Распрацоўкі – наватарскія

Сінькевіч, Г. Распрацоўкі – наватарскія / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2026. — 10 сакавіка. — С. 14.

Звыш 500 унікальных экспанатаў: установы прафесійнай адукацыі Магілёўшчыны прэзентавалі творчыя напрацоўкі

Сотні мастацкіх твораў і дзясяткі рацыяналізатарскіх ідэй: у Магілёве адбыўся абласны этап рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і педагогаў устаноў прафесійнай адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На выставе было прадстаўлена звыш 500 унікальных экспанатаў. Работы адрозніваліся крэатыўнасцю, высокай якасцю выканання, знешняй эстэтыкай.

Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж прэзентаваў вырабы ва ўсе конкурсныя намінацыі. Сярод распрацовак — нямала наватарскіх. Вучні і педагогі стварылі прыбор для вызначэння ўзроўню вільготнасці паветра ў памяшканні, разумную брошку, прыладу для ўсталявання кантролю за ростам раслін, электрамантажны стэнд для арганізацыі практычнага навучання, інтэрактыўны рукзак для электрасамакатчыкаў. Асабліва адметныя работы аўтары прысвяцілі Году беларускай жанчыны.

— Стварылі арт-аб’ект “Паўлінка.by”. Узялі радыёлу, дзе можна слухаць музыку на вінілавых пласцінках, і дадалі да яе функцыю прайгравання музыкі праз Bluetooth. Аформілі тэматычны драўляны корпус, склалі плэй-ліст. Атрымалася звязаць элементы народнай культуры і сучасныя тэхналогіі, падкрэсліць ролю жанчыны ў грамадстве. Яшчэ адна яркая распрацоўка — электронны адукацыйны рэсурс “Жаночае аблічча вайны”. Шляхам карпатлівай пошукавай дзейнасці сістэматызавалі біяграфічную інфармацыю аб партызанках і падпольшчыцах Магілёўшчыны, якія ўнеслі важкі ўклад у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, — расказала намеснік дырэктара па вытворчым навучанні МДТК Таццяна Кабанькова.

Да Года беларускай жанчыны прымеркавана і галоўная кампазіцыя сярод экспанатаў, створаных калектывам Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа. Дарэчы, гэтая ўстанова прадставіла найбольшую колькасць творчых работ.

— Да агляду мы выканалі 220 вырабаў, шэраг з іх аб’ядналі ў кампазіцыі пад адзінай стылістыкай. Акцэнт зрабілі на кампазіцыі “Вытокі”. Вучні стварылі серыю карцін, дзе адлюстравана жанчына, маці, бабуля — сувязь пакаленняў. Карціны дапаўняе плеценая мэбля, работы ў тэхніцы народных промыслаў, — паведаміла кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Студыя дызайну” МДЭПТК Данута Чэх-Астрашэўская.

Неардынарныя рацыяналізатарскія прапановы прэзентаваў на выставе Магілёўскі дзяржаўны электратэхнічны каледж. Сумесна выкладчыкі і навучэнцы зрабілі прылады для ачысткі вады і ажыццяўлення відэаназірання ў цяжкадаступных месцах, а яшчэ прыдумалі сапраўдны нанарухавік, мадэль якога атрымлівае вынаходніцкі патэнт.

— У нас вучыцца шмат таленавітых дзяцей. Нашы навучэнцы пастаянна выхо­дзяць у лік пераможцаў творчых конкурсаў, — расказаў старшы майстар вытворчага навучання МДЭК Алег Мяцельскі.

Як заўважыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Людміла Здорыкава, такія агляды — выдатны шанс для навучэнцаў праявіць прафесійныя навыкі ў справе.

photo_2026-03-10_12-56-51
photo_2026-03-10_12-56-37
20260303_111510
photo_2026-03-10_12-56-43
20260303_105519
photo_2026-03-10_14-03-49
photo_2026-03-10_14-03-42
photo_2026-03-10_12-56-51
photo_2026-03-10_12-56-37
20260303_111510
photo_2026-03-10_12-56-43
20260303_105519
photo_2026-03-10_14-03-49
photo_2026-03-10_14-03-42
— Маладыя людзі бачаць ацэнку сваіх ідэй, усведамляюць, што іх распрацоўкі запатрабаваныя, пачынаюць разумець, якую карысць могуць прынесці грамадству і дзяржаве, — адзначыла Людміла Яўгенаўна. — Гэта добры стымул для іх самарэалізацыі і развіцця.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара