Сінькевіч, Г. Шэдэўры студэнцкай кемлівасці / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 3 лютага. — С. 10.
У калекцыі незвычайных студэнцкіх шпаргалак у загадчыка кафедры вышэйшай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Аляксандра Гальмака больш за 100 экзэмпляраў. Кожны — унікальны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Формулы і азначэнні студэнты запісвалі на перніках, гальштуках і нават на лінзе акуляраў…

— Выкладаю ўжо 45 гадоў. Пачынаў асістэнтам, паступова вырас да доктара навук, прафесара, узначаліў кафедру. Шпаргалкамі на экзаменах студэнты карысталіся нярэдка. Заўсёды знаходзіліся тыя, хто разлічваў не на веды, а на загадзя падрыхтаваную падказку. Гэтыя маладыя людзі праяўлялі фантазію. Калі паказваў шпаргалкі калегам, разам дзівіліся творчай вынаходлівасці. Неўзабаве стаў складаць свае знаходкі ў скрыню стала. Калі яна запоўнілася, выдзеліў спецыяльную каробку: хацелася захаваць шэдэўры студэнцкай кемлівасці, — падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч.
Знешне экспанаты выглядаюць звычайнымі прадметамі, але ўсе яны з сакрэтам.

— Куды толькі не хаваюць падказкі студэнты! Распаўсюджаны варыянт — адзенне і аксесуары. Формулы наносілі на футболкі, пісалі на сцілцы ад чаравіка, упрыгожвалі імі гальштукі, у перыяд пандэміі актыўна выкарыстоўвалі медыцынскія маскі. Адзін юнак умудрыўся зрабіць шпаргалку на лінзах акуляраў. А сярод дзяўчат самая крэатыўная ідэя — шпаргалка, прымацаваная на адвароце пярсцёнка, — паведаміў прафесар.

Папулярнасцю ў студэнцкім асяроддзі карыстаюцца і канцылярскія прылады. Формулы пішуць на пеналах і ручках, на калькулятарах, засоўваюць у гумкі. Нямала шпаргалак, схаваных ва ўпакоўках ад прадуктаў харчавання. Падказкі па-майстэрску маскіруюць унутры папяровых шклянак і пластыкавых бутэлек. Ёсць у калекцыі і экзэмпляр з упакоўкай ад шакаладкі “Алёнка”. Сярод самых арыгінальных — шпаргалкі з ежы. У іх ліку сапраўдны батон, дзе мякіш замянілі на лісткі з інтэграламі, пернікі, распісаныя харчовым чарнілам.

— Ёсць у мяне і цэлая аптэчка са шпаргалак. Студэнты хавалі падказкі ва ўпакоўкі ад лекаў, змаглі нават унутры інгалятара размясціць, — заўважыў Аляксандр Міхайлавіч. — Наогул, нягледзячы на шкоду, у шпаргалцы ёсць і пэўная карысць. Каб яе зрабіць, трэба прачытаць матэрыял, вылучыць сутнасць, сістэматызаваць інфармацыю. Студэнты думаюць, вывучаюць — гэта першыя крокі да ведаў і разумення.
Каб стымуляваць моладзь, Аляксандр Гальмак нават аб’яўляў конкурс на лепшую шпаргалку. Пераможцы маглі атрымаць бонус ад выкладчыка: калі адзнака вагалася, рашэнне прымалася на карысць студэнта.

— Выдумкай і фантазіяй маладыя людзі парадавалі. Запамінальнай стала шпаргалка-падушка. У студэнтаў нават з’явілася своеасаблівае павер’е: калі паспаць на гэтай падушцы перад экзаменам, абавязкова здасі паспяхова, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.
Пра адно павер’е прафесар з усмешкай расказвае, дэманструючы памятную фатаграфію з юнакамі ў бабачках:
— На экзаменацыйныя іспыты да мяне маладыя людзі імкнуцца прыходзіць апранутымі “з іголачкі”. Усяму прычына — выпадак. Гадоў 20 назад здаваў матэматыку хлопец, якому трэба было ставіць двойку. Але выглядаў ён неверагодна элегантна: класічны чорны пінжак, белая кашуля. Мне адразу ўспомніўся герой вядомага кінафільма, таму сказаў: “Была б яшчэ бабачка — паставіў бы тройку”. Хто ж ведаў, што яна ляжыць у яго ў кішэні.
Ад сваіх слоў Аляксандр Міхайлавіч не адмовіўся. З той пары студэнты вераць, што апранутая на экзамен бабачка дапаможа павысіць адзнаку. Аднойчы з гэтым аксесуарам прыйшла цэлая група хлопцаў. З іспытам справіліся, на памяць зрабілі агульнае фота.

— Ніколі не ведаеш, што будзе стымулам для студэнтаў. Часам ім псіхалагічна камфортна са шпаргалкай, часам матывацыяй можа стаць выпадковая фраза. Неяк у зімовую сесію, калі моладзь паводзіла сябе вольна, сказаў: “Вось здасце матэматыку на выдатна, можаце хоць на галаве стаяць”. Пасля канікул заходжу ў аўдыторыю, а адзін з хлопцаў менавіта так і стаіць. Аказалася: атрымаў за экзамен пяцёрку, хоць да гэтага быў троечнікам. Але ж карцела мець дазвол пастаяць на галаве, — расказаў прафесар.
Сёння калекцыя шпаргалак прадстаўлена ў музеі ўніверсітэта. Выстава поўнасцю інтэрактыўная, выклікае вялікую цікавасць і не пакідае абыякавымі наведвальнікаў.
— Тэма шпаргалак істотна шырэйшая, чым здаецца. Любую інструкцыю можна разглядаць як шпаргалку. Напрыклад, я ніколі не чытаю лекцыю па шаблоне ці тэкставай падказцы. Так раю рабіць і калегам, — падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч. — У гэтым студэнты бачаць не проста эрудыцыю і высокі прафесіяналізм выкладчыка. Асабістым прыкладам мы ўсяляем у маладых людзей упэўненасць, што і яны змогуць на экзаменах абысціся без шпаргалак. Варта толькі ставіцца да вучобы старанна і добрасумленна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара