Прамысловасць, прыклад для раёнаў і АПК

Зігуля, Н. Прамысловасць, прыклад для раёнаў і АПК / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2026. — 18 чэрвеня. — С. 4—5.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раніцай 17 чэрвеня, пасля губернатара Мінскай вобласці, заслухаў даклад старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанкі, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнту даложана аб дынаміцыў сферы прамысловасці, сітуацыі на буйных валаўтваральных прадпрыемствах. У цэнтры ўвагі таксама была тэматыка рэгіянальнага развіцця, паказчыкі работы ў сельскай гаспадарцы, асобныя кадравыя пытанні.

Прэзідэнт удзяліў асаблівую ўвагу і падрабязна цікавіўся перспектывамі развіцця ААТ «Магілёўхімвалакно» і праектамі, што прапануюцца ў гэтай частцы. Кіраўніцтву вобласці сумесна з урадам даручана дэталёва прапрацаваць гэтыя пытанні. Адпаведная тэма будзе разгледжана ў час найбліжэйшай рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Магілёў. Аляксандр Лукашэнка таксама ўдзяліў пільную ўвагу бягучай абстаноўцы і перспектыўным пытанням у функцыянаванні ААТ «Белшына». Як далажыў Анатоль Ісачанка, прадпрыемства ў цэлым працуе стабільна, але ёсць пэўныя праблемы са збытам. У гэтых адносінах вядзецца планамерная работа над павышэннем якасці і зніжэннем сабекошту прадукцыі. Старшыня аблвыканкама падрабязна далажыў аб стане спраў у Шклоўскім раёне, як прыкладзе і для іншых раёнаў Беларусі. У раёне рэалізуецца праект па аднаўленні аграсэрвісу, раённай базы па захоўванні мінеральных угнаенняў. Гэтыя два аб’екты практычна гатовы. Увосень на базе аграсэрвісу ў Шклове плануецца правесці рэспубліканскую нараду з удзелам Прэзідэнта. Анатоль Ісачанка запэўніў, што Шклоўскі раён мае ўсё, што неабходна, каб стаць базавым прыкладам для іншых рэгіёнаў.

У ходзе даклада разглядалася і сітуацыя ў АПК Магілёўскай вобласці. Асаблівая ўвага ўдзелена нарыхтоўцы кармоў, разлікам на ўраджай, рабоце механізаваных атрадаў.

Прэзідэнт праінфармаваны аб бягучым становішчы ў сельскай гаспадарцы. Нарыхтоўка кармоў — першы ўкос траў — ідзе поўным ходам, пасля чаго раёны вобласці аператыўна пачнуць і другі ўкос. Асобная тэма — работа механізаваных атрадаў, створаных па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Анатоль Ісачанка далажыў, што такі падыход сябе нядрэнна зарэкамендаваў.

У цэлым па вобласці таксама вядзецца работа па аднаўленні арганізацый сельгасхіміі, а на іх базе ствараюцца атрады па ўнясенні ўгнаенняў і сродкаў хімаховы. Гэтыя меры таксама даюць станоўчы вынік.

Ішла размова і аб перспектывах Дрыбінскага раёна. У найбліжэйшы час Прэзідэнт наведае яго, разгледзіць прапановы і прыме рашэнне па пытанні ўзбуйнення раёна.

«Галоўнае, мы разумеем, што рабіць, і ведаем, куды рухацца»

Анатоль ІСАЧАНКА падрабязна расказаў, аб чым дакладваў Прэзідэнту

Развіццё рэгіёнаў, тэмпы сельскагаспадарчых работ, работа вядомых прамысловых прадпрыемстваў — гэта тыя пытанні, якія цікавілі Прэзідэнта ў першую чаргу, паведаміў губернатар.

ШКЛОЎСКІ РАЁН МАЕ ЎСЁ НЕАБХОДНАЕ, КАБ СТАЦЬ БАЗАВЫМ, А ДРЫБІНСКІ ЧАКАЕ ЎЗБУЙНЕННЯ

Існуе даручэнне кіраўніка дзяржавы зрабіць Шклоўскі раён разам з Аршанскім базавымі, і яго цікавіла, у якім стане тыя праекты, што рэалізуюцца на Шклоўшчыне. У прыватнасці, размова ішла пра мадэрнізацыю сельгастэхнікі і раённай базы захоўвання мінеральных угнаенняў. Сёння ў Магілёўскай вобласці восем міжраённых баз захоўвання мінеральных угнаенняў.

— Ёсць планы аднавіць усе для таго, каб можна было захоўваць угнаенні ў тым выглядзе, у якім яны ёсць, якасна і без страт, — расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка ў размове з журналістамі. — Прывядзенне адной такой базы ў парадак каштуе каля 5 мільёнаў рублёў, але, калі палічыць кошт угнаенняў, гэта не такія вялікія лічбы. Адна сельгасхімія будзе абслугоўваць некалькі раёнаў. Ствараем пры кожнай такой базе невялікія атрады паўнясенні ўгнаенняў і сродкаў хімабароны. Ужо набылі і адпаведную тэхніку. У нас нядрэнныя збожжавыя культуры, яравыя, азімыя, і трэба працаваць з хіміяй, з падкормкамі. Вось такія ўзбуйненыя звенні будуць дапамагаць гаспадаркам больш эфектыўна працаваць.

Анатоль Ісачанка паведаміў, што на прыкладзе Шклоўскага раёна можна прасачыць, як усё павінна развівацца.— Сёння гэты раён мае ўсё, што неабходна для таго, каб стаць базавым, — падкрэсліў губернатар. — Там ёсць сельгастэхніка, сельгасхімія, ільнозавод, ПМК, дарожныя арганізацыі, малаказавод, камбікормавы завод. Створана ўся інфраструктура і матэрыяльная база для далейшага развіцця гэтага раёна. Я думаю, вось такімі павінны быць і ўсе астатнія раёны. Паводле даручэння кіраўніка дзяржавы, малаказавод павінен быць здадзены да канца года. Сёння ўсе работы ідуць па графіку.

У цэнтры ўвагі застаецца і Дрыбінскі раён, па ўзбуйненні якога існуе даручэнне кі раўніка дзяржавы.

— Мы адпрацавалі гэту тэму, унеслі свае прапановы, — праінфармаваў губернатар. — Па іх Дрыбінскі раён павінен стаць крыху больш сярэднестатыстычнага ў Магілёўскай вобласці. Прэзідэнт разгледзіць нашы прапановы і пасля гэтага будзе прынята канчатковае рашэнне па падыходах аб узбуйненні Дрыбінскага раёна. Насамрэч пытанне аб’ёмнае, патрабуе пільнай увагі, таму Прэзідэнт заўсёды вельмі ўважліва ставіцца да гэтага.

МЕХАТРАДЫ ЦАЛКАМ УКАМПЛЕКТАВАНЫЯ

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяляе работам у АПК. Анатоль Ісачанка ўдакладніў, што касавіца на Магілёўшчыне ідзе поўным ходам, практычна 78 % прыбрана, выканана ўжо каля 50 % задання па сенажы. Ёсць спадзяванні, што да канца тыдня першы ўкос траў завершыцца і літаральна адразу ж пачнецца другі. Тэмп крыху стрымліваюць дажджы, але ўсё робіцца для таго, каб хутчэй усё прыбраць і нарыхтаваць якасныя кармы.

Асобная тэма — работа механізаваных атрадаў, якія створаны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. На Магілёўшчыне на корманарыхтоўцы іх працуе 15. Гэта цалкам укамплектаваныя атрады, дзе ёсць уся неабходная тэхніка. Па словах губернатара, прыкладна 15 — 20 % ад усяго аб’ёму кармоў, якія нарыхтоўваюцца, на ліку мехатрадаў. Стаіць задача, каб нарыхтоўка траў працягвалася і пасля таго, як пачнецца ўборка збожжа. Мехатрады будуць дапамагаць справіцца з задачай. Акрамя гэтага, як заўважыў кіраўнік вобласці, будуць створаны міжгаспадарчыя атрады, якія павінны працаваць на нарыхтоўцы кармоў.

«ПРЭЗІДЭНТ ЗАЎСЁДЫ АКУРАТНА ПАДЫХОДЗІЦЬ ДА ЛЮБОГА ПРАДПРЫЕМСТВА»

Аляксандр Лукашэнка таксама паціка-віўся ў старшыні Магілёўскага аблвыкан-кама становішчам спраў на «Магілёўхім-валакно».

— На сённяшні дзень тут рэалізуецца праект па вытворчасці перакісу вадароду і хларату натрыю, — удакладніў Анатоль Ісачанка. — Гэта важны праект як для вобласці, так і для дзяржавы. Мы будзем пастаўляць гэты прадукт на цэлюлозны камбінат у Светлагорск. Гэты праект важны, але ён не вырашае поўнасцю праблему далейшага развіцця «Магілёўхімвалакно». Намі адпрацавана некалькі варыянтаў далейшага развіцця. Для таго каб прадпрыемства паспяхова працавала, ёсць усё — вялікая пляцоўка каля 115 гектараў, побач Днепр, інфраструктура, якую трэба мадэрнізаваць, энергетычныя магутнасці, і, самае галоўнае, кваліфікаваныя кадры. Кіраўнік дзяржавы вельмі ўважліва ставіцца да гэтага прадпрыемства, пытанне знаходзіцца ў яго на кантролі. Яно разглядалася на адной з нарад на яго ўзроўні. Прэзідэнт заўсёды акуратна падыходзіць да любога прадпрыемства, асабліва да такіх знакавых, як гэта. Пакуль ідзе карпатлівая работа над прапрацоўкай усіх момантаў для перафарматавання вытворчасці з захаваннем калектыву.

Губернатарам была таксама агучана сітуацыя па яшчэ адным буйным прадпрыемстве Магілёўскай вобласці — «Белшыне».

— На сённяшні дзень прадпрыемства працуе стабільна, але ёсць праблемы збыту, бо існуе канкурэнцыя з вытворцамі іншых краін, — паведаміў Анатоль Ісачанка. — Каб утрымацца на рынку, трэба павялічваць якасць нашай прадукцыі і зніжаць сабекошт. Але мы знаходзімся пад санкцыйным ціскам, і частка сыравіны, якая паступае, ідзе праз трэція краіны, што, вядома, павялічвае сабекошт прадукцыі. Таму сёння ідзе вельмі актыўная работа ў гэтым кірунку. Мы выключаем асобныя, найбольш затратныя, элементы вытворчасці і шукаем варыянты для іх замяшчэння. Патрэбны час, каб перабудавацца і развівацца далей. Галоўнае, мы разумеем, што рабіць, і ведаем, куды рухацца.

Нэлі ЗІГУЛЯ