— Падобныя мерапрыемствы вельмі важныя. Яны даюць вучням магчымасць зразумець гераізм нашых воінаў, дапамагаюць юнакам маральна, псіхалагічна і фізічна падрыхтавацца да вайсковай службы, а калі спатрэбіцца — быць гатовымі і да абароны Радзімы, — падкрэсліў Віктар Цімафееў.
Сёння Віктару Аляксандравічу — 68. Нягледзячы на ўзрост, ён не плануе выходзіць са строю. Пакуль хопіць сіл, будзе працаваць, бо ў педагагічнай справе знаходзіць вялікае натхненне:
— Нямала былых навучэнцаў сталі ваеннымі, знаходзяцца на варце бяспекі і аховы правапарадку краіны. Пасталеўшыя выпускнікі часта прыходзяць, выказваюць падзяку. Для мяне гэта неверагодна каштоўна. Падчас такіх сустрэч разумею: мае ўрокі не праходзяць дарэмна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара