Сінькевіч, Г. Урокі для будучыні / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 9 студзеня. — С. 16.
Павел Сініла даследуе гісторыю Магілёўскага абласнога ліцэя № 1, уносіць лепту ў стварэнне музея навучальнай установы
З самага дзяцінства Паўла Сінілу прываблівала гісторыя. Ён скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, атрымаў ступень магістра гістарычных навук. Планаваў займацца археалагічнымі даследаваннямі, а знайшоў сябе ў педагогіцы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Калі б у юнацтве мне сказалі, што буду настаўнікам, не паверыў бы. Я марыў стаць археолагам і мэтанакіравана да гэтага ішоў. Студэнтам гістфака ўдзельнічаў у адкрыцці двух археалагічных помнікаў эпохі неаліту ў Быхаўскім раёне, выступаў на канферэнцыях, публікаваўся ў навуковых часопісах. Пасля заканчэння ўніверсітэта паступіў у магістратуру і бачыў сябе толькі ў навуцы, — падзяліўся суразмоўнік.
Істотныя карэктывы ў жыццё Паўла Сінілы ўнёс выпадак. У перыяд вучобы ў магістратуры ён трапіў на работу ў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1. Паспрабаваў весці ўрокі гісторыі і ў літаральным сэнсе ўлюбіўся ў настаўніцкую справу.
— Адразу прыйшло ўсведамленне, што я на сваім месцы. У прафесійным станаўленні шмат у чым дапамагло кіраўніцтва ўстановы і калегі, — расказаў Павел Мікалаевіч. — Іх падтрымка канчаткова пераканала, што маё прызванне — педагогіка.
Настаўнічае Павел Сініла ўжо звыш дзесяці гадоў. За гэты час выпрацаваў уласныя падыходы да навучання. Па яго меркаванні, агульнай формулы эфектыўнага ўрока не існуе.
— Заняткі не павінны быць аднолькавымі. Кожны ўрок імкнуся зрабіць унікальным, улічваю запыты канкрэтнага класа і навучэнцаў. Але, вядома, ёсць і ўніверсальныя прыёмы. Каб зацікавіць дзяцей, нагадваю пра тое, што гісторыя — гэта не проста чарада падзей і дат, а лёсы людзей — нашых продкаў. Усё, пра што напісана ў падручніках, адбывалася на самай справе. Прычым у той жа прасторы, дзе зараз знаходзімся мы, — адзначыў Павел Мікалаевіч. — Вельмі падабаюцца вучням паралелі з ліцэем. Будынку больш як стагоддзе, у свой час тут знаходзіліся розныя ўстановы адукацыі. Так, пры вывучэнні тэмы культуры Беларусі ў 1920—30-х гадах расказваю, што ў ліцэйскіх сценах размяшчаўся філіял літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, па калідорах хадзілі вядомыя паэты. Менавіта ў нас першую ваенную адукацыю атрымліваў маршал бранятанкавых войскаў СССР Міхаіл Катукоў, які вызначыўся пры абароне Масквы ў 1941-м. Калі агучваю гэтыя факты, ліцэісты дзівяцца, пачынаюць інакш успрымаць інфармацыю. Працэс навучання ажыўляецца і ператвараецца ў захапляльнае дзейства.
Урокі Павел Сініла нязменна праводзіць інтэрактыўна, выкарыстоўваючы пры падачы вучэбных матэрыялаў дыялог і дыскусіі з вучнямі. У структуры заняткаў настаўнік умела спалучае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі з традыцыйнымі методыкамі.
— Мне важна, каб дзеці самі шукалі адказы на пытанні, аналізавалі, разважалі, рабілі высновы, вучыліся аргументаваць і адстойваць пункт гледжання. Для гэтага шырока прымяняю кейс-метад, прыёмы развіцця крытычнага мыслення і праблемнага навучання, — растлумачыў педагог.
Павел Мікалаевіч рэгулярна звяртаецца да прыёмаў гейміфікацыі. Для навучэнцаў ён распрацоўвае квесты па горадзе. У выхадныя дзеці з энтузіязмам адпраўляюцца на пошукі мясцін, у якіх адбываліся гістарычныя падзеі.
— Квесты спрыяюць назапашванню звестак і візуальных уражанняў. За сухой тэорыяй вучні пачынаюць бачыць гістарычныя заканамернасці і разумець прычынна-выніковыя сувязі. Нагляднасць увогуле важная пры вывучэнні гісторыі. Ілюстрацыя ці рэч можа расказаць у разы больш, чым старонка падручніка. Па гэтай прычыне на ўроках нярэдка паказваю дзецям прадметы са сваёй археалагічнай калекцыі. Актыўна выкарыстоўваю і магчымасці нейрасетак. Ствараю інтэрактыўныя карты, творчыя заданні, ажыўляю архіўныя фатаграфіі, генерырую малюнкі. Навучэнцам ідэі падабаюцца, — заўважыў Павел Сініла.
У педагагічным арсенале настаўніка прысутнічае таксама метад праектаў. Ліцэісты праводзяць самастойныя даследаванні, расказваюць пра адметныя гістарычныя падзеі. З асаблівай пільнасцю навучэнцы даследуюць гады Вялікай Айчыннай вайны на прыкладзе сваіх сем’яў.
— Юнакі і дзяўчаты натхнёна расказваюць аб подзвігах прадзедаў. Вывучаючы біяграфіі сваякоў, вучні па-іншаму пачынаюць глядзець на падзеі ваеннага ліхалецця. Яны ўсведамляюць каштоўнасць міру на роднай зямлі, неабходнасць захавання гістарычнай памяці. На мой погляд, у выхаваўчым плане гісторыя — найважнейшая дысцыпліна ў школьнай праграме. Гэта ўрокі аб мінулым для будучыні. Гісторыя паказвае дзецям увесь шлях беларускага народа да самаідэнтычнасці і незалежнасці. Правільным было рашэнне аб вывучэнні гісторыі краіны ў кантэксце сусветных падзей. Вельмі добра складзены змест вучэбных дапаможнікаў. Цяпер навучэнцы дакладна разумеюць уклад нашай нацыі ў сусветную цывілізацыю — гэта фарміруе светапогляд і духоўна-маральныя каштоўнасці. Вялікім патэнцыялам гісторыя валодае і ў выхаванні патрыятызму. Для моладзі вопыт папярэдніх пакаленняў — лепшы арыенцір у праяўленні любові да Радзімы, — перакананы настаўнік.
Павел Сініла яшчэ і класны кіраўнік для 25 вучняў 10-га “Д”. У выхаванні педагог стараецца быць для дзяцей прыкладам, вучыць іх працавітасці і згуртаванасці.
У ліку педагагічных прыярытэтаў Паўла Мікалаевіча — раскрыццё талентаў адораных навучэнцаў. Ён далучае дзяцей да алімпіяднага руху, з’яўляецца кіраўніком абласнога рэсурснага цэнтра і трэнерам каманды вобласці па падрыхтоўцы да выступлення на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. За дзесяцігоддзе плённай працы настаўнік неаднаразова прыводзіў вучняў да алімпіяднага поспеху.
— Навучэнцы — гэта мая гордасць. Неверагодна радуюся, калі ўдаецца захапіць іх гісторыяй, матываваць на вучэбныя перамогі. Выпусціў звыш 100 хлопцаў і дзяўчат, практычна з усімі падтрымліваю сувязі. Некаторыя з маіх выпускнікоў яшчэ студэнты, іншыя — ужо маладыя прафесіяналы. Каля 10 чалавек вырашылі звязаць свой лёс з гісторыяй. Так, мой першы алімпіяднік Уладзіслаў Апекуноў рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі па айчыннай гісторыі, — падзяліўся суразмоўнік.
Павел Сініла не пакінуў навуку. Зараз ён даследуе гісторыю 1-га абласнога ліцэя, уносіць сваю лепту ў стварэнне музея навучальнай установы.
— У ліцэі знаходжуся з раніцы і да вечара шэсць дзён у тыдзень. Праводжу ўрокі, займаюся з алімпіяднікамі, афармляю музейныя экспазіцыі, — падкрэсліў Павел Мікалаевіч. — Работа і хобі для мяне даўно адзінае цэлае.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара